Дакумэнты суду вывучыла выданьне «Медуза».
На рахунках «Внешпромбанка» засталіся грошы нябожчыка патрыярха Алексія II. У пазове пазначана сума 305 603 954 рублі 77 капеек. На рахунках патрыярха захоўваецца 2,92 млн даляраў, 8829 эўра і 9,37 млн рублёў, усяго — каля 200 млн рублёў паводле бягучага курсу, але каля 300 млн рублёў паводле курсу на дзень адкліканьня банкаўскай ліцэнзіі.
Сьвятар, вядомы ў сьвецкім жыцьці як Аляксей Рыдыгер, памёр у 2008 годзе. Яшчэ ў 1976 годзе ён склаў тэстамэнт на карысьць Аляксандры Сьмірновай.
Крыніца ў РПЦ растлумачыла «Медузе», што Сьмірнова, вядомая таксама як ігуменьня Філарэта, была найбліжэйшай паплечніцай патрыярха, яна правяла побач зь ім больш за 40 гадоў. Цяпер Філарэце 80 гадоў, яна — ігуменьня маскоўскага падворʼя Пюхціцкага Сьвята-Ўсьпенскага стаўрапігіяльнага (гэта значыць, падпарадкаванага непасрэдна патрыярху) жаночага манастыра, разьмешчанага ў Эстоніі.
Менавіта Філарэта знайшла патрыярха мёртвым 5 сьнежня 2008 году. У судзе яе інтарэсы прадстаўляе адвакат Краўцоў. Ён прадстаўляе таксама інтарэсы сустаршыні «Саюзу праваслаўных жанчын» Анастасіі Асіціс. Асіціс і яе дачка Ірына Фядулава як мінімум да 2008 году былі акцыянэрамі «Внешпромбанка».
У студзені стала вядома, што ў збанкрутаваным «Внешпромбанке» завісьлі 1,5 млрд, якія належаць цэнтральнаму апарату РПЦ. Крыніцы РБК сьцьвярджалі, што старшыня праўленьня банку Ларыса Маркус была вельмі блізкая да патрыярхіі і яе кіраўніцтва.
Акрамя таго, свае сродкі разьмяшчалі і фонды, якія не належаць РПЦ, але фактычна выконваюць распараджэньні патрыярха Кірыла. Найбуйнейшым зь іх быў Фонд сьвятых роўнаапостальных Канстанціна і Алены, які зьбіраў грошы на дапамогу пацярпелым ад канфліктаў у Сырыі і Данбасе.
Кліенты «Внешпромбанка» сутыкнуліся з праблемамі ў сьнежні 2015 году. 18 сьнежня Цэнтрабанк Расеі ўвёў часовую адміністрацыю ва ўстанове. Дзірка ў капітале банку перавысіла 210 млрд рублёў.
Былы суўладальнік банку Георгі Беджамаў спачатку перабраўся ў Манака, а затым у Лёндан. У Расеі фінансіст завочна арыштаваны, РФ дамагаецца яго выдачы на радзіму. Сам Беджамаў называе свой перасьлед «палітычна матываваным».