Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку матацыклістаў могуць не пусьціць на праспэкт Скарыны


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Мясцовыя ўлады вырашаюць, ці не забараніць рух мотатранспарту па галоўным праспэкце гораду. Паведамленьне пра ініцыятыву разьмешчана на сайце Полацкага райвыканкаму.

Мажлівасьць забароны «у мэтах папярэджаньня прычын дарожна-транспартных здарэньняў з удзелам пешаходаў у сувязі зь неаднаразовымі зваротамі грамадзянаў» і «з прычыны нізкай культуры кіраваньня» ўладальнікамі матацыклаў.

Калі прымуць адпаведнае рашэньне, на інтэрнэт-старонцы не паведамляецца, аднак грамадзкасьць Полацка сапраўды незадаволена.

«Матацыклісты вечарамі тусуюцца каля помніка Скарыну — адмыслова зьяжджаюцца на матацыклах, пʼюць каву, размаўляюць. І ў гэтым не было б нічога страшнага, калі б яны ня лёталі паўз увесь праспэкт да другога свайго „пункту збору“ — плошчы, на якой яны зьбіраюцца каля былога гарвыканкаму. Туды-сюды матацыклы лётаюць на шалёнай хуткасьці і позна ўвечары, і ноччу», — расказала Вольга Церашковіч, жыхарка аднаго з дамоў на праспэкце Скарыны.

Праспэкт Скарыны ў Полацку
Праспэкт Скарыны ў Полацку

Адно з самых «гучных» ДТЗ на праспэкце Скарыны адбылося сёлета: 13 сакавіка каля 19:45 кіроўца матацыкла ўрэзаўся ў аўтамабіль. Паводле вэрсіі ДАІ, кіроўца ня справіўся з кіраваньнем, у выніку чаго быў траўмаваны ягоны пасажыр.

Пытаньне пра небясьпеку ад мотатранспарту яшчэ летась неаднаразова ўздымала і полацкая рэгіянальная, і віцебская абласная службы ДАІ. Віцябляне забілі трывогу пасьля таго, як 11 ліпеня 2015 году на нерэгуляваным пешаходным пераходзе на Маскоўскім праспэкце 24-гадовы кіроўца матацыкла зьбіў маладую сямейную пару. Усе трое загінулі. ДТЗ шмат абмяркоўвалася на розных узроўнях, была агучана несуцяшальная статыстыка: як выявілася, за першую палову 2015 году на Віцебшчыне адбылося 13 аварый з удзелам матацыклістаў, у выніку якіх загінулі 5 чалавек, 11 атрымалі траўмы.

ДАІ пачала прафіляктычную працу: падчас рэйдаў матацыклістаў затрымлівалі дзеля праверак. І высьветлілі, што шмат матацыклаў не стаіць на ўліку, частка машын не праходзіла тэхагляду. Але мінулагоднія захады не прынесьлі вялікага посьпеху: за 4 першыя месяцы 2016 году на Віцебшчыне было выяўлена больш за 700 парушэньняў ПДР кіроўцамі матацыклаў, 75 адсоткаў зь іх былі ў стане алькагольнага апʼяненьня. За той самы пэрыяд было зафіксавана 9 ДТЗ з удзелам матацыклістаў, прытым у 7-мі выпадках былі вінаватыя менавіта кіроўцы мотатранспарту. У выніку аварый 3 чалавекі загінулі, 8 былі траўмаваныя.

Месяц таму ў батальёне дарожна-патрульнай службы ДАІ Віцебску зьявілася адмысловая мотагрупа: чатыры супрацоўнікі пазьменна дзяжураць на матацыклах. Іх задача — выяўленьне парушэньняў ПДР кіроўцамі-матацыклістамі.

Што да Полацку, то жыхары праспэкту Скарыны лічаць забарону мотатранспарту адзіна магчымым сродкам барацьбы з начным шумам. Аднак насельнікі іншых вуліц адзначаюць, што небясьпека ад матацыклаў проста «памяняе адрэсу»: матацыклістаў на вялікай хуткасьці часта можна заўважыць таксама на вуліцах Кастрычніцкай і імя Багдановіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG