Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў вайскоўцаў Расгвардыі «прафэсійна рэагаваць на спробы на якой заўгодна падставе дэстабілізаваць грамадзкі парадак у краіне». Аб гэтым кіраўнік Расейскай Фэдэрацыі заявіў на ўрачыстым канцэрце, прысьвечаным дню войскаў Расгвардыі, перадае агенцтва ТАСС.
Напярэдадні ў дзесятках гарадоў Расеі прайшлі антыкарупцыйныя акцыі пратэсту. Па ўсёй краіне былі затрыманыя да паўтары тысячы чалавек. Супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянялі сілу да пратэстоўцаў. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней паведаміў, што пра пратэсты было дакладзена Пуціну.
Фэдэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі (Расгвардыя) была створаная ўказам Пуціна ў красавіку 2016 году шляхам перафармаваньня з ўнутраных войскаў і далучэньня некаторых падразьдзяленьняў сыстэмы МУС Расеі.