Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні судзяць падазраванага ў шпіянажы на Беларусь


Калегія трох судзьдзяў Віленскага акруговага суду пачала 16 студзеня разгляд крымінальнай справы супраць Рамуальда Ліпскага, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Беларусі. Працэс адкрыты, за выключэньнем паседжаньняў, калі будуць дапытваць трох сьведак.

Пракурор Генпракуратуры Рэдас Савіцкас прасіў судзьдзяў весьці закрытыя паседжаньні, бо ў справе шмат копіяў дакумэнтаў, аўдыёзапісаў, якія Ліпскі перадаваў прадстаўніку беларускай выведкі. Апроч таго, могуць быць раскрытыя спосабы і мэтады выведкі, тактычныя дзеяньні.

Ліпскі і яго адвакат настойвалі на адкрытым працэсе.

«Я вельмі хачу, каб паседжаньне было адкрытым, бо сваёй віны не прызнаю — я размаўляў зь беларусам, але гэтая інфармацыя не сакрэтная. Ніхто мяне не завэрбаваў. Не разумею: калі Дэпартамэнт дзяржбясьпекі назіраў за мной столькі часу, чаму не зафіксавана, што мне і маёй сям’і пагражалі? Я хачу, каб Літва ўбачыла, як да нас прыяжджаюць беларусы. Дэпартамэнт дзяржбясьпекі сачыў за гэтым чалавекам, ведаў, што ён прыстаў да мяне, але нічога не рабіў. У мяне ёсьць што расказаць», — сказаў Ліпскі.

Ён заяўляе, што ня здраджваў Літве і што органы бясьпекі ўчынілі супраць яго правакацыю.

Пракурор Савіцкас сказаў, што Ліпскі перадаваў інфармацыю работніку беларускай выведкі Сяргею Курленку. У Ліпскага шмат кантактаў у Беларусі і Расеі, ён часта езьдзіў у гэтыя краіны, перадае DELFI.

Падазраецца, што Ліпскі, былы электрык кампаніі Oro navigacijos, таемна фатаграфаваў дакумэнты і іншыя аб’екты і перадаваў беларускай выведцы. Для Беларусі зьбіралася і перадавалася інфармацыя пра літоўскае войска, яго часьці, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі Літвы, пра іх дзейнасьць, аб’екты і абсталяваньне на іх. Ня выключана, што беларускі бок дзяліўся гэтай інфармацыяй з Расеяй.

Ліпскага затрымалі прыкладна год таму. Яму пагражае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

Яшчэ адзін шпіён быў затрыманы ў студзені мінулага году. Санінструктар Літоўскага войска шпіёніў на карысьць беларускіх спэцслужбаў. Вайсковец, які нарадзіўся і жыў у Коўне, за грошы амаль пяць гадоў зьбіраў інфармацыю пра ўзброеныя сілы Літвы, у тым ліку пра сакрэтныя падразьдзяленьні. Інфармацыю ён перадаваў супрацоўніку беларускіх спэцслужбаў, зь якім сустракаўся ў Літве.

XS
SM
MD
LG