Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаў працу штаб НАТО


Вайскоўцы НАТО ў Вільні

Вайскоўцы НАТО ў Вільні

У сталіцы Літвы адкрыўся штаб НАТО, у якім будуць працаваць 40 вайскоўцаў з краін-сяброў альянсу. У цырымоніі адкрыцьця ўзяў удзел генэральны сакратар НАТО Ёнс Столтэнбэрг.

Адна з галоўных задач штабу НАТО, як і аналягічных штабоў у Баўгарыі, Латвіі, Польшчы, Румыніі і Эстоніі, палягае ў каардынацыі сіл хуткага рэагаваньня Паўночнаатлянтычнага альянсу на выпадак міжнароднага крызісу ў рэгіёне.

Стварыць штаб пастанавілі на саміце арганізацыі ва Ўэльсе ўвосень 2014 году. На сустрэчы краіны-сябры альянсу дамовіліся стварыць сілы хуткага рэагаваньня колькасьцю 5 тысяч чалавек, якія будуць здольныя ў самы кароткі тэрмін адказаць на любыя пагрозы ўдзельнікам НАТО.

Начальнікам віленскага штабу стаў палкоўнік узброеных сіл Даніі Якаб Согард Ларсэн. Найбольш вайскоўцаў для працы ў літоўскім штабе накіравалі Германія, Канада і Польшча.

Паводле міністра абароны Літвы Юозаса Алексаса, адкрыцьцё штабу ў Вільні — гэта «сьведчаньне рашучасьці НАТО забясьпечыць бясьпеку краінам альянсу ў адказ на пагрозы, якія паходзяць з Усходу і Поўдня».

Пра агрэсіўную палітыку Расеі казала падчас цырымоніі адкрыцьця штабу прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

«Агрэсія Расеі ва Ўкраіне — гэта прамая пагроза бясьпецы. Агрэсары партнэрамі стаць ня могуць, таму трэба ўзмацняць сваю бясьпеку», — заявіла Грыбаўскайце.

Ёнс Столтэнбэрг і Даля Грыбаўскайце

Ёнс Столтэнбэрг і Даля Грыбаўскайце

Кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус адзначыў, што Расея сама падштурхнула НАТО да стварэньня штабоў, спачатку анэксаваўшы Крым, а затым дэманструючы сілу на вайсковых вучэньнях на межах балтыйскіх дзяржаў.

Адказваючы на пытаньне DELFI пра магчымую рэакцыю Расеі на адкрыцьцё штабу, Лінас Лінкявічус сказаў:

«Гуляючы ў свае прапагандысцкія гульні, Расея часьцей за ўсё перабольшвае тое, што адбываецца ў нас. Бо тое, што мы робім, ня мае нічога агульнага з агрэсіяй. Мы робім толькі тое, што гарантавала б бясьпеку нашай тэрыторыі і грамадзян. Расея часьцей за ўсё рэагуе, калі мы нічога ня робім. Адкрываючы свае штабы ў краінах Усходняй Эўропы, НАТО пасьлядоўна і выразна паказвае, што сур’ёзна клапоціцца пра сваю бясьпеку. Мы пэўна не зьбіраемся ўблытвацца ў расейскія слоўныя гульні. А калі кажуць, што Расея рэагуе на якія-небудзь дзеяньні НАТО, то такія заявы яна сама абвяргае, бо нядаўна было абвешчана, што Расея арганізуе чатыры тысячы вайсковых вучэньняў. Некалькі зь іх будуць з удзелам ста тысяч вайскоўцаў. І яшчэ гэтыя пастаянныя палёты ля нашай прасторы і актыўнасьць вайсковых падразьдзяленьняў у моры. Гэтыя рэчы відавочныя. НАТО арганізуе ўсяго трыста пяцьдзясят вучэньняў, і пэўна не такога маштабу, якія плянуе Расея».

Паводле генэральнага сакратара альянсу Ёнса Столтэнбэрга, новыя штабы выконваюць выключна абарончыя функцыі. Падчас адкрыцьця штабу ў Вільні ён адзначыў, што НАТО ні з кім не зьбіраецца ваяваць.

«Мы імкнемся толькі да аднаго — да бясьпекі нашых краін і нашых межаў, пра якую мы проста абавязаны паклапаціцца, пакуль Масква працягвае падтрымліваць сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны».

Нямецкі генэрал, кіраўнік аб’яднанага штабу альянсу НАТО ў Брунсуме Ганс-Лотар Домрозэ распавёў радыё «Нямецкая хваля», што кожны штаб — гэта ня толькі частка пляну на выпадак, калі спатрэбіцца разьмясьціць значна больш сур’ёзныя сілы. Гэта і пасланьне прэзыдэнту Пуціну і Расеі пра тое, што НАТО гатовае да абароны сваіх межаў.

XS
SM
MD
LG