Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме на Акрэсьціна для Алега Корбана не знайшлі месца


Алег Корбан

Алег Корбан

Кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Алега Корбана пратрымалі ў Партызанскім РУУС Менску цягам чатырох гадзін і адпусьцілі.

Пасьля вызваленьня з пастарунку Алег Корбан распавёў нашаму карэспандэнту:

«Учора мне патэлефанаваў мой участковы інспэктар Касьпяровіч і запрасіў прыйсьці сёньня ў пастарунак расьпісацца. Я прыйшоў, расьпісаўся. Ён мне прад’явіў паперу з Фрунзенскага суду аб тым, што за мной засталіся 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія я не адбыў у жніўні гэтага году. Артыкул клясычны — дробнае хуліганства, лаянка. Ён склаў усе паперы, датычныя гэтай справы, і адвёз мяне з апорнага пункту ў Партызанскі РАУС. Я там чакаў. А потым супрацоўнік дзяжурнай службы патэлефанаваў на Акрэсьціна, што, маўляў, рыхтуем везьці. Але на Акрэсьціна адказалі: „Не“. Яны сказалі, што цяпер няма месцаў, там асаблівы кантынгент знаходзіцца. І няма месцаў на бліжэйшыя некалькі дзён. Таму яны ня могуць узяць. Мяне адпусьцілі і сказалі чакаць, што празь некалькі дзён са мной зноў зьвяжацца ўчастковы».

Алег Корбан мяркуе, што 10 сутак, якія яму прысудзілі ў жніўні, маглі быць зьвязаныя з распаўсюдам плякатаў «За незалежную Беларусь», «Беларусь — гэта не Расея», «Не расейскім вайсковым базам» і вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў у Дзяржынску.

«Тады былі затрыманыя Ільля Дабратвор, які атрымаў суткі, потым Алег Кероль, які таксама атрымаў 10 сутак. А потым затрымалі і асудзілі мяне, але ў гэты ж дзень вызвалілі на запыт адваката», — сказаў Алег Корбан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG