Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палачанах гатовыя паставіць намёты, пратэстуючы супраць сьвінакомплексу


Палачаны супраць сьвінакомплекса. Рэпартаж Аляксандры Дынько
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:13 0:00

Палачаны супраць сьвінакомплекса. Рэпартаж Аляксандры Дынько

У вёсцы Палачаны, дзе Аляксандар Лукашэнка дазволіў пабудаваць сьвінакомплекс на сто тысяч галоў, дырэктар даводзіць, што сьвінакомплекс загубіць усю ягоную гаспадарку. Людзі спадзяюцца, што да іх прыслухаюцца, і месца пабудовы перанясуць.

Палачаны — вялікі і вельмі дагледжаны аграгарадок у Маладэчанскім раёне. Пра тое, што жыхароў «ашчасьлівяць» сьвінакомплексам, тут даведаліся два месяцы таму. Месца, зь якім прапанавалі пагадзіцца вяскоўцам, — за чыгункай на старым калгасным аэрадроме — людзям не спадабалася. Лісты з запытамі пайшлі ў Маладэчанскі выканкам, Менскі аблвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта. Дзеля абмеркаваньня мясцовыя ўлады сабралі людзей у сельсавеце.

У невялікі будынак набілася больш за сто чалавек. Кажуць, што ўсе былі катэгарычна супраць. Меркаванае месца пабудовы, якое прадставілі сялянам, надта блізка ад вёскі і займае найлепшыя ворныя землі ААТ «Палачаны».

Людзям адказалі, што месца будоўлі яшчэ ня вызначанае. Таму ўказ прэзыдэнта № 220 ад 1 чэрвеня, які дазволіў маладэчанскаму прадпрыемству «Вялес-Міт» пабудаваць у Палачанах сьвінакомплекс, стаў для іх непрыемнай нечаканасьцю.

Ніна Аляксандраўна Станевіч. 74 гады. Езьдзіць за стырном белага фіята

Рухавік пратэстаў супраць пабудовы сьвінакомплексу — Ніна Аляксандраўна Станевіч зь вёскі Груздава. Ёй 74 гады, зь іх 57 прапрацавала ў мясцовай аграгаспадарцы — ад калгаса да ААТ. Цяпер уваходзіць у назіральную раду ААТ «Палачаны». Трымае карову і чатырох сьвіней. Езьдзіць на белым фіяце. Называе сябе «баявая баба».

«Калі гэта адбудзецца на гэтым участку, то гэта будзе катастрофа для Палачан і Груздава, — кажа Ніна Аляксандраўна. — На самых лепшых нашых землях хочуць будаваць. Я тут ведаю кожную сьцяжынку, кожную крупінку. З 57 гадоў я 15 працавала аграномам. Ведаю ўсе свае землі, балы зямлі (ацэнка ўрадлівасьці зямлі. — РС), усё ведаю дасканальна».

ААТ «Палачаны»
ААТ «Палачаны»

Тэлефон Станевіч нам далі ў канторы ААТ «Палачаны». Тутэйшыя работніцы і самі супраць сьвінакомплексу:

«Калі тут пабудуюць, хоць ты шукай хату іншую, — кажуць яны. — У нас у Хожаве пабудавана на 15 тысяч, дык калі ціхае надвор’е, там людзі задыхаюцца. А тут сто тысяч!». Распавядаюць, што комплекс плянуюць будаваць на ўзвышку і вельмі блізка ад вёскі, таму ўсе сьцёкі паплывуць на людзей.

«ААТ „Палачаны“ мела 13 вёсак, — тлумачыць Ніна Станевіч. — На сёньня „жывыя“ і пэрспэктыўныя дзьве — Палачаны і Груздава. Груздава — стаіць на трасе, праведзены газ, вада, пяць кілямэтраў да гораду (Маладэчна. — РС), маладыя людзі будуюцца, езьдзяць у горад на працу. На Новы год мы 22 дзіцяці сабралі на ёлку!».

Ніна Аляксандраўна кажа, што месца, якое «Вялес-Міт» абраў для пабудовы, зойме найлепшыя ворныя землі гаспадаркі. У тое, што на комплексе ўдасца захаваць усе тэхналёгіі і пазьбегнуць шкоды для людзей, дасьведчаная аграном ня верыць.

«Канечне, яны вельмі разумныя! — абураецца яна наконт замоўцаў будоўлі. — Газ блізка, станцыя блізка — ім толькі ветку (чыгуначную. — РС) правесьці, разрэзаць нашы ўсе палі. Дык трэба ж падумаць пра людзей, чым яны будуць дыхаць! Яны даводзяць, што гэта вельмі сучасныя комплексы. Ды ведаю я: два гады будзе як паложана, а пасьля ломам „рускі Іван“ засуне засаўку».

Тут можа быць сьвінакомплекс
Тут можа быць сьвінакомплекс

Турбуе Ніну Аляксандраўну і тое, што людзям каля сьвінакомплексу забароняць трымаць свойскую жывёлу.

«А мне ж 74 гады, і я трымаю карову, сьвінаматку і чатыры кабаны!» — кажа яна.

Станевіч кажа, што супраць будоўлі выказалася вельмі шмат людзей — ад дырэктара ААТ «Палачаны» да мэханізатараў і паляводаў. Тое, што да іхняй думкі не прыслухоўваюцца, Ніну Аляксандраўну абурае:

«Мы ж чарнавы народ! Нас ніхто ня слухае. Чаму ў нас безгаспадарлівасьць? Бо ў нас не нізы камандуюць, а вярхі ў кабінэтах», — кажа яна.

Паводле яе словаў, адстойваць свае правы людзі ў Палачанах і вакол іх гатовыя адчайна.

«Людзі кажуць, мы і палаткі паставім, і начаваць будзем. Вы толькі нам падкажыце. Прыедуць капаць, мы паставім палаткі, ня пусьцім. Але прэзыдэнт жа не паказаў месца на самых лепшых землях! — кажа Ніна Аляксандраўна. І дадае, што калі б у яе была магчымасьць пагаварыць з прэзыдэнтам, ён бы абавязкова яе паслухаў.

Дырэктар Кароль супраць будоўлі і заступаецца за сваіх палачанцаў

У Палачанах распавядаюць, што першым плян пабудовы комплексу на месцы былога калгаснага аэрадрома адмовіўся падпісваць малады дырэктар ААТ «Палачаны» Сяргей Кароль. Згоду нібыта даў папярэдні дырэктар за пару дзён да свайго сыходу. А разьбірацца давялося Каралю.

«Мы будаваць ня будзем і да гэтага ісьці ня маем намеру, — кажа Сяргей Кароль. — Дзе плянуецца будаваць, з намі пакуль ніхто не ўзгадняў. Былі пляны будаваць за Палачанамі — мэтраў 600–700 ад вёскі. Разуменьня з боку сяльчанаў не знайшлі. І нашай асабліва зацікаўленасьці ў гэтым няма. Будоўля спынілася на стадыі распрацоўкі дакумэнтацыі».

Плошча сьцёкаў накіраваная ў раку Бярэзіну

Сяргей Валянцінавіч упэўнены, што калі сьвінакомплекс зьявіцца на заплянаваным раней месцы — гэта загубіць усю ягоную гаспадарку.

«Гэта цэнтральныя землі гаспадаркі «Палачаны», іх бальнасьць 46, і мы тут у цэнтры ставім комплекс?! Уводзім у абмежаваньне севазварот — кілямэтар у кожны бок, і адбіраем у гаспадаркі тысячу гектараў зямлі! У нас застаецца тысяча гектараў — вось гэты тарфянік. Як працаваць? — задае пытаньні малады дырэктар.

Да таго ж і для жыхароў, і для гаспадаркі пабудова азначае абмежаваньні на рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі.

«Пляцоўка, якая плянавалася адпачатку, — гэта недапушчальна. Несумленна ў дачыненьні да жыхароў Палачан. Моладзі мы ўжо тут не пацягнем. Шкада будзе», — кажа Кароль.

Комплекс загубіць раку Бярэзіну, — лічыць дырэктар. А гэта пагроза ўсёй экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне.

«Плошча сьцёкаў (будучага комплексу. — РС) накіраваная ў раку Бярэзіну, і з палёў фільтрацыі, якія будуць каля гэтага комплексу, усе яны будуць у рацэ. Рэльеф мясцовасьці такі, што паўсюль ухілы. Будзе крыўдна, калі сьцёкі пойдуць у раку і загубяць яе», — кажа Сяргей Кароль.

Кароль асабіста прапаноўваў замоўнікам будоўлі іншую пляцоўку ў раёне Вялікага Сяла. Але якое рашэньне прынята цяпер, ніхто ня ведае. Ніякіх дакумэнтаў у ААТ «Палачаны» яшчэ ня бачылі.

«Там жа ня сто галоў будзе! — кажа мясцовы мэханізатар, які далучыўся да нашай размовы. — Паўтара кілямэтра ад вёскі! І што мы будзем душыцца гэтым смуродам? Як указ такі выйшаў, то будзем і з прэзыдэнтам змагацца, а што?!»

Косараў Аляксандр Якаўлевіч, фэрмэр, былы старшыня калгасу: «Няўжо ж сьвіньні даражэйшыя за людзей?!»

У вёсачку Аборак да фэрмэра Аляксандра Косарава, былога старшыні калгасу, мы прыяжджаем за белым фіятам Ніны Аляксандраўны. Косараў фэрмэрам з 1997 году, займаецца раньняй бульбай і збожжавымі.

«Мяне бянтэжыць, што гэта вырашаецца ў загадным парадку і землі адводзяцца без узгадненьня з агульным сходам. Калгасьнікі сваёй працай гэтую зямлю аздаблялі, — даводзіць сваю рацыю Косараў.

Галоўны ягоны клопат — кепская вада ў рэгіёне.

«Вада ў нас вельмі кепская, у сувязі з чым была прынятая праграма „Чыстая вада“. І вось уявім стотысячны комплекс, які будзе разьмешчаны ад майго дома кілямэтры за чатыры, — кажа Косараў. — Наша мясцовасьць у даліне, а вакол узвышанасьці. Вобразна — мы на дне талеркі. Усе грунтовыя воды сьцякуць сюды. Усе сьцёкі (ад сьвінакомплексу. — РС) будуць падсычаць гэтыя грунтовыя воды, і ўсё гэта пойдзе ў нас у калодзежы. Няўжо ж сьвіньні даражэйшыя за людзей?! Эканоміка ж для людзей?!»

Паводле Аляксандра Якаўлевіча, людзі і так нацярпеліся ад дзейнасьці жывёлагадоўчых гаспадарак.

«У Груздаве ёсьць комплекс буйной рагатай жывёлы. Тут побач з маім домам на 400 галоў жывёлагадоўчая фэрма, дойны статак таксама. Тут жа адкорм цялят. Плюс яшчэ гэтых 100 тысяч, — распавядае фэрмэр. — Нават з гэтага невялікага аб’ёму, калі пачынаюць дзьмуць заходнія вятры, у нас тут дыхаць няма чым. А калі была сьвінафэрма на тысячу з чымсьці галоў — то кашмар быў проста!»

Паводле Косарава, кепская экалёгія ў рэгіёне ўжо спрычынілася да таго, што ў Палачанах высокі ўзровень захворваньняў на анкалёгію.

«Трэба ўзгадняць з тымі людзьмі, якія будуць тут жыць, дыхаць і піць ваду, — кажа ён. — Крыўдна нам, што такое стаўленьне да нас. Хоць такая добрая гаспадарка, людзі працаздольныя. Хто ж будзе працаваць, калі людзі будуць хварэць? Навошта тады гэты комплекс?» — пытаецца Косараў.

Мы спадзяёмся, што пачуюць нашу просьбу, увойдуць у наша становішча, аднясуць недзе далей

Але галоўнае, у чым сумняецца Косараў са сваім фэрмэрскім досьведам, — ці ўвогуле Беларусі патрэбныя такія сьвінакомплексы:

«Колькі ў нас ужо гэтых „помнікаў“? — кажа ён. — Наша сьвінафэрма, комплекс у Зораньцы (вёска каля Палачанаў. — РС) быў на 1200 галоў — стаіць! Трэба падысьці ўзважана. Ці будзе збыт гэтага мяса? Спадзявацца на Расею трэба асьцярожна. Там таксама сельская гаспадарка стала бурліва разьвівацца. Будзе час, што наша мяса на захад ня пойдзе, на Расею ня пойдзе, і мы яго тут не зьямо».

«А што вырашыць наш урад? Мы спадзяёмся, што пачуюць нашу просьбу, увойдуць у наша становішча, аднясуць недзе далей. І хацелася б, каб хоць і будзе ці ня будзе, а праграму „Чыстая вада“ выканалі», — кажа Аляксандар Якаўлевіч.

У Маладэчанскім выканкаме Радыё Свабода паведамілі, што замоўца, кампанія «Вялес-Міт», яшчэ не зьвяртаўся з праектнай дакумэнтацыяй, і канчатковае месца, дзе будзе разьмяшчацца сьвінакомплекс, пакуль ня вызначана.

У кампаніі «Вялес-Міт» паабяцалі даць камэнтар 12 чэрвеня.

У той жа час указ Аляксандра Лукашэнкі № 220 ад 1 чэрвеня замацоўвае будоўлю аднаго са сьвінакомплексаў у раёне вёскі Палачаны. Другі комплекс будзе пабудаваны ў раёне вёскі Соўлава. Комплексы пабудуюць на працягу 2015–2018 гадоў. Кампанія ўкладзе ў праект 70 мільёнаў эўра. Усе гатовыя аб’екты інжынэрнай і транспартнай інфраструктуры будуць бязвыплатна перададзеныя ў дзяржаўную ўласнасьць.

Указ дазваляе замоўцу «Вялес-Міт» пры будаўніцтве выдаляць «аб’екты расьліннага сьвету без ажыцьцяўленьня кампэнсанцыйных выплат» і здымаць слой урадлівай глебы, выкарыстоўваючы яго для патрэбаў, зьвязаных са сьвінагадоўчым комплексам.

Першапачаткова адзін з комплексаў плянавалі пабудаваць пад самым Маладэчнам — каля вёскі Мойсічы. На грамадзкіх слуханьнях 1 сьнежня мінулага году грамадзяне заявілі, што цэлая вёска Раёўшчына знаходзіцца на адлегласьці 940 мэтраў ад меркаванага комплексу, што супярэчыць нормам, і выявілі ў праекце яшчэ шэраг парушэньняў. Грамадзкае абурэньне прымусіла мясцовыя ўлады адмовіцца ад будоўлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG