Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У рабстве пад Лідай: дзе і як трымалі віетнамскіх нелегалаў


Рэпартаж Радыё Свабода зь вёскі Чэхаўцы Лідзкага раёну, дзе мясцовы прадпрымальнік утрымліваў у гаражы 16 віетнамцаў-нелегалаў.

Лідзкі раён не мяжуе зь Літвой, але Ліда — горад са сваім пагранатрадам. І празь яго і ваколіцы пралягаюць шляхі нелегальнай міграцыі ў Эўропу.

48-гадовы Сяргей Сталяроў, дырэктар УП «Транслайф», трымаў у сваім гаражы ў вёсцы Чэхаўцы Лідзкага раёну групу віетнамцаў-нелегалаў. Калі іх затрымалі, сьледзтва палічыла, што Сталяроў віетнамцаў эксплюатаваў, дрэнна карміў і «выкарыстоўваў іх рабскую працу». Да пераводу нелегалаў празь мяжу не дайшло, але абвінавачаньне ў «арганізацыі каналу нелегальнай міграцыі» ў справе Сталярова фігуруе.

Сталярову далі пяць гадоў узмоцненага рэжыму і канфіскавалі маёмасьць. Віетнамцаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконны ўезд у Беларусь і адсутнасьць дакумэнтаў, а затым дэпартавалі на радзіму.

Сьледзтва лічыць, што Сталяроў дзейнічаў у складзе групы, у якой былі грамадзяне Расеі. Група мелася пераправіць нелегалаў у Літву за грашовае ўзнагароджаньне. Расейскіх фігурантаў вызначыць не ўдалося, і матэрыялы на іх былі перададзеныя ў расейскія праваахоўныя органы.

А сам прадпрымальнік, які займаўся транспартнымі перавозкамі, на судзе тлумачыў, што пад Масквою нейкі Беслан папрасіў яго даставіць у Менск будаўнічыя матэрыялы. Але замест гэтага даў групу нібыта віетнамскіх рабочых і заплаціў тысячу даляраў.

У Менску нібыта ніякай будоўлі не было, і Сталяроў прывёз іх да сябе ў Чэхаўцы. Там яны прабылі восем дзён да затрыманьня. А самога Сталярова затрымалі пад Масквой, дзе ён быў у чарговым рэйсе.

Каб даведацца, ці сапраўды ёсьць рабства ў Лідзкім раёне, Радыё Свабода выправілася ў вёску Чэхаўцы.

Чэхаўцы
Чэхаўцы

«Правільна пасадзілі. Чаго ён іх прывёз?»

Ранішняя вёска бязьлюдная. У ёй дзьве вуліцы: Крывая і ўласна Чэхаўцы, дамоў якіх шэсьцьдзесят.

Спадарыня Марыя распавяла, што віетнамцаў трымалі «ў канцы вуліцы».

Імя прадпрымальніка яна называе, а прозьвішча, кажа, ня ведае. За што пасадзілі?

«А чаго ён іх папрывозіў? Яшчэ і мала, можа, далі, няхай не трымаў бы. Нехта раз казаў: а чаго гэта пайшоў да той хаты віетнамец, такі малы? Я ж сама ня бачыла, я ў канец вуліцы не хаджу. Людзі асуджаюць: правільна пасадзілі, ня трэба было везьці. Казалі: хадзілі, прасілі есьці. А чаго ён іх вёз? Ніхто яго не шкадуе».

Значыць, толькі віетнамцаў шкадавалі? — удакладняем мы.

«А чаго яны ехалі сюды? — кажа спадарыня Марыя. — Ну, канечне, іх голадам марылі. Ну як ім выбрацца? Ну чаго іх трымаць тутака столькі дзён і голадам марыць? Пакарміць жа трэба было. Трэба ж было здаць іх ці ня браць адтуль, ну, я ня ведаю. Ну, так людзі гавораць...»

У гэтым будынку трымалі восем дзён шаснаццаць віетнамцаў

У гэтым будынку трымалі восем дзён шаснаццаць віетнамцаў

Другая жыхарка вёскі, спадарыня Данута, рэагуе на пытаньне пра віетнамцаў і пакаранага зьняволеньнем прадпрымальніка крыху інакш:

«Ня знаю, нічога ня знаю. Ня чулі, зусім нічога? Не, ну я знаю, але нічога не скажу. Чаму? Мне ня трэба праблемаў. Я іх ня бачыла, а хто бачыў — ніхто ня скажа. Чалавека пасадзілі на пяць год, што вы думаеце! Шкада маладога чалавека. Прывёз ён іх на сваю бяду. Езьдзіў, шукаў і знайшоў сабе бяду. Ён добры чалавек. Сын застаўся старэйшы і жонка маладая з малым дзіцём...»

Ад нечаканай спэцапэрацыі ледзь не пацярпела собская жывёла Івана Іваныча

Жыхар Чэхаўцаў Іван Іваныч, пачуўшы пра мэту нашага зьяўленьня, сьмяецца. Ці чытаў у мясцовай газэце пра гісторыю зь віетнамцамі?

«Канечне, — адказвае, — я ж відавочцам быў!»

Іван Іваныч запрашае ў хату, каб не размаўляць на двары. З пэўным задавальненьнем ён пачынае аповед:

«Зараз, што я бачыў, вам раскажу. У мяне кароўка была на часах, я яе непадалёк ад слупа навязаў, каб заўсёды была навідавоку. Гэта было гадзіны ў тры. Гляджу: машыны, адна, другая, трэцяя. Ну, мала што: чалавек працуе, можа, сябры прыехалі. А да яго сапраўды прыяжджалі. І раптам я бачу: зароў матор, пазадарожнік, і проста на кароўку, кароўка мая зрываецца. Гэта кол каб вырваць семдзесят сантымэтраў — які быў удар! Ну, ён ехаў на яе з усёй хуткасьці. Я пасьпяшаў за ёй, гляджу: чатыры ці пяць чалавек бягуць да рэчкі».

Машына зрушыла ім напярэймы. А што былі за людзі, што лавілі віетнамцаў, ён ня ведае, «у іх ні пагонаў, нічога не было».

Ад нечаканай спэцапэрацыі ледзь не пацярпела собская жывёла Івана Іваныча:

«Пайшоў я за кароўкай, яна, значыць, у шоку. Звычайна на маё слова спыняецца, падыходзіць да мяне, у мяне ў кішэні бурачок ці хлебушак. А гэта ніяк. А ў мяне ногі хворыя. І далёка зайшла, кілямэтра за паўтара. Там чалавек быў з каровамі таксама, злавіў яе за повад. Я прывёў яе, навязаў, гляджу: што такое? Там каля майстэрняў бэтонная пляцоўка, на ёй пацаны ляжаць, у адной майцы пузёнкамі на бэтон».

Чэхаўцоўскі конь, які пасьвіўся побач зь месцам, дзе затрымалі віетнамцаў

Чэхаўцоўскі конь, які пасьвіўся побач зь месцам, дзе затрымалі віетнамцаў

Двое з групы людзей у цывільным накіраваліся да Івана Іваныча:

«Адзін назваўся палкоўнікам пагранвойскаў і давай распытваць: што вы бачылі? Мы з жонкай: нічога. Ён: „Выкручваецеся, ня хочаце сказаць. Мы ўсё роўна гэта ведалі, у нас відэакамэра тут стаіць, мы даўно за імі, ужо тыдзень назіралі...“

Можа, ён такі палкоўнік, як я футбаліст з маімі нагамі. Дакумэнтаў ён не паказваў. За кожнае слова чапляўся. „А можа, вы ім дапамагалі, можа, вы зь імі „ў дзеле“? Я кажу: „Што вы малоціце, якое наша „дзела“, каб у нашым узросьце займацца?“ І я кажу: чаго вы зьдзекуецеся зь людзей? Яны ляжаць на бэтоне. Людзкія адносіны вы ж павінны мець, вы ж нейкія органы ўлады, яны ж людзі, тым больш яны нічога не зрабілі. А ўвогуле іх ніхто ня бачыў“.

Потым той нібы палкоўнік пайшоў. Праўда, напэўна, даў каманду, каб затрыманых паднялі з долу».

Іван Іваныч працягваў: «Іх пасадзілі, сядзяць, нібы смарчкі. „А навошта вы зь імі так?“ — пытаюся. „А яны, як мурашы, зараз распаўзуцца!“ — адказваюць.

А ў артыкуле ў газэце напісана, што калі прыйшлі ў пагонах, адчынілі дзьверы, віетнамцы абрадаваліся... Ды яны пабеглі да рэчкі адразу, але сунуліся ў ваду і зразумелі: куды яны пабягуць? Вярнуліся назад. І вось іх у мокрым адзеньні паклалі на бэтон».

У газэце Сталярова назвалі „рабаўладальнікам“, ды яшчэ „прыгоннае права“ ўзгадалі. Іван Іваныч не згаджаецца. Ці ён прымушаў іх працаваць, пытаемся:

«Але такую работу я б відэльцам і рукамі зрабіў бы, ня чым там, не рыдлёўкай, ня ломам, а відэльцам. І хіба гэта праца?“ — кажа Іван Іваныч і вядзе нас на месца. За белым цагляным будынкам паказвае дзеля пераканаўчасьці тры квадратныя ямкі глыбінёю сорак-пяцьдзясят сантымэтраў. А ў газэце напісана, што ён прымушаў іх капаць каналізацыю і пяць год убухалі яму страгача, і сядзіць як піць даць».

Ямінкі, выкапаныя віетнамцамі

Ямінкі, выкапаныя віетнамцамі

Вядома, Сяргей быў вінаваты, што згадзіўся падвезьці гэтых віетнамцаў, — кажа Іван Іваныч. — Але потым і сам, напэўна, каяўся: чаму? Таму што той чалавек, што прасіў іх перавезьці, усё не зьяўляецца. А самому іх перапраўляць церазь мяжу — гэта яшчэ адзін артыкул будзе.

На разьвітаньне Іван Іваныч закранае незразумелую для сябе праблему:

«А чаму нашы мяжу так ахоўваюць? Калі тыя лезуць, хочуць на Захад, хай ідуць. Я ад гэтай палітыкі далёкі, але раз яны ідуць туды, няхай ідуць, яны ж не да нас, праўда? Лукашэнка ж сказаў: мы ахоўваем, грошы за гэта людзям плацім, а нас яшчэ абвінавачваюць...»

Гэта хто яшчэ рабы?

Здарэньне выклікала «ўсебеларускае» абмеркаваньне ў інтэрнэце. Чытачоў вельмі зачапілі словы «рабаўладальнік», «зрабіў віетнамцаў сваімі рабамі». Адна з газэт шлях нелегалаў з Масквы пад Ліду назвала «дарогай у рабства». «Дзевяноста адсоткаў насельніцтва РБ працуе за ежу, і ніхто нікога не пасадзіў за гэта». «Калі праца за ежу — гэта рабства, то ў РБ рабаўладальніцкі лад, хаця хіба больш нагадвае фэадальны». «А хіба канфіскацыя маёмасьці прадугледжваецца за „прымушэньне да працы“? Выглядае, што сэнс справы быў у тым, каб канфіскаваць у чалавека транспарт».

Камэнтатары разьвілі і «расейскі аспэкт». «Яшчэ трэба разабрацца, хто сапраўды рабы. У Расеі прыблізна мільён нашых рабоў — і нічога, задаволеныя». «У кожнага знойдуцца знаёмыя, што ў Маскве ці на Поўначы на будоўлях толькі за ежу парабкавалі. Столькі нашых там згінула за апошнія часы».

XS
SM
MD
LG