Першыя дні на пасадзе прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адзначыліся канфліктам з мас-мэдыямі. З вострай крытыкай сродкаў масавай інфармацыі на сваёй першай прэс-канфэрэнцыі выступіў прэс-сакратар Белага Дому Шон Спайсэр. Журналісты назвалі некаторыя яго заявы хлусьнёй.
У прыватнасьці Шон Спайсэр закідаў журналістам спробы прыменшыць маштабы энтузіязму грамадзянаў ЗША падчас прэзыдэнцкай інаўгурацыі 20 студзеня. У адным зь твітаў, сказаў ён, не ўдакладніўшы крыніцы, фатаздымак прысутных на цырымоніі людзей на Нацыянальнай Алеі ў Вашынгтоне, «быў скадраваны так, каб прыменшыць велізарную падтрымку людзей». «Гэта была найбольшая аўдыторыя, якую можна было калі-небудзь бачыць на інаўгурацыях. Кропка», заявіў Спайсэр.
У нядзелю ў праграме «Сустрэчы з прэсай» на тэлеканале NBC госьцем вядучага Чака Тода была дарадніца прэзыдэнта Трампа Келіэн Конўэй. На пытаньне, Тода, чаму прэс-сакратар Белага дому ў сваім першым выступе ў новай якасьці «вымавіў хлусьню», дарадніца адказала, што гэта не хлусьня, а «альтэрнатыўныя факты».
Гэтае выказваньне дарадніцы Трампа за адзін дзень шырока разьнеслася па сацыяльных сетках. На сетцы Твітэр за адзін дзень набыў папулярнасьць хэштэг #alternativefacts.