Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страчаныя архітэктурныя помнікі ў сучасным краявідзе — у Віцебску адкрылася ўнікальная фотавыстава


Фрагмэнт фотавыставы
Фрагмэнт фотавыставы

У Віцебску адкрылася ўнікальная выстава «Вяртаньне памяцьцю»: фотааматар і краязнаўца Віктар Барысенкаў паказаў гледачам свае працы — сучасныя гарадзкія краявіды, у якія ён «ужыўляе» страчаныя архітэктурныя помнікі.

Віктар Барысенкаў
Віктар Барысенкаў

Гэта даўняе захапленьне спадара Барысенкава, які з маладосьці вывучае гісторыю роднага горада і вельмі яго любіць. Ён вывучыў шмат краязнаўчай літаратуры, гістарычных дасьледаваньняў, каб дасканала зрабіць тое, што ўбачылі віцябляне ў культурніцкім цэнтры «Задзьвіньне» — паказаць, як віцебскія храмы ды іншыя гістарычныя будынкі глядзеліся б у сучасным гарадзкім краявідзе.

Верхні шэраг — фотапраекцыі, ніжні — сучасныя краявіды
Верхні шэраг — фотапраекцыі, ніжні — сучасныя краявіды

«Найперш трэба знайсьці гістарычную выяву, фатаздымак ці паштоўку. Такія выявы я калекцыянаваў зь дзяцінства — купляў, абменьваўся зь іншымі калекцыянэрамі, выпрошваў у выпадковых уладальнікаў. Потым трэба вызначыць як мага больш дакладна, зь якой кропкі стары здымак зроблены, і адтуль жа зрабіць здымак цяпер. А потым разьлічыць памер, маштаб, і сумясьціць выявы — цяперашнюю і гістарычную», — тлумачыць тэхналёгію Віктар Барысенкаў.

Гледачы
Гледачы

Насамрэч усё бывае куды больш складана: напрыклад, калі гістарычнай выявы няма, а ёсьць толькі апісаньне будынка. Спадар Барысенкаў робіць і гэткія цуды — аднаўляе выявы паводле краязнаўчых аповедаў. Вядома, гэта значна цяжэй, кажа майстра:

«Была летась у Віцебску такая гісторыя: зьбіраліся зьнесьці капліцу 1859 году пабудовы, што стаіць на тэрыторыі батанічнага сада, перабудаваную і ня ўнесеную ў сьпіс помнікаў архітэктуры. Я пачаў шукаць тых, хто памятае яе выгляд, хаця б адносна даўні. Знайшоў такога чалавека, той мне ўсё падрабязна апісаў, і я зрабіў фотапраекцыю. Даслаў яму, а той пытаецца: „Дзіва, чаму на гэтым здымку сьценкі пафарбаваныя? У тыя ж часы так не фарбавалі“. Ён палічыў маю „рэстаўрацыю“ за даўні здымак! Гэта было сапраўднае прызнаньне. Значыць, я зрабіў усё дакладна. А потым маю працу надрукавалі шмат якія інтэрнэт-сайты, і спадзяюся, мой унёсак таксама ёсьць у тым, што капліцу руйнаваць усё ж ня сталі».

Капліца — на крайнім здымку справа
Капліца — на крайнім здымку справа

На выставу фотапраекцыяў прыйшло шмат гледачоў. У тым ліку калегі з карданажна-паліграфічнага камбінату, дзе ўжо шмат гадоў працуе Віктар Барысенкаў — пра ягонае незвычайнае захапленьне там ведаюць даўно і ўсяляк падтрымліваюць. Ён працаваў на камбінаце і фатографам, і рэтушорам, і мастаком (дарэчы, знакаміты набор паштовак-фатаздымкаў, выдадзены ў Віцебску да 1000-годзьдзя горада, якое адзначалася ў 1974-м, выдадзены зь ягоным удзелам. Цяпер ён — тэхнік-тэхноляг, распрацоўвае дызайн і канструкцыі ўпаковак. Дарэчы, што да аб’ёмнага дызайну: Віктар Барысенкаў узяў удзел у распрацоўцы незвычайнай паштоўкі —кірыгамі, прысьвечанай Віцебску. Гэта паштоўка-"раскладанка«— яе адчыняеш, і зь яе «вырастаюць» знакамітыя віцебскія архітэктурныя помнікі.

Наведнікі выставы адкрываюць Віцебск наноў
Наведнікі выставы адкрываюць Віцебск наноў

Што да незвычайных гарадзкіх краявідаў, на якіх паўстаюць фантомы зьніклых і зьнішчаных будынкаў, то Віктар Барысенкаў невыпадкова называе іх «фотапраекцыямі»:

«Гэта ад лацінскага слова projectio — закіданьне наперад. Бо, з аднаго боку, мы вяртаемся ў мінулае, а зь іншага — спадзяемся, што гэтае мінулае вернецца ў будучыні. Я ўпэўнены: страчанае трэба рэстаўраваць! Хаця б па меры магчымасьці. А не займацца марнымі спробамі стварэньня „навадзелаў“, кшталту будаўніцтва ў Віцебску Сафійскага сабора, якога тут ніколі не было!»

Першыя водгукі
Першыя водгукі

Аўтар кажа, што ягоная мара — каб зь віцебскай даўніной пазнаёміліся як мага больш людзей. Таму, апрача выставаў, ён робіць відэапрэзэнтацыі сваіх работ і разьмяшчае іх у інтэрнэце. Дзякуючы гэтаму, Віцебск, якога ніхто не бачыць, усё-такі існуе.

Паштоўкі з краявідамі — на памяць
Паштоўкі з краявідамі — на памяць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG