Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Слоніме засакрэцілі вынікі галасаваньня па ўчастках


Алесь Масюк

Алесь Масюк

Алесю Масюку, экс-кандыдату ў Слоніме, у акруговай камісіі адмовіліся выдаць дадзеныя аб галасаваньні з усіх участкаў, дзе ён быў кандыдатам у дэпутаты. Спаслаліся на тое, што яны не абавязаныя гэтага рабіць.

Кандыдат Алесь Масюк хацеў атрымаць дадзеныя па ўсіх участках галасаваньня, каб прааналізаваць іх. Яго, як і іншых кандыдатаў, насьцярожыў той факт, што на датэрміновым галасаваньні зь вялікім адрывам ад іншых выйгравала праўладная кандыдатка Ала Сопікава, а падчас галасаваньня ў асноўны дзень на тых самых участках яна прайграла.

— Уявіце сабе, што на адным з участкаў са скрыні датэрміновага галасаваньня дасталі 98% бюлетэняў за Алу Сопікаву. А ў асноўны дзень галасаваньня на гэтым жа ўчастку яна мне прайграла. І так на большасьці ўчасткаў. Гэта зусім непраўдападобна.

Пасьля таго як у Акруговай камісіі адмовіліся даць дадзеныя галасаваньня экс-кандыдату, Масюк прапанаваў надрукаваць гэтыя лічбы ў раённай газэце. Але і тут яго папярэдзілі, што падобная інфармацыя друкавацца ня будзе. Алесь Масюк абураны дзеяньнямі акруговай камісіі № 58.

— Я быў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а цяпер ня маю права нават паглядзець, колькі людзей за мяне прагаласавалі, а колькі за маіх супернікаў. Як такое можа быць, гэта што, сакрэтная інфармацыя? Мне зразумела, што сябрам камісіі ёсьць што хаваць, і гэта сьведчыць пра тое, што выбарчы працэс быў непразрысты.

Алесь Масюк сказаў Свабодзе, што падчас падліку галасоў сябры ягонай каманды напісалі каля дзясятка скаргаў на тое, што ў якасьці назіральнікаў не маглі выконваць свае абавязкі, ніхто зь іх ня бачыў, як лічаць бюлетэні, і ніхто не абвяшчаў, за каго колькі прагаласавала. Адказы на скаргі дагэтуль не прыйшлі, хоць ніхто і не чакае, што гэтыя адказы нешта зьменяць.

— Я ніколі ня думаў, што могуць вось так нахабна назваць такія фантастычныя лічбы падчас датэрміновага галасаваньня. Канечне, думаў, што яны будуць розьніцца ў бок праўладнага кандыдата, але ня так, каб аж 98%.

XS
SM
MD
LG