Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1–2 траўня ў Вільні — фэст «Belarus Alternative 2015». Візы бясплатныя


Канцэрт Лявона Вольскага на Teatro Arena ў Вільні, архіўнае фота

Канцэрт Лявона Вольскага на Teatro Arena ў Вільні, архіўнае фота

У сталіцы Літвы на майскія сьвяты адбудзецца першы фэстываль беларускай музыкі Belarus Alternative. Арганізатар фэстывалю — Юстас Мамантавас, брат вядомага літоўскага рок-музыкі Андруса Мамантаваса.

У інтэрвію Радыё Свабода Юстас распавёў, што даўно знаёмы з многімі беларускімі музыкамі, зь некаторымі пазнаёміўся на папулярных некалі фэстывалях «Be2gether», якія чатыры разы, з 2007 па 2010 гады, ладзіліся на літоўска-беларускай мяжы, каля старажытнага замку Нарвілішкіс. Ведае гурты «Ляпіс Трубяцкі», Drum Ecstasy, Neuro Dubel, Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, іншых музыкаў. Выказаў жаль, што «Be2gether» ужо не праводзіцца. Натуральна, замяніць яго немагчыма. Але ў Юстаса ўзьнікла ідэя запрасіць беларускіх музыкаў, ня вельмі аблашчаных на радзіме, у Вільню. Юстас Мамантавас не выключае, што будуць запрошаныя і літоўскія музыкі.

Зь беларускага боку арганізацыяй займаецца кампанія «Карта дорог».

«Альтэрнатыва робіць наша жыцьцё больш багатым і разнастайным, — адзначаюць арганізатары фэстывалю. — Мы любім Менск, але добра, калі ёсьць альтэрнатыва. Напрыклад, Вільня. Мы ня любім салодкую папсу, таму добра, што для яе ёсьць альтэрнатыва — рок, электроніка, іншыя напрамкі. Наш фэстываль — для тых, каму таксама падабаецца Вільня і альтэрнатыўная музыка».

Канцэрты адбудуцца ў віленскай Teatro Arena. 1 траўня выступяць Brutto, Neuro Dubel і Pomidor/Off. На 2 траўня заплянаваныя выступы гуртоў «Серебряная свадьба», Super Besse, Pukstband.

Гледачам зь Беларусі, якія набудуць квіткі на фэст, амбасада Літвы абяцае бясплатныя візы. Кошт квітка — 400 тысяч на адзін дзень, 700 тысяч на два дні.

Пачатак продажу квіткоў — 11 сакавіка. Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза бяз консульскага збору са спрошчаным наборам дакумэнтаў) будуць першапачаткова прадавацца толькі ў офісе турыстычнай фірмы «Тридевять земель» па адрасе: Менск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Тамсама — рэгістрацыя на падачу дакумэнтаў у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Менск) і літоўскім генэральным консульстве (Горадня). Акрамя гэтага, квіткі бязь візавай падтрымкі можна набыць у сыстэме Ticketpro — як у Беларусі, так і ў Літве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG