Як паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, пакупнікамі сталі ангельска-швайцарская кампанія Glencor (Global Energy Commodity Resources) і Катарскі сувэрэнны фонд (Qatar Investment Authority).
У мінулым месяцы Сьледчы камітэт Расеі затрымаў Аляксея Ўлюкаева, кіраўніка Міністэрства эканамічнага разьвіцьця. Супраць Улюкаева пачалі крымінальную справу за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.
Яго вінавацяць у вымаганьні 2 млн даляраў ЗША за станоўчую ацэнку міністэрствам прыватызацыі кампаніі «Башнефть» — пакупкі бяз конкурсу кампаніяй «Роснефть» 50 адсоткаў акцыяў дзяржаўнай кампаніі «Башнефть».
Пры гэтым з самім фактам куплі, што адбылася ў кастрычніку 2016 году, сьледчыя не спрачаюцца. Сам Улюкаеў заяўляў у ліпені, што «Роснефть» гэта «неналежны» пакупнік «Башнефть».
Як тады заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі, Уладзімір Пуцін ведаў пра апэрацыю ад пачатку апэратыўнай распрацоўкі, меў усю інфармацыю. Прэс-служба кабінэту міністраў Расеі тады ж паведаміла, што затрыманьне Ўлюкаева з Пуціным абмеркаваў кіраўнік ураду Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, які ў свой час сам падпісаў распараджэньне аб продажы кампаніі «Башнефть».