Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі. Вінавацяцяць у хабары


Аляксей Улюкаеў, архіўнае фота

Аляксей Улюкаеў, архіўнае фота

Упершыню ў гісторыі сучаснай Расеі Сьледчы камітэт затрымаў міністра — Аляксея Ўлюкаева, кіраўніка Міністэрства эканамічнага разьвіцьця.

Як паведамляе Сьледчы камітэт Расеі, супраць Улюкаева распачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.

Яго вінавацяць у вымаганьні 2 млн даляраў ЗША за станоўчую ацэнку міністэрствам прыватызацыі кампаніі «Башнефть» — пакупкі бяз конкурсу напаўдзяржаўнай кампаніяй «Роснефть» 50 адсоткаў акцыяў дзяржаўнай «Башнефть». Пры гэтым з самім фактам пакупкі, што адбылася ў кастрычніку 2016 году, сьледчыя не спрачаюцца. Сам Улюкаеў заяўляў у ліпені, што «Роснефть» гэта «неналежны» пакупнік «Башнефть».

Як заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі, Уладзімер Пуцін ведаў пра апэрацыю ад пачатку апэратыўнай распрацоўкі, меў усю інфармацыю. Прэс-служба кабінэту міністраў жа паведамляе, што затрыманьне Ўлюкаева з Пуціным абмеркаваў Дзьмітры Мядзьведзеў, які ў свой час сам падпісаў распараджэньне пра продаж «Башнефть».

Як сьцьвярджае неназваная крыніца «Інтэрфаксу», хабар Улюкаеву быў нібыта перададзены пад кантролем праваахоўнікаў. Сьледчыя паведамілі выданьню, што тэлефон Улюкаева праслухоўваўся яшчэ зь лета, што ад яго нібыта гучалі пагрозы ў размовах з прадстаўнікамі «Роснефть» адносна прыватызацыі «Башнефть».

Улюкаеў, як піша Meduza, быў блізкім паплечнікам расейскага рэфарматара 1990-х Ягора Гайдара — адным зь нешматлікіх ягоных паплечнікаў, хто застаўся ва ўрадзе.

Адзначаецца, што схема ягонага затрыманьня падобная да іншага былога сябра партыі «Союз правых сил», былога кіраўніка Кіраўскай вобласьці Мікіты Бялых. Міністэрства пры Ўлюкаеве давала жорсткія эканамічныя прагнозы — у тым ліку пра стагнацыю расейскай эканомікі цягам бліжэйшых 20 год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG