Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сквэры каля плошчы Леніна, частка якога называецца Паркам партызанскай славы, работнікі ЖКГ робяць агароджу.

Як патлумачылі работнікі ЖКГ, тут рыхтуюць пляцоўку пад будоўлю Сафійскага сабору. Тэрыторыя, якая будзе агароджана, досыць вялікая: паводле нарматываў, да абʼекта будаўніцтва павінна быць 100 мэтраў.

Такім чынам, жыхары бліжэйшых вуліц Урыцкага і Чэхава ўжо страцілі магчымасьць прагульвацца па алеях часткі парку зь дзіцячымі вазкамі або шпацыраваць «на прыродзе».

За плотам ня будзе відаць і таго, як шмат дрэваў зьнішчаць дзеля будоўлі, неабходнасьць якой шмат хто зь віцяблян лічыць сумнеўнай.

Па-першае, пратэст часткі гараджан выклікае сама ідэя — узьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору, які ён быў у 11-м стагодзьдзі. Бо гэта будзе муляж архітэктурнага помніка, які ня будзе мець ніякай гістарычнай каштоўнасьці. Хто-ніхто зь віцяблян ня супраць будоўлі праваслаўнага храма, але не ў гістарычным цэнтры гораду. Бо тут і так шмат цэркваў і сабораў, якія нават па вялікіх праваслаўных сьвятах бываюць паўпустыя. А ў спальных раёнах вернікам няма дзе памаліцца.

Па-другое, віцябляне пратэстуюць супраць будоўлі новага Сафійскага сабору, бо дзеля гэтага будзе зьнішчана шмат дрэваў. У пэтыцыі, якую склаў Яраслаў Вайновіч, а падпісалі некалькі тысяч жыхароў Віцебску, згадана, што «для падрыхтоўкі пляцоўкі пад будаўніцтва будуць зьнішчаны 206 дрэваў — больш за 25% парку, і гэта нанясе шкоду як асобнаму парку, так і азеляненьню гораду ў цэлым».

У прыватнасьці, будзе зьнішчана частка Парку партызанскай славы, і гэта складальнік пэтыцыі лічыць блюзьнерствам і зьдзекам з гістарычнай памяці.

Адказу на пэтыцыю, адрасаваную мітрапаліту Паўлу, віцябляне не дачакаліся. Пэўны час праціўнікі будоўлі цешыліся думкай, што да ўвасабленьня праекту Сафійскага сабору ня дойдзе, бо ён двойчы не праходзіў экалягічную экспэртызу. Аднак з трэцяй спробы, 24 жніўня гэтага году, станоўчы адказ ад Віцебскага абласнога камітэту па ахове прыродных рэсурсаў усё-ткі быў атрыманы.

Грошы на рэалізацыю ідэі збудаваць у Віцебску другі ў Беларусі Сафійскі сабор абяцае выдзеліць расейскі «Газпром». І, падобна, да зімы будоўля ўсё ж распачнецца, і да думкі значнай часткі гараджан не прыслухаюцца ні гарадзкія ўлады, ні кіраўніцтва праваслаўнай царквы.

vulica Čechava, Viciebsk 210021, Belarus
vulica Čechava, Viciebsk 210021, Belarus

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG