Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўмыснае зьбіцьцё гея суд палічыў «траўмай па неасьцярожнасьці»


Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

Цэнтральны суд Менску асудзіў на 2 гады і 8 месяцаў менчука Л., які ў траўні каля аднаго з закрытых клюбаў Менска моцна ўдарыў наведніка Міхаіла Пішчэўскага, ажно той да сёньня знаходзіцца ў шпітальным ложку.

З шэрагу банальных «калярэстаранных боек» гэтая вылучаецца яўна гамафобным характарам. Паводле назіральнікаў, калі асуджанага бралі пад варту ў зале суду, ён працягваў абражаць сяброў пацярпелага, называючы іх тым жа абразьлівым словам «п... сы», зь якога і пачалася гэтая дзікая гісторыя.

Бацькі Міхаіла Пішчэўскага сказалі інтэрнэт-газэце «Салідарнасьць», якая першай распавяла пра гэтую гісторыю, што да апошняга ня ведалі пра нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю сына, бо ён ніколі гэтага не афішаваў. Магчыма, з тае прычыны і бацькі ня хочуць вялікага розгаласу справы ды адмаўляюцца кантактаваць з прэсай. Між тым з ранейшых расповедаў маці пацярпелага вядомы некаторыя падрабязнасьці.

Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

Міхаіл Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у коме з траўмай галавы пасьля гей-вечарыны. Паводле сьведак, каля ўваходу ў клюб кампанія, у якой быў абвінавачаны, гучна абмяркоўвала тэму геяў. На адрас наведнікаў клюбу прагучала слова «п... сы». У гэты момант з клюбу выходзіў Міхаіл з сябрамі. Пішчэўскі пачуў гэта і запытаў у голас: «Хто тут п... сы»? Пытаньня аказалася дастаткова, каб асуджаны накінуўся на Пішчэўскага і пачаў біць па галаве. Міхаіл паваліўся. У выніку ўдараў ці падзеньня (экспэртыза гэтага чамусьці не высьветліла) ў ягонай галаве ўтварылася вялікая гематома, з-за якой давялося выдаліць частку мозгу. Месяц Міхаіл Пішчэўскі быў у коме, потым яму палепшала, але дагэтуль з ложку малады чалавек не падняўся. За пацярпелым патрэбны сталы прафэсійны нагляд, між тым са шпіталя яго зьбіраюцца выпісаць. Лекары кажуць, што больш нічога зрабіць для яго ня могуць. Сябры Пішчэўскага абвясьцілі збор сродкаў на дапамогу пацярпеламу.

Нядаўна скончыўся суд над абвінавачаным Л., якога прызналі вінаватым. Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, таму прозьвішча асуджанага не агалошваюць. Да таго ж вядома, што абодва бакі не задаволеныя прысудам і зьбіраюцца яго абскарджваць.

Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

Праваабаронца зь «Вясны» Тацяна Равяка прысутнічала на абвяшчэньні выраку па гэтай справе. Паводле праваабаронцы, справа аб злачынстве на глебе гамафобіі пераўтварылася ў звычайны разбор злоснага хуліганства, і гэта небясьпечна для грамадзтва:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

«Адзначу, што абвінавачаны не знаходзіўся пад вартай. Было ўражаньне, што ён прыйшоў на прысуд перакананым, што гэтак жа вернецца і дамоў, бо ў яго з сабой не было ніякіх рэчаў. Калі ў судовай залі яго бралі пад варту, такі вынік выглядаў для яго абсалютна нечаканым. Пры гэтым ён паводзіў сябе вельмі агрэсіўна, працягваў абражаць сяброў пацярпелага. Рэакцыя родных асуджанага таксама сьведчыла пра наяўнасьць элемэнту нянавісьці да прадстаўнікоў пэўнай сацыяльнай групы, да сэксуальнай меншасьці. Вядома, мы размаўлялі і зь сябрамі Міхаіла, каб зьведаць іх вэрсію здарэньня, і тое, што мы ад іх пачулі, зноў жа даказвае, што гэта ўсё адбылося на глебе нянавісьці. Але гэта ніяк не адлюстравана ў прысудзе. Дзеяньні асуджанага кваліфікаваныя толькі як злоснае хуліганства і нанясеньне пашкоджаньняў здароўю пацярпелага па неасьцярожнасьці. Між тым мае значэньне матыў, па якім зроблена гэтае гвалтоўнае злачынства. Таму мы будзе трымаць справу на кантролі. Будзем сачыць за тым, ці пагодзіцца суд вышэйшай інстанцыі з тым, што Цэнтральны суд не ўлічыў гэты матыў, ня даў яму ацэнку і не адлюстраваў у прысудзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG