Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У транспарце дазволілі раздаваць Wi-Fi без дазволу. А на вуліцах?


Да апошняга часу, каб раздаць Wi-Fi у аўтобусе ці маршрутцы, патрэбны быў спэцдазвол. Але ў рэстарацыях ці проста на вуліцах вольна раздаваць Wi-Fi яшчэ не дазволілі. Ці дагоніць Беларусь Эстонію?

Раздаваць інтэрнэт праз Wi-Fi у грамадзкім транспарце стане можна без адмысловага дазволу, паведаміў БЕЛТА чыноўнік Белдзяржынспэкцыі па электрасувязі са спасылкай на вынікі паседжаньня Дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах пры Савеце бясьпекі.

Міністэрству сувязі прапануецца ўключыць пункты доступу Wi-Fi на транспарце ў сьпіс прыладаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі і для якіх ня трэба адмысловага дазволу на выкарыстаньне радыёчастотнага спэктру. Абмежаваньне — іх магутнасьць не павінна перавышаць 100 мВт.

У бліжэйшы час у пастанову Мінсувязі, якая пералічвае высокачастотныя прылады, на якія не патрэбная рэгістрацыя і дазвол, будуць унесеныя зьмены (якія менавіта, не ўдакладняецца).

Ці значыць гэта, што ў Менску дазволяць вольна раздаваць Wi-Fi у кавярнях, рэстарацыях, аэрапортах, а то і проста на вуліцах, як робяць у Хэльсынкі ці Таліне ды рыхтуюцца зрабіць у Нью-Ёрку?

Заснавальнік Tut.by Юры Зісер сумняецца, што Wi-Fi на вуліцах беларускіх гарадоў дазволяць рабіць абсалютна адкрытым:

Юры Зісер

Юры Зісер

«Усё роўна патрэбная будзе нейкая ідэнтыфікацыя абанэнта, бо ўказ № 60 (які патрабуе ідэнтыфікацыі кожнага абанэнта з запісам ягоных пашпартных зьвестак. — РС) ніхто не касаваў. Калі нехта нешта ўзарве, што мы народу патлумачым — што, выбачайце, у нас адкрыты Wi-Fi і мы ня ведаем, хто праз інтэрнэт запусьціў бомбу? Любая свабода і выгода мае свае плюсы і мінусы».

Ён нагадвае: «вулічным» Wi-Fi бывае нячаста, бо нехта за яго мусіць плаціць. Часьцей тое, што мы лічым «вулічным», проста ловіцца на вуліцы ад бліжэйшай установы. Дый бясплатны Wi-Fi не абавязкова адкрыты:

«У рэстарацыі ці кавярні за інтэрнэт плоціць гаспадар, у аэрапорце за бясплатны Wi-Fi плоціць аэрапорт, у транспарце за гэта плоціць ці ўпраўленьне транспарту, ці прыватнікаў прыцягваюць... А на вуліцах хто ж за гэта будзе плаціць? Калі толькі ў якасьці рэклямнай акцыі.

Гэта ілюзія, што шмат дзе вольны Wi-Fi без рэгістрацыі. Я многа ежджу, цяпер куды ні ткнуся, усюды ў тых жа аэрапортах SMS-рэгістрацыя. Барсэлёна, Бэрлін, Хэльсынкі, Стакгольм, Амстэрдам, Парыж — усё толькі праз рэгістрацыю».

Раздаваць Wi-Fi з SMS-рэгістрацыяй або з ідэнтыфікацыяй абанэнта па пашпарце ў Беларусі можна і сёньня. Але ў тых жа кавярнях Wi-Fi сустракаецца радзей, чым у суседніх краінах. Прычына ва ўказе № 60 і абавязковай рэгістрацыі?

«У краіне яшчэ няма канкурэнцыі. Прыяжджаў нядаўна знаёмы паляк-інтэрнэтчык, пару разоў яго звадзілі ў нашы кавярні. Ён паглядзеў на гэта ўсё — кажа, у Польшчы так было год 15 таму. У вас, маўляў, праз 15 гадоў будзе ўсё нашмат лепей і ўдвая таньней, бо ў вас дагэтуль не было канкурэнцыі».

XS
SM
MD
LG