Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака на Грозны. Загінулі 10 паліцэйскіх і 9 сэпаратыстаў


Дом друку пасьля штурму
Дом друку пасьля штурму

10 паліцэйскіх загінулі, 28 атрымалі раненьні ў перастрэлках з групай ваеўнікоў, якая пранікла мінулай ноччу ў Грозны.

Актыўная фаза спэцапэрацыі ў Грозным завершаная, паведаміў Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт.

Паводле НАК, у будынках Дома друку і школы № 20, адкуль ваеўнікі аказвалі ўзброены супраціў, знойдзеная агнястрэльная зброя, гранаты, боепрыпасы, 24 гатовыя да ўжываньня самаробныя выбуховыя прылады.

«На гэты момант знойдзеныя целы васьмі нэўтралізаваных баевікоў. Абсьледаваньне тэрыторыі, дзе адбывалася баявое сутыкненьне, працягваецца», — гаворыцца ў паведамленьні камітэта.

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў пра заканчэньне спэцапэрацыі супраць ваеўнікоў, якія ўчынілі перастрэлкі ў цэнтры Грознага. Паводле афіцыйных дадзеных, 10 паліцэйскіх загінулі, 28 атрымалі раненьні. Дзевяць чалавек, якія аказалі супраціў супрацоўнікам сілавых структураў, забітыя.

Згарэлыя шапікі на вулічным базары каля грозьненскага Дому друку
Згарэлыя шапікі на вулічным базары каля грозьненскага Дому друку

Інфармацыя, якая паступае з Чачні, мае абрывачны характар, і аднавіць поўную карціну таго, што адбылося, дагэтуль немагчыма. Вядома, што ў ноч на чацьвер першае ўзброенае сутыкненьне ў Грозным адбылося на посьце ДПС падчас праверкі дакумэнтаў. Тут загінулі трое паліцэйскіх. Потым група добра ўзброеных людзей вырашыла схавацца ў Доме друку, дзе разьмяшчаюцца рэспубліканскія газэты, інтэрнэт-выданьні і прадстаўніцтвы фэдэральных СМІ. Некалькі гадзінаў, узьнятыя па трывозе супрацоўнікі сілавых ведамстваў, штурмавалі будынак. Мяркуючы па сьведчаньнях відавочцаў, ужывалася цяжкая тэхніка, будынак Дома друку практычна цалкам згарэў.

Расейскія сілавікі забілі як мінімум аднаго цывільнага падчас спэцапэрацыі ў Доме друку ў Грозным, дзе хаваліся баевікі, — пра гэта паведамляе «РИА Новости». Гэта быў дырэктар крамы па продажы офіснай мэблі, офіс якой месьціўся ў Доме друку. Ён задыхнуўся дымам на 9 паверсе будынку.

Паведамляецца, што ад сутычак таксама сур’ёзна пацярпеў рынак «Беркат».

Рынак у Грозным
Рынак у Грозным

Група ваеўнікоў была блякаваная ў школе № 20 у цэнтры Грознага. Гэтая школа пакуль не адкрытая для наведнікаў, у тым раёне зрэдку яшчэ чуваць страляніну, перадае карэспандэнт ВВС.

На сайце паўночнакаўказскіх сэпаратыстаў зьявілася відэа, на якім людзі з групоўкі «Імарат Каўказ» бяруць на сябе адказнасьць за напад на Грозны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG