Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Расея пайшла на парушэньне ўсіх нашых дамоўленасьцей


Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў Расею ў сувязі з уведзенай забаронай на пастаўкі беларускіх тавараў.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што Расея павяла сябе непрыстойна, забараніўшы многім беларускім прадпрыемствам пастаўку харчовых тавараў на сваю тэрыторыю.

«Пытаньне складаецца ў тым, што Расея пайшла на парушэньне ўсіх нашых дамоўленасьцей, якіх мы дасягнулі ў Мытным саюзе. Так, можна гэта тлумачыць нейкімі пытаньнямі бясьпекі, тэрарызмам і гэтак далей — можна прыдумаць усё і прышыць ярлыкі», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Ён дадаў, што беларускую прадукцыю добра ведаюць у іншых краінах і купляюць.

«Калі паставіць пытаньне аб тым, якія ж усё-такі тавары бясьпечней, беларускія або расейскія, гэта выкліча проста сьмех ня толькі ў Беларусі, але і ў любога расейца. Таму што ў Расейскай Фэдэрацыі, хай на мяне не крыўдзяцца, на паўстагодзьдзя адсталі ад Беларусі ў пляне бясьпекі тавараў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе аб прынятых мерах па зьняцьці забаронаў на ўвоз беларускай прадукцыі.

Ён таксама адхіліў усе абвінавачваньні ў махінацыях пры пастаўках прадуктаў харчаваньня з Беларусі на расейскі рынак.

«Мы катэгарычна забаранілі махінацыі з заходнімі таварамі з мэтай паставак на расейскі рынак — тыпу пераляпілі ярлык і паставілі. Гэтага няма, не было і ня будзе. Але мы перапрацоўвалі і будзем перапрацоўваць тую прадукцыю, якую лічым патрэбным, на тэрыторыі Беларусі», — заявіў прэзыдэнт.

Лукашэнка падкрэсьліў, што з самага пачатку заявіў Уладзіміру Пуціну, што Беларусь не далучыцца да расейскага эмбарга на заходняе прадукты харчаваньня.

«І, калі мы, напрыклад, мяса, малако, гародніна і садавіна, рыбу завозілі і перапрацоўвалі на тэрыторыі Беларусі, а затым гандлявалі гэтымі прадуктамі на Эўразійскай прасторы, у тым ліку ў Мытным саюзе, мы так і будзем працаваць. На гэта прэзыдэнт Расеі сказаў: гэта ваша права, гаворка не пра гэта», — распавёў кіраўнік Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG