Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Пішчалаўскім замку ўсе ведаюць: уцячы каштуе 10 рублёў»


Былы палітвязень Зьміцер Дрозд зьбірае ў архівах матэрыял для кнігі пра гісторыю цяперашняй «Валадаркі» — Менскага турэмнага замка. Першы разьдзел кнігі будзе прысьвечаны ўцёкам з гэтай турмы.

Зьміцер Дрозд кажа, што менавіта з захапляльных гісторыяў уцёкаў зь Пішчалаўскага замка пачалося яго зацікаўленьне гэтай установай як гісторыка. А як чалавек ён пазнаёміўся з «Валадаркай» пасьля арышту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. У ізалятары выявілася, што вязьняў ужо не трымаюць у старым будынку турмы, а толькі ў новых прыбудовах, аднак на шпацыры выводзяць праз замкавае сутарэньне. «Ідзеш па калідоры, і ўсе паказваюць на камэру, дзе нібыта дагэтуль расстрэльваюць. Вельмі змрочна. Але я задумаўся: няўжо адсюль сапраўды, як кажуць, ніхто не ўцякаў?»

Пасьля вызваленьня з калёніі Зьміцер Дрозд пачаў вывучаць гісторыю Пішчалаўскага замка і гэтак уцягнуўся ў дасьледаваньні, што цяпер піша пра замак кнігу. Першы яе разьдзел ужо амаль складзены. Ён будзе прысьвячацца якраз уцёкам з гэтай турмы. Паводле высновы, якую зрабіў гісторык, менавіта ўцёкі з ранейшай турмы спрычыніліся да таго, што на гэтым месцы быў пабудаваны турэмны замак.

— Пішчалаўскі замак пабудавалі замест старога астрога, які быў абнесены старым ужо на той час плотам, празь які пачалі ўцякаць вязьні. Напісана ў дакумэнтах, што яго пабудавалі дзеля таго, каб спыніць уцёкі. І трэба сказаць, што гэтую функцыю замак спраўна выконваў, але ўсё роўна кожны год былі спробы ўцёкаў. Мне паводле дакумэнтаў вядома каля 30 выпадкаў уцёкаў ці спробаў уцёкаў. Гэта за інтэрвал з 1821 году — калі турму пачалі будаваць, а ў 1825-м туды ўжо зьмясьцілі першых вязьняў, — і да рэвалюцыі 1917 году.

Уцёкі былі самыя розныя. Ад простых — здолеў пералезьці праз плот — да самых складаных. Сам Менскі турэмны замак — гэта яго афіцыйная назва — даволі капітальная пабудова, са зьнешнімі мурамі таўшчынёй 70 сантымэтраў. І вось у сярэдзіне 19 стагодзьдзя вязьні, якія жылі на трэцім паверсе, прадзяўблі пад нарамі дзірку ды зрабілі ў сьцяне лаз ажно да сутарэньня, адкуль зьбіраліся зрабіць падкоп. Але ў іх здарылася неспадзяванка. Каб было лягчэй рабіць лаз, яны палівалі кладку вадой, і вялікая пляма пачала праступаць з другога боку. Урэшце ахоўнікі заўважылі гэтую пляму. Але ўсё роўна не адразу гэтая спроба была раскрытая, а толькі пасьля таго, як адна ахоўніца падслухала размову жанчын-вязьняў габрэйскай нацыянальнасьці. Тыя размаўлялі на ідыш, а жанчына была мясцовая, габрэяў у Менску жыло шмат, і яна зразумела, што гаворка ідзе пра падрыхтоўку ўцёкаў. Паведаміла начальству, узяліся ўсё абшукваць, згадалі пра тую пляму і знайшлі лаз.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

— І што зрабілі тым, хто зьбіраўся ўцячы?

— А вось тут яшчэ адзін цікавы момант, які паказвае, наколькі цяперашнія норавы адрозьніваюцца ад тагачасных. Дзіва, але, як сьведчаць дакумэнты, нічога самім вязьням і не зрабілі. Праводзілі праверку, дапытвалі, а большасьць сказалі, што нічога ня ведаюць, маўляў, у камэры 20 чалавек, дык паспрабуй іх упільнуй. Вось так усё і скончылася. І правасудзьдзе тады было не такое, як цяпер — віна не даказаная, дык амаль нікога і не пакаралі за тую спробу. Хто сам не прызнаўся, дык адчапіліся«.

Уцекачамі былі ўдзельнікі паўстаньняў і рэвалюцыяў

Адна зь першых спробаў масавых уцёкаў з замка адносіцца да падзеяў польскага паўстаньня 1830 году. Зьмер Дрозд знайшоў у дакумэнтах згадкі пра падкоп, які зрабілі ў 1835-м пад сьцяной з лазьні, што была ў падвале. Адтуль вязьні пракапалі даўгі лаз, але вырашылі, што, каб скончыць працу, сваіх сіл ім ня хопіць. Уцягнулі ў змову новых асуджаных, сярод якіх быў нейкі Тэадор Рэмбоўскі, удзельнік паўстаньня. Ніхто ня ведаў, што Рэмбоўскага адміністрацыя выкарыстоўвала як ката ў турме. Узялі яго ў справу, а ён усіх залажыў. Пасьля гэтага ў яго, зразумела, склаліся вельмі няпростыя адносіны зь іншымі вязьнямі і ён двойчы спрабаваў з турмы ўцячы, але яго двойчы хапалі.

Чаму па тагачаснай «Валадарцы» вязьні маглі хадзіць без суправаджэньня ахоўнікаў

Гісторык зрабіў такую выснову, бо шмат якія падзеі ў турме не маглі б адбыцца, калі б не было даволі вольнага па цяперашніх мерках знаходжаньня вязьняў у замку. Прыкладам, у менскім турэмным замку ўтрымлівалі і жанчын. Знаходзіліся яны ў асобных камэрах, але, як вынікае з дакумэнтаў, у арыштантаў абодвух полаў выходзіла наладжваць і асабістыя зносіны. «Маглі перасекчыся на шпацыры, дзе ў іншым месцы. Бо прыбіральні былі толькі на калідоры, ня ў камэрах, як цяпер, і людзі хадзілі сюды-туды самастойна. Нездарма зьяўляліся запісы ў мэтрычнай кніжцы, што такая і такая арыштантка нарадзіла невядома ад каго», — усьміхаецца дасьледчык.

Дарэчы, вось што высьветліў Зьміцер Дрозд адносна прыбіральняў у Менскім турэмным замку. Аказваецца, спачатку іх пабудавалі ў самім будынку, унутры, але не ўлічылі, што людзей было шмат, а прымусовай вэнтыляцыі тады не існавала. «Дрэнны пах быў, відаць, такі, што знаходзіцца ў памяшканьні, асабліва ўлетку, было немагчыма. Аднойчы прыехаў нейкі правяральшчык, які вырашыў з гэтым пазмагацца і далажыў наверх. Вось тады ў турме здарылася перабудова, падчас якой да замка прыбудавалі высокія драўляныя прыбіральні, якімі можна было карыстацца з абодвух паверхаў», — распавёў гісторык.

Яшчэ без нагляду вязьні хадзілі ў кухню, бо самі мусілі гатаваць сабе ежу. Такім чынам, па замку было шмат розных перасоўваньняў, падчас якіх і ўзьнікалі перадумовы для ўцёкаў, лічыць Зьміцер Дрозд.

Паводле дасьледчыка, пасьля самаробнай рыдлёўкі самай распаўсюджанай прыладай для ўцёкаў была вяроўка. Але дзе яе знайсьці ў турме і як ёй скарыстацца?

«Звычайна вязьні дабіраліся да гарышча, дзе сушыліся матрацы, пасьцелі, бялізна. Іх рэзалі на палосы ды скручвалі ў вяроўкі, па якіх злазілі з другога паверху ў вонкавы дворык. Такіх выпадкаў было вельмі шмат. Некаторыя ўцёкі былі ўдалыя. Прыкладам, даводзілася чытаць матэрыялы працэсу па справе аб уцёках — ужо мінуў год, а ўцекача дагэтуль не знайшлі.

— Ці даставалася ахоўнікам?

Наглядчык служыў ужо 18 гадоў. У яго былі мэдалі, узнагароды, але як здарыліся ўцёкі — арыштавалі і аддалі пад суд

— Заўсёды праводзілася расьсьледаваньне, хто вінаваты. Высьвятлялі, хто ня убачыў, не зачыніў дзьвярэй ці праспаў. Тады зьнешняя ахова была гэтак наладжана: па вуглах вакол турмы былі такія будкі, дзе сядзелі ахоўнікі, дык іх кожную гадзіну правяраў начальнік зьмены. І ёсьць даклады, што зайшоў у тую будку, а ахоўнік сьпіць, зайшоў у другую, і той сьпіць. Ахоўнікамі ў 19-м стагодзьдзі былі звычайныя салдаты-рэкруты, у іх да службы было стаўленьне не такое пільнае, як у адмысловых ахоўнікаў, якія зьявіліся бліжэй да канца стагодзьдзя. А гэтыя ахоўнікі, іх называлі наглядчыкамі («надзірацелямі»), працавалі і па 15, і па 18 гадоў. Бачыў разбор справы аб такіх уцёках, дзе фігуруе наглядчык, які служыў ужо 18 год. У яго былі мэдалі, узнагароды, але як здарыліся ўцёкі, яго арыштавалі і аддалі пад суд. На тым судзе, дарэчы, ахоўнікі адзін на аднаго сьведчылі, каб пазьбегнуць адказнасьці. Нават агучылі зьвесткі, што ў турме ўсе ведаюць пра расцэнкі за ўцёкі — маўляў, што 10 рублёў гэта каштавала.

Хто такія «тэрміновыя» і «калодачнікі»?

Вязьні турмы падзяляліся на катэгорыі і ў залежнасьці ад сваёй катэгорыі атрымлівалі грошы на харчаваньне. Гэтак, былі палітычныя вязьні, якіх асудзілі паводле артыкула аб спробе зьмены дзяржаўнага ладу. У параўнаньні зь вязьнем такога ж саслоўя ў палітычнага норма грашовага забесьпячэньня была большая. Нават селянін-палітычны атрымліваў больш, чым селянін, які ўчыніў простае крымінальнае злачынства. Нормы ўтрыманьня ўлічвалі і дзяржаўныя чыны вязьняў. Гэтак, арыштаванаму стацкаму саветніку належала выдаваць кубак віна, смажаніну ды іншыя стравы.

Паводле дасьледаваньняў Зьмітра Дразда, самай масавай катэгорыяй вязьняў Менскага турэмнага замка былі гэтак званыя «тэрміновыя». Гэта тыя, каго асудзілі за дробныя злачынствы — ня больш як на тры гады: кішэнныя злодзеі, нейкія хуліганы і гэтак далей. Паводле дакумэнтаў, палова ўсіх уцёкаў прыпадае якраз на гэтых «тэрміновых». Няўжо іх больш цягнула на волю, чым тых жа палітычных?

«За сур’ёзных зладзеяў іх не лічылі, утрымлівалі ў асобных камэрах, выводзілі на працы ў горад. Прыкладам, яны працавалі на менскай разьніцы, клалі брук, зімой прыбіралі сьнег. Вось і ўцякалі. Відаць, чалавек як апынецца па-за межамі турмы, разамлее на сонейку, дык і бярэцца ўцякаць. Зьбягалі, але звычайна празь дзень-два ўцекачоў лавілі і вярталі ў турму, прычым, як правіла, пакараньне не было строгім. Шмат каго і з ахоўнікаў апраўдвалі, бо не хапала наглядчыкаў. Па норме трэба было на 20 вязьняў мець трох наглядчыкаў, а выходзіла на суправаджэньне 1–2, а то і адзін. Ён у судзе кажа, што ня меў магчымасьці ўсіх упільнаваць, начальнік турмы гэта пацьвярджае — і апраўдвалі. У канцы 19-га стагодзьдзя ўжо зьявіліся суды прысяжных, дык яны ўвогуле судзілі вельмі, скажам так, лібэральна. Некаторых апраўдвалі нават за ўцёкі, асабліва ў пэрыяд расейскай рэвалюцыі 1905 году, калі быў дэмакратычны ўздым. Адвакат выдае бліскучую прамову, што нельга судзіць чалавека за натуральнае жаданьне волі, і суд прысяжных з гэтым пагаджаецца. Маўляў, у яго была магчымасьць уцячы, і ён уцёк, а вінаватыя тыя, хто не дагледзеў. Нават сёньня такія законы ёсьць не ўва ўсіх эўрапейскіх краінах, ведаю толькі вось пра Швэцыю, а сто год таму ў нас ужо карысталіся такім правам», — заўважае Зьміцер Дрозд.

Адвакат выдае бліскучую прамову, што нельга судзіць чалавека за натуральнае жаданьне волі, і суд прысяжных з гэтым пагаджаецца

Наступная масавая катэгорыя вязьняў, якую вызначыў гісторык, — гэта вайскоўцы. У 19-м стагодзьдзі ў Расейскай імпэрыі яшчэ была рэкруцкая павіннасьць, і сярод рэкрутаў было вельмі шмат уцекачоў. Трымалі іх асобна ад іншых. Таксама ў выніку паўстаньняў трапляла ў турму шмат ваеннапалонных. Паводле дасьледаваньняў Зьмітра Дразда, каб утрымліваць ваеннапалонных, пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў побач з турмой адмыслова пабудавалі драўляную адрыну, адкуль было шмат спробаў уцячы. «На адным працэсе суд дапытваў сьведак — чаму вязьні адтуль змаглі ўцячы? Дык сьведка кажа, што людзі сядзяць, а там няма сьвятла, няма паветра, вось дзьверы і адчынілі», — згадаў гісторык.

Трэцяй па масавасьці катэгорыяй вязьняў былі перасыльныя, бо Менская турма выкарыстоўвалася яшчэ і як «перасылка» — як адзін з этапаў на шляху з Варшавы ў Сыбір. Падчас паўстаньняў, асабліва ў 1831 годзе, сюды трапіла багата перасыльных вязьняў, недзе 300–400 чалавек, пры тым, што ўся турма была разьлічаная на 200–300. Праз пэўны час іх пешкі адпраўлялі на ўсход, але часу паміж этапамі магло прайсьці шмат — чыгункі тады не было.

«Начальнік турмы дакладваў, што разьмяшчаць іх няма дзе, дык прыміце меры. З гэтай функцыяй турмы як перасыльнай зьвязаная легенда, што нібыта з замка калісьці ўцёк Фэлікс Дзяржынскі, галоўны чэкіст бальшавіцкай Расеі. Насамрэч гэта ня так. Калі ён тут і быў, дык толькі як перасыльны вязень, але адсюль ён не ўцякаў, такіх зьвестак дакладна няма», — кажа Зьміцер Дрозд.

Апошняя катэгорыя, якую вызначае Зьміцер Дрозд, — «сакрэтныя». Гэта вязьні камэры, якая называлася сакрэтнай. Аднак пра вязьняў гэтай камэры дасьледчыку невядома, за што ўтрымлівалі гэтых людзей.

«Прозьвішчаў і нават сьпісу вязьняў гэтай камэры я ня бачыў. Бачыў толькі пазначэньне „сакрэтная камэра“ і ведаю, што яна знаходзілася ў падвале. Пакуль гэта ўсё», — кажа Зьміцер Дрозд.

— Як мяняліся парадкі ў менскім турэмным замку ад паўстаньняў да Лютаўскай рэвалюцыі?

— Найбольш адбілася на турэмных парадках рэвалюцыя 1905 году, што вельмі добра бачна па дакумэнтах. Арыштанты адчулі, што на свабодзе стала больш волі, і гэта на іх паўплывала, у тым ліку ў тым сэнсе, што стала больш спробаў уцёкаў. Быў выпадак, што адзін арыштант за месяц спрабаваў уцячы двойчы, а ўвогуле месяца не праходзіла, каб хто ня ўцёк ці не спрабаваў уцячы. Праўда, колькасьць уцёкаў магла павялічыцца і праз тое, што турма ў той час зрабілася перанаселеная, бо з-за рэвалюцыйных дзеяньняў сталі больш арыштоўваць, а штат адміністрацыі і аховы застаўся той жа. У гэты момант у Менскім турэмным замку сядзела нашмат больш палітычных, чым раней.

Ці выконвалі ў Пішчалаўскім замку царскіх часоў сьмяротныя пакараньні?

Паводле гісторыка, з дакумэнтаў, якія ён вывучаў, не вынікае, што сьмяротныя прысуды выконвалі непасрэдна ў будынку турмы, як гэта, паводле былога начальніка Менскага СІЗА Алега Алкаева, адбывалася яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Але Зьмітру Дразду трапляліся зьвесткі пра сьмяротныя прысуды, у тым ліку пасьля 1905 году. Тады іх выносілі вайскова-палявыя суды, якія асабліва не цырымоніліся з рэвалюцыянэрамі.

Сярод вязьняў была яшчэ адна нешматлікая катэгорыя — гэтак званыя «калодачнікі». Гэта асуджаныя на сьмерць або катаргу — на 20 і больш гадоў, нават бестэрмінова. У гэтай катэгорыі былі як злосныя крымінальнікі, гэтак і палітычныя, і стаўленьне да іх было асаблівае. Па-першае, яны ўсе былі закаваныя ў кайданкі, насілі пэўную вопратку, іх трымалі ў самых змрочных камэрах у сутарэньні, шпацыры ім былі забароненыя. Але і адтуль здараліся ўцёкі. Паводле дасьледаваньня Зьмітра Дразда, з такой камэры пасьля паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ўцёк былы вайсковец, якому дапамог ахоўнік, магчыма, ягоны знаёмы. Ён перадаў вязьню пілку па мэтале, той перапілаваў краты, і разам яны ўцяклі. У дакумэнтах, якія вывучаў у архіве дасьледчык, няма зьвестак, як далей склаўся лёс уцекача і ягонага памагатага.

Зьміцер Дрозд не выключае, што вязьняў Менскай губэрнскай турмы (такая назва паступова выцесьніла з афіцыйнага абароту старую назву «Менскі турэмны замак») маглі караць сьмерцю недзе непадалёк ад замка. Аднак што пакараньні былі, гэта пэўна. «Мне трапляўся запіс у мэтрычнай кнізе пра тое, што тут у Менску прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд афіцэру Цюндзявіцкаму, але быў ён расстраляны ці павешаны — не пазначана».

Пасьля першай расейскай рэвалюцыі, паводле дасьледчыка, стала выносіцца больш сьмяротных прысудаў, але з гэтага не вынікае, што столькі ж раз і каралі сьмерцю. Гісторык прывёў прыклад, як пасьля апэляцыі віленскі губэрнатар некаторым з асуджаных на сьмерць злачынцаў прысуд пакінуў, а некаторым замяніў на 25 гадоў катаргі:

Мяне проста захапляе, як тады працавала судовая сыстэма — вядома, у параўнаньні зь цяперашнім часам у нас

— Гэта цяпер у нас, калі разгляд нейкай справы пачынаюць, дык усім вядомы вынік, ну, з разьбежкай адзін-два гады. А тады часта бывала, што чалавека апраўдвалі і адпускалі, асабліва калі пачалі судзіць суды прысяжных. Мяне проста захапляе, як тады працавала судовая сыстэма — вядома, у параўнаньні зь цяперашнім часам у нас. Вельмі шмат было апраўдальных прысудаў, не даказана віна — усё, чалавека адпускаюць, не трымаюць у турме абы за што. Некаторыя працэсы цягнуліся гадамі, прычым чалавек гэты час не сядзеў у турме, а жыў на волі, працаваў, прыяжджаў на суд. Скажам, вось справа — чалавек ужо зьехаў у Варшаву, а тут тры гады ідзе суд. Яго за кошт дзяржавы вязуць з Варшавы ў Менск, каб даў паказаньні, потым вяртаецца. У справе ёсьць прагонныя дакумэнты, што сьведка прыехаў зь Пінску, каб даць паказаньні. Тры дні ехаў. Яму ўсе выдаткі аплацілі. Збольшага сыстэма была падобная да цяперашняй у нас, але значна больш чалавечная. Судзьдзі пераважна ўлічвалі, якія ў чалавека ёсьць зьмякчальныя абставіны, і таму часта трапляецца фармулёўка ў прысудзе, што вінаваты, але заслугоўвае спагады. І адносна палітычных паводле прысудаў ня бачна, што да іх было нейкае перадузятае стаўленьне, як цяпер. Нават лепш да іх ставіліся. Прыкладам, харчавалі лепш. І шмат адносна іх апраўдальных прысудаў — не даказалі, што чалавек замешаны ў нейкіх палітычных акцыях, і апраўдвалі.

Шукалі ня «крайніх», а сапраўды вінаватых

У сьпісе ўцёкаў, дасьледаваных Зьмітром Драздом, ёсьць два выпадкі, якія адбыліся дзякуючы рамонтным працам у замку. Першы раз рамонтнікі проста пакінулі без нагляду пілу, вязьні яе падабралі, прапілавалі ў дзьвярах дзірку і адразу ўцяклі. Другім разам будаўнікі пакінулі ў турэмным двары кладку зь піламатэрыялаў, прычым вельмі неабачліва — каля сьцяны. Арыштанты гэтым скарысталіся: перакінулі бэлькі на сьцяну, залезьлі на яе і ўцяклі. Дык прыцягнулі да адказнасьці не шараговых ахоўнікаў, а начальніка турмы за тое, што дазволіў складзіраваць дошкі ў такім месцы. Справа доўга цягнулася. Начальнік ужо пасьпеў звольніцца, зьехаў у іншае месца, яго знайшлі і асудзілі. Але пакараньне было нязначнае.

«Самае горшае, чым каралі начальнікаў турмы — месяц арышту. А ў асноўным 3—5—7 дзён, прычым не ў турме, а пры паліцэйскім участку. На самой справе і тым, хто ўцякаў, і тым, хто іх не ўпільнаваў, давалі невялікія пакараньні. Магчыма, гэта і садзейнічала таму, што ўцёкаў было шмат, а магчыма, такія тады былі норавы — уцёкі лічыліся натуральнай зьявай».

І тым, хто ўцякаў, і тым, хто іх не ўпільнаваў, давалі невялікія пакараньні

Зьміцер Дрозд працуе над каталёгам начальнікаў Менскага турэмнага замка. Хто былі гэтыя людзі?

Выявілася, менскай губэрнскай турмой кіравалі афіцэры ня самага высокага чыну. «Палкоўнікаў не сустрэў ніводнага», — кажа гісторык. Паводле яго, была цякучка начальнікаў, што пазначана ў дакумэнтах. Зьміцер Дрозд мяркуе, што пасада начальніка менскай губэрнскай турмы не лічылася вельмі прэстыжнай, і таму надоўга на гэтай пасадзе не затрымліваліся.

«З дакумэнтаў мне вядома пра ахоўніка, які адпрацаваў 18 гадоў у замку, але няма ніводнага начальніка, які б затрымаўся больш як на 5 гадоў. Часьцей за ўсё менавіта ўцёкі з замка ставілі крыж на кар’еры начальніка турмы. Прыкладам, быў адзін начальнік — вэтэран Крымскай вайны, абаронца Севастопаля. Усё нібыта добра, але здарыліся ўцёкі, разбор, і перавялі ў Пінскую турму, яўна на паніжэньне. Ці вось быў такі начальнік Станкевіч, які пасьпеў адпрацаваць толькі пару тыдняў, не пасьпеў яшчэ разабрацца ў справах, як здарыліся ўцёкі — зьбег такі злодзей Чапкоўскі, і начальніка турмы ня проста зьнялі, а ўзялі пад арышт на час расьсьледаваньня, бо падазравалі чамусьці, што ён меў дачыненьне да ўцёкаў. Шмат месяцаў цягнулася расьсьледаваньне, ад Станкевіча ўрэшце адчапіліся, але на гэтым ягоная кар’ера скончылася».

Царква ня той арыентацыі

Зьміцер Дрозд высьветліў, што Пішчалаўскі замак быў пабудаваны паводле тыповага праекту для губэрнскіх турмаў. Падобныя турмы пабудавалі таксама ў Харкаве, Астрахані, іншых гарадах імпэрыі. Згодна з праектам у замку была прадугледжаная царква, але пры яе пабудове праект парушылі —. пабудавалі царкву гэтак, што зьмянілася кананічная арыентацыя адносна бакоў сьвету. Будаўнікі тлумачылі гэта тым, што інакш бы сьвятару не хапала сьвятла, калі чытае малітвы. Але прыёмная камісія ўперлася і не хацела прымаць будынак. У выніку давялося царкву перарабіць.

Па чатырох кутах турмы пабудаваныя вежы. Паводле Зьмітра Дразда, раней у трох вежах былі камэры, у тым ліку ў адной — жаночая, а чацьвёртая выкарыстоўвалася як воданапорная. У ёй стаяла вялікая цыстэрна з вадой. З гэтай вежай таксама зьвязаная гісторыя ўцёкаў. Адзін вязень прабраўся ў вежу, зрабіў падкоп пад цыстэрну з вадой і здолеў выбрацца з замка. Дакумэнт ня кажа, ці ўдалося яго злавіць.

Сьмерці вязьняў

Натуральна, што ў Менскім турэмным замку паміралі людзі, у тым ліку гвалтоўнай сьмерцю. Ці адлюстраваныя такія выпадкі ў дакумэнтах?

Няма ніводнага дакумэнту, які б засьведчыў, што сьмерць вязьня турмы здарылася па віне ахоўнікаў

Паводле Зьмітра Дразда, ён не сустракаў ніводнага дакумэнту, які б засьведчыў, што сьмерць вязьня турмы здарылася па віне ахоўнікаў. «Гэта нагадвае цяперашнюю практыку, калі ўсе сьмерці тлумачацца хваробамі. Як у справе Ігара Пцічкіна», — заўважае былы палітвязень Зьміцер Дрозд. Паводле дакумэнтаў, якія бачыў Зьміцер Дрозд, вязьні турмы паміралі ад сухотаў, ад хваробы сэрца, ад іншых невылечных на той час хваробаў ці ўвогуле зь нявысьветленых прычын. «Але заўсёды праводзіўся разбор, спрабавалі знайсьці прычыну», — адзначае дасьледчык.

Як дзейнічала паліцыя, каб знайсьці ўцекача?

Перадавалі зьвесткі ў гарадзкую паліцыю, праводзілі аблавы ў горадзе, у газэтах зьмяшчалі аб’яву пра ўцёкі з апісаньнем зьнешнасьці ўцекача. З пачатку 20-га стагодзьдзя пачалі рабіць фота ўсіх вязьняў, што значна дапамагала ў пошуках уцекачоў і ў расьсьледаваньні спраў. Зьміцер Дрозд згадаў выпадак, калі вязень адмовіўся фатаграфавацца і нават пабіўся праз гэта з ахоўнікамі. Як выявілася, у яго была прычына баяцца фатаздымкаў. Празь нейкі час па фатаздымку паліцыянты вызначылі ягонае сапраўднае імя і тое, што за ім лічыліся цяжкія злачынствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG