Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўлады прапанавалі прадпрымальнікам гандляваць выключна беларускімі таварамі


Сход прадпрымальнікаў у Віцебску

Сход прадпрымальнікаў у Віцебску

Такая прапанова прагучала ад намесьніка старшыні аблвыканкаму Алега Мацкевіча. Аднак прадпрымальнікі не пагадзіліся: яны па-ранейшаму патрабуюць адмены прэзыдэнцкага ўказу № 222 і права выбару для сваіх пакупнікоў.

У Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў, якія запатрабавалі прысутнасьці на ім абласных уладаў. Да віцебскіх прадпрымальнікаў на знак салідарнасьці прыехалі калегі з Полацку. І ўсе разам — пад 300 чалавек — прадпрымальнікі сабраліся сёньня аб 11 гадзіне каля Віцебскага аблвыканкаму. Пра час і месца збору яны дамовіліся яшчэ на мінулым тыдні. Аднак чыноўнікі хацелі пазьбегнуць чарговага стыхійнага мітынгу і прапанавалі сустрэцца ў той самы час у актавай залі віцебскага філіялу міжнароднага ўнівэрсытэту «МІТСО».

Цішком правесьці сустрэчу не атрымалася: калёна зь некалькіх соцень прадпрымальнікаў не магла не прыцягнуць увагі мінакоў.

Актавая заля ВНУ не ўмясьціла ўсіх ахвотных: прадпрымальнікі стаялі ў праходах, сядзелі на сцэне і гуртаваліся ў калідоры каля адчыненых дзьвярэй.

Заля не зьмясьціла ўсіх ахвотных. Людзі разьмясьціліся нават на сцэне

Заля не зьмясьціла ўсіх ахвотных. Людзі разьмясьціліся нават на сцэне

У прэзыдыюм, апрача прадпрымальніцы Ірыны Яскевіч, каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу «Разам», быў запрошаны намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч. Ён заявіў, што ўсе пісьмовыя звароты прадпрымальнікаў улады атрымалі і зрабілі ўсё, што ад іх залежала: напісалі пісьмовыя адказы на лісты і паведамілі пра сытуацыю ў прэзыдэнцкую адміністрацыю і ў Саўмін.

Выступоўцы патрабуюць адказаў на свае пытаньні

Выступоўцы патрабуюць адказаў на свае пытаньні

Ініцыятарка сустрэчы спадарыня Яскевіч агучыла меркаваньне прадпрымальнікаў на гэты конт:

«Я разумею, што прадстаўніку абласной улады цяжка адказваць на нашы пытаньні — што адмена ўказу № 222 ня ў іхнай кампэтэнцыі. Мы не патрабуем, каб віцебскі аблвыканкам адмяніў для нас гэты ўказ, але для нас важна, каб вы заўважылі нашу праблему! Каб не было хлусьні, што мы пайшлі ў адпачынкі, каб не запалохвалі людзей, патрабуючы выйсьці на працу. Каб не было хлусьні, што ў бальшыні з нас ужо даўно ў парадку ўсе дакумэнты. Мы ніякім чынам ня можам патрабаваць ад вас адмены ўказу, але хочам ведаць ваша стаўленьне да таго, што адбываецца. Вось гэтага мы ад вас і чакаем!»

Але прадпрымальнікаў упарта стараліся пераканаць, што вялікіх праблемаў у іх няма. Прадстаўніца падатковай інспэкцыі сказала, што больш за палову прадпрымальнікаў ужо заплацілі падаткі і гатовыя працаваць. Незразумела толькі, чаму да сёньняшняга дня кірмашы на Віцебшчыне так і стаяць пустыя. Прадстаўнік цэнтру стандартызацыі сказаў, што правесьці экспэртызу тавару абсалютна ня дорага — усяго пад два мільёны на кожны гатунак тавару.

А намесьнік старшыні аблвыканкаму Алег Мацкевіч дык і ўвогуле прапанаваў прадпрымальнікам цалкам перайсьці на гандаль прадукцыяй беларускага легпраму, і тады ніякіх складанасьцяў з дакумэнтамі на замежны тавар у іх ня будзе:

«Пра тое, як вам кепска, вы ўжо накіравалі нам 15 лістоў! Колькі можна!

Мы вядзем перамовы з нашымі прадпрыемствамі лёгкай прамысловасьці, каб яны прадавалі вам тавар са зьніжкамі, у растэрміноўку... Гандлюйце беларускім! Што тычыцца арэнды, то мы размаўлялі з дырэктарамі кірмашоў пра зьніжэньне арэнды гандлёвых месцаў. Вось толькі па гэтых двух кірунках мы можам для вас нешта зрабіць».

Прапанова чыноўніка падтрымкі ня мела. Прадпрымальніца з Наваполацку выказала, бадай што, агульнае меркаваньне, што айчынныя прадпрыемствы не гатовыя да гэткага супрацоўніцтва:

«Зойдзеш у інтэрнэт — там ніводнага сайта нармальнага, не паказаныя ні мадэлі, ні выбар... Што вы нам прапануеце, прадпрымальнікам? Каб мы запрагалі аленяў ды езьдзілі па ўсіх гарадах, выбіраючы сабе тавар? Вы сабе ўвогуле як уяўляеце нашу працу?

Я гандлюю трыкатажам, летась прыяжджала сюды, на віцебскія прадпрыемствы. Асартымэнту ніякага, выбраць няма чаго, а кошты — дык проста жах! Даражэйшыя, чым у розьніцу ў нашай краме!»

Пытаньняў да ўладаў шмат, толькі адказу на іх няма

Пытаньняў да ўладаў шмат, толькі адказу на іх няма

Прадпрымальнікі абураліся, што тавары, канфіскаваныя ў іх за невыкананьне ўказу № 222, потым адпраўляюць у краму канфіскату. І там чамусьці можна гандляваць несэртыфікаванымі рэчамі. Нават прагучала прапанова, каб спальваць канфіскаваныя рэчы, а не гандляваць набытым на грошы прадпрымальнікаў таварам, пералічваючы выручку ў бюджэт.

Прагучала і прапанова стварыць адмысловую камісію, каб адсачыць, ці сапраўды палова прадпрымальнікаў ужо гатовая працаваць ва ўмовах указу № 222, як цьвердзяць дзяржаўныя структуры. Спраўдзіць гэта можна проста: праверыць тавары ў тых, хто не спыніў працу і па-ранейшаму гандлюе. Наконт пакараньня ў выпадку знойдзеных парушэньняў меркаваньні падзяліліся: адны запатрабавалі караць, і жорстка, а другія — дараваць, але паказаць усім іншым, дзе былі памылкі, пралікі або залішняя самаўпэўненасьць — маўляў, «мяне не зачэпіць»...

Сход працягваўся тры з паловай гадзіны. Прадпрымальнікі пастанавілі не плаціць падаткі за люты, некаторыя вырашылі не плаціць і за арэнду гандлёвых месцаў. У некаторых проста няма грошай на гэтыя выплаты.

Апрача гэтага, прадпрымальнікі зь Віцебску прапанавалі зьвярнуцца да калегаў зь іншых рэгіёнаў Беларусі, каб разам сустрэцца ў Менску 8 лютага. І абмеркаваць праблемы на іншым узроўні, раз на сходах у рэгіёнах мясцовыя чыноўнікі цьвердзяць, што на адмену ўказу № 222 паўплываць яны ня могуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG