Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску да помніка Леніну прыйшлі пэнсіянэры і студэнты


Студэнтаў прывялі выкладчыкі віцебскага філіялу «МІТСО», чальцы і прыхільнікі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Гэтая невялікая група з паўтара-двух дзясяткаў чалавек прыйшла на віцебскую плошчу Леніна самай першай — а 10-й раніцы.

Пасьля кароткіх прамоваў пра тое, што «сучасная Беларусь мусіць разьвівацца і ўвасобіць камуністычныя ідэалы», да помніка быў ускладзены першы вянок.

Плошча Леніна а 10-й раніцы

Плошча Леніна а 10-й раніцы

Потым вянкі ўскладалі па чарзе: віцебскія носьбіты камуністычнай ідэі паміж сабой калі не варагуюць, то ўжо, прынамсі, не сябруюць. А пакуль каля помніка паасобку зьбіраліся актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і яшчэ адна купка пэнсіянэраў, вакол пастамэнта зь фігурай Ільліча раптам замітусіліся «камунальнікі». Нехта аддаў загад, каб у дзень дзяржаўнага сьвята каля помніка ўсё-ткі пачысьцілі сьнег, і прыхільнікам камунізму не даводзілася лезьці з кветкамі па сумётах.

Камунальнікі схамянуліся

Камунальнікі схамянуліся

Там часам каля помніка зьявіўся вянок «Ад бальшавікоў Віцебску». А самі «бальшавікі» выстраіліся каля помніка зь лёзунгамі і транспарантамі. Дазволу на свой пікет яны ня бралі, але супрацоўнікі гарадзкога ідэалягічнага аддзелу, што стаялі наўзбоч, аніякіх прэтэнзій ня выказалі.

Бальшавікі — за аднаўленьне СССР

Бальшавікі — за аднаўленьне СССР

Аказваецца, такія несанкцыянаваныя пікеты праводзіць можна

Аказваецца, такія несанкцыянаваныя пікеты праводзіць можна

Не пасьпелі ад помніка адысьці «бальшавікі», як кошык з чырвонымі кветкамі да Леніна панесьлі віцебскія прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет». Несьці кошык было цяжкавата: ужо каторы год у гэтых партыйцаў існуе традыцыя ўкладаць на спод, пад кветкі, вялікі камень. «Гэта зброя пралетарыяту», тлумачылі партыйцы, патрэбная для зьвяржэньня дыктатуры — бо ва ўмовах дыктатуры камунізм не пабудуеш.

Кошык са «зброяй пралетарыяту»

Кошык са «зброяй пралетарыяту»

Такім чынам за паўтары гадзіны «камуністычная варта» каля віцебскага Леніна зьмянялася тройчы. Калі падсумаваць, то пабывалі тут ня больш як 30-40 чалавек. Мінакі, якія праходзілі ўздоўж, толькі паглядалі з усьмешкамі — далучыцца да камуністаў ніхто не захацеў.

Ад трох плыняў віцебскіх камуністаў

Ад трох плыняў віцебскіх камуністаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG