Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў суд. Лёгкая эстрадная музыка


Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка
Алесь Юркойць. Здымак Дзяніса Раманюка

Бог Марфэй наведаў працэс ашмянскіх мытнікаў. Пазяхае судзьдзя, пазяхаюць падсудныя, пазяхаем мы ў залі. Канвойныя міліцыянты спяць стоячы, з расплюшчанымі вачыма. Раз за разам пазяхае Алесь Юркойць.

Працяг. Пачатак тут

Яшчэ ў калідоры перад пачаткам праз краты і шкло я заўважыў, што ў Алеся прапала ўчорашняя густая барада. Ягоная сястра Галіна кажа, што прымусілі згаліць. Ён быў дамогся не галіцца – надта датклівая скура, «кожнага разу кроў капала». А тут прымусілі і вось – абдзёртыя шчокі.

Калісьці я цэлую перадачу рабіў пра турэмнае галеньне. Называлася «Барада Шчукіна». Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі тады зрабіў культуралягічны разбор сюжэту. Мінула 15 гадоў. І сёньня Харэўскі на працэсе паголенага Юркойця. А старагрэцкага Марфэюса, дарэчы, нязьменна паказвалі з густой барадой.

Пракурор па-ранейшаму гугніць эпізоды сабе пад нос. Разглядаюцца кветкі. 4 тысячы «транспартных сродкаў» з «кветкавай прадукцыяй», за бесьперашкодны праезд якіх на мяжы мытнікі бралі «грашовыя сродкі», то бок хабар. «І гэта толькі кветачкі», – уздыхае Харэўскі.

Выглядаюць эпізоды наступным чынам. Транспартны сродак, які сьледаваў на адрас ААТ «Міленіюм» ці «Эльдарада» ці «Профіль» (назваў процьма), аформлены на ўказаньне Карповіча, скажам, 09.11.2013, за што «арганізаванай злачыннай групай» атрымана 210 даляраў ЗША. Выглядае, такім чынам пракурор агучыць усе 4 тысячы эпізодаў. Мяняецца назва фірмы, дата, сума і прозьвішча мытніка. Нязьменнай застаецца «арганізаваная злачынная група» – не канкрэтны падазраваны, а менавіта «АЗГ». Застаецца трывалае ўражаньне, што пракурор гэтым тысячы разоў паўтораным «АЗГ» прывучае нас да таго, што ўсе, усе 58 мытнікаў, каго абвінавачваюць у гэтай справе, – злачынцы, яшчэ да прысуду, бо ўжо павязаныя адной гэтай фармулёўкай, быццам ад паўтарэньня яна сама сабой ператворыцца ў рэальнасьць яшчэ да таго, як выступяць адвакаты і самі падсудныя.

Алесь Юркойць не прызнаў сябе вінаватым. Я чакаю ягоных і адваката доказаў ягонай невінаватасьці. А яго ўжо залічылі ў злачынную групу, якую яшчэ трэба даказаць. А што калі ў працэсе будзе даказана, што не было ніякай групы, а толькі асобныя выпадкі хабару і не ў 58-мі, а ў нейкіх канкрэтных мытнікаў? Ці – што нічога ўвогуле не было?

Не магу не зьвярнуць увагі на магію лічбаў. 58 – расстрэльны артыкул сталінскага КК – па сутнасьці за іншадумства. У 1988-м у нас быў створаны «Камітэт 58», які зьбіраў зьвесткі пра ахвяраў сталіншчыны. І вось – працэс 58-мі.

Паводле пракурора, «АЗГ» мытнікаў была створаная на працягу 2010-2015 гадоў. Тысячы эпізодаў фіксаваліся ўвесь гэты час. Пяць гадоў. Ускосна тыя, хто гэта ўсё фіксаваў, адсочваў паездкі мытнікаў, праслухоўваў іх тэлефоны, гэтую «АЗГ» і стваралі. Напрацоўвалі, складалі факты карупцыі ў тэчкі, сачылі за ўсімі, у тым ліку за сабой. Пяць гадоў! Колькі ж народу ва ўсім гэтым удзельнічае! У напрацоўцы кампрамату «на заўтра». І самае галоўнае – навошта? Ведаць пра злачынства і не спыніць яго, наадварот, даць разрасьціся ў «арганізаваную злачынную групу». Напэўна, такія практыкі надаюцца для асяродку наркадылераў – каб трымаць пад кантролем. Але для чаго яны сярод службовых асобаў у дзяржаўным апараце? А яшчэ – калі камусьці з 58-мі інкрымінуюць «неданясеньне» як злачынства, дык тое самае і горшае злачынства ўчынілі тыя, хто ведаў і не данёс у 2010-м і пасьля яшчэ на працягу пяці гадоў? Як ні ўгаворваю сябе – бачу адно шкоду і дзяржаве, і нацыянальным інтарэсам. Гэта як наўмысна атручваць дзяржаўныя органы наркатычнай залежнасьцю.

Так шмат спэцслужбаў і так лёгка ім заблукацца ў трох соснах, каб замест карысьці прыносіць сваёй краіне шкоду. Хто і навошта ўзгадаваў на мытні «арганізаваную злачынную групу»? Альбо па-іншаму – хто і навошта прыдумаў гэтую «АЗГ» і гэты судовы працэс?

Пракурор пераходзіць на мармытаньне. Дык вось ты які, таварыш Марфэй! З поля слыху выпадаюць прозьвішчы абвінавачаных і цэлыя кавалкі абвінавачаньня. Так у царкве панамар мармыча фразы, быццам даючы знаць, што гэтыя словы нікога ні да чаго не абавязваюць. Мы перагладаемся з Харэўскім і ён шэпча мне на вуха: А цяпер паслухайце лёгкую эстрадную музыку.

Але ж гэта абвінаваўчае заключэньне. Я зьбіраўся быў падумаць пра непавагу з боку пракурора да ўсіх, хто яго слухае – да паўсотні чалавек у гэтай актавай залі. Але падумаў пра іншае.

Складваецца ўражаньне, што ўсім удзельнікам працэсу ўжо ўсё ясна, рашэньні прынятыя і цяпер трэба толькі ўсё гэта прачытаць ці хаця б прагугніць. Прапушчаныя эпізоды і праглочаныя прозьвішчы быццам і ня важныя нікому. Быццам ніхто тут не зьбіраецца бараніцца, чапляцца за кожнае слова, абвяргаць, даказваць. Ніхто ня просіць чытаць выразна. Пры тым, што кошт справы – 10-15 гадоў турмы.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG