Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калегі затрыманых у Крыме ўкраінцаў: ФСБ рыхтуецца да тэрактаў на анэксаваным паўвостраве


Супрацоўнікі ФСБ затрымліваюць Дзьмітрыя Штыблікава. Севастопаль, 10 лістапада 2016 году
Супрацоўнікі ФСБ затрымліваюць Дзьмітрыя Штыблікава. Севастопаль, 10 лістапада 2016 году

Калегі затрыманых у Крыме былых супрацоўнікаў украінскага цэнтру «НОМОС» Дзьмітрыя Штыблікава ды Аляксея Бесарабава не выключаюць, што абнародаваныя ФСБ Расеі відэапрызнаньні пра іх датычнасьць да дывэрсійнай дзейнасьці на карысьць Украіны зробленыя пад ціскам і не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Ні пры якіх абставінах ня трэба зьвяртаць увагі на прызнаньні, паколькі мы ўжо дакладна ведаем зь сьведчаньняў таго ж Генадзя Афанасьева, які праз гэта ўжо прайшоў, што выкарыстоўваюць мэтады ня толькі на ўзроўні НКВД, але і гестапа (тэхналёгіі, катаваньні).

«Ні пры якіх абставінах ня трэба зьвяртаць увагі на прызнаньні, паколькі мы ўжо дакладна ведаем зь сьведчаньняў таго ж Генадзя Афанасьева, які праз гэта ўжо прайшоў, што выкарыстоўваюць мэтады ня толькі на ўзроўні НКВД, але і гестапа (тэхналёгіі, катаваньні), а мэдыкі сьцьвярджаюць, што ёсьць такія катаваньні, якія чалавек ня можа вытрымаць», — сказала экспэрт Інстытуту дэмакратыі Натальля Беліцэр сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Экспэрт таксама зьвярнула ўвагу на тое, што, як і ў выпадку затрыманьня першай групы дывэрсантаў Яўгена Панова, да Дзьмітрыя Штыблікава і Аляксея Бесарабава не было доступу адвакатаў ды сваякоў.

«Гэтая справа новых палітычных вязьняў Крамля сьведчыць пра тое, што ў Крыме разгойдваецца махавік татальных рэпрэсіяў. І гэта адбываецца не выпадкова. Пасьля справы так званага дывэрсанта Яўгена Панова, якая вельмі хутка трэснула, патрэбная была новая справа, якая б выглядала больш важкай», — лічыць прэзыдэнт Цэнтра глябалістыкі «Стратэгія XXI», былы дырэктар энэргетычных праграм Цэнтра «НОМОС» (2007-2014) Міхаіл Ганчар.

Паводле яго, Расея не зьбіраецца прыпыняць рэпрэсіі ў анэксаваным Крыме і праз мясцовыя СМІ рыхтуе глебу для новых ахвяр. У прыватнасьці, ён зачытаў некалькі публікацыяў з севастопальскіх газэт, у якіх абвінавачваецца ў экстрэмізьме міжнародная рэлігійная арганізацыя «Сьведкі Іеговы» — у яе ўваходзяць каля 11 тысяч жыхароў Севастопалю.

«Імаверна, што наступныя дывэрсанты будуць знойдзеныя менавіта ў гэтым асяродзьдзі, бо дасье практычна падрыхтаванае. Справа не абмяжуецца толькі Штыблікавым, Бесарабавым і Дудко», — прагназуе Міхаіл Ганчар.

Экспэрты таксама не выключаюць, што ўсе крымскія затрыманьні могуць сьведчыць пра падрыхтоўку ФСБ тэрарыстычных актаў на тэрыторыі анэксаванага паўвострава.

«Ёсьць вельмі небясьпечны момант. Увесь час на памяць прыходзіць шырока вядомая кніга „ФСБ падрывае Расею“, адзін з аўтараў якой ужо паплаціўся сваім жыцьцём. То бок гэта можа быць у пэўнай ступені і падрыхтоўчай працай да больш маштабных і страшных падзей. Крымчукі маюць быць больш пільнымі, глядзець, што адбываецца ў пад’ездах, падвалах, каля дамоў», — перакананая Натальля Беліцэр.

Яны ўжо рыхтуюцца да крытычнага сцэнару, калі Расея ня зможа забясьпечыць нармальныя сэзонныя ўмовы жыцьця, таму ім патрэбна знайсьці вінаватых. Адсюль фармуюцца вэрсіі пра дывэрсантаў, а рэальна дывэрсіі могуць учыніць „дывэрсанты“ з пагонамі ФСБ.

«Украінскіх дывэрсантаў абвінавачваюць у тым, што яны плянавалі нейкія дзеяньні супраць аб’ектаў крытычна важнай інфраструктуры на тэрыторыі паўвострава. Мы ж ведаем, што гэтыя чатыры „пуцінскія энэрганіткі“ праз Керчынскую пратоку і газаправод не вырашаюць пытаньня энэргетычнага забесьпячэньня Крыму, асабліва ў пік спажываньня ў зімовы пэрыяд. Гэта значыць, яны ўжо рыхтуюцца да крытычнага сцэнару, калі Расея ня зможа забясьпечыць нармальныя сэзонныя ўмовы жыцьця, таму ім патрэбна знайсьці вінаватых. І адсюль фармуюцца вэрсіі пра дывэрсантаў, а рэальна дывэрсіі могуць учыніць „дывэрсанты“ з пагонамі ФСБ, бо глеба ўжо падрыхтаваная — затрыманыя Паноў, Штыблікаў, Бесарабаў, Дудко, крымскія татары», — тлумачыць Міхаіл Ганчар.

Калегі затрыманых у Крыме экспэртаў заклікаюць прадстаўнікоў экспэртных, навуковых ды журналісцкіх колаў выказаць салідарнасьць з беспадстаўна арыштаванымі і заклікаць сьвет да ўвядзеньня больш жорсткіх санкцый супраць Расеі. На сёньняшні дзень такую заяву падпісалі больш як 90 асобаў зь 10 краін сьвету — Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Чэхіі, Славаччыны, Польшчы, Азэрбайджана і Армэніі.

Сёньня ФСБ Расеі праз каналы афіцыйнага агенцтва «РІА Навіны» распаўсюдзіла відэазапіс прызнаньня Дзьмітрыя Штыблікава ды Аляксея Бесарабава ў плянаваньні дывэрсій на карысьць Украіны.

На мінулым тыдні ФСБ Расеі заявіла, што 9 лістапада ў Севастопалі затрымалі «ўдзельнікаў дывэрсійна-тэрарыстычнай групы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны». Пазьней высьветлілася, што затрыманыя Бесарабаў Аляксей Яўгенавіч, Штыблікаў Дзьмітры Анатолевіч і Дудко Уладзімір Міхайлавіч. Усіх трох падазраваных у падрыхтоўцы дывэрсій арыштавалі.

Кіраўніцтва выведкі Мінабароны Ўкраіны адмаўляе, што ў Крыме затрымалі яе супрацоўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG