Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне апублікавалі архіўныя дакумэнты КГБ пра Бабін Яр


Мэмарыял памяці ахвяраў Галакосту ў Бабіным Яры
Мэмарыял памяці ахвяраў Галакосту ў Бабіным Яры

Ва Ўкраіне апублікаваныя 25 архіўных дакумэнтаў КГБ, якія сьведчаць аб захадах савецкіх спэцслужбаў у сувязі з акцыямі памяці габрэяў, якія загінулі ад рук нацыстаў у часе Другой сусьветнай вайны ў Бабіным Яры.

З дакумэнтаў, якія адносяцца да 1966–1978 гадоў, вынікае, што савецкія спэцслужбы лічылі ўшанаваньне памяці габрэяў-ахвяраў Галакосту праявамі «сіянізму», «габрэйскага экстрэмізму» і «правакацыйнымі экстрэмісцкімі акцыямі».

Архівы КДБ ўпершыню былі адкрытыя ў 2007 годзе, праз тры гады пасьля Аранжавай рэвалюцыі. У 2010 годзе, калі прэзыдэнтам краіны стаў Віктар Януковіч, іх зноў закрылі. У пачатку 2015 году Служба бясьпекі Ўкраіны перадала архівы ва Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці.

«Штогод напярэдадні гадавіны нацысцкіх расстрэлаў у Бабіным Яры 29 верасьня чэкісты адзначалі ў сваіх дакумэнтах намеры так званых „габрэйскіх экстрэмістаў“ ушанаваць памяць ахвяраў Бабінага Яру, а значыць выкарыстоўваць гадавіну трагедыі „з правакацыйнай мэтай“ для антыграмадзкіх праяваў. КГБ спрабаваў усяляк перашкодзіць усім памінальным акцыям, якія ня ўпісваліся ў камуністычную ідэалёгію», — заявіў дырэктар архіву СБУ Андрэй Когут. Паводле яго, у спэцыяльных паведамленьнях на імя першага сакратара Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Ўкраіны старшыня КГБ дакладваў аб заплянаваных габрэйскіх акцыях і захадах КГБ для іх апэратыўнага суправаджэньня і, часта, зрыву і затрыманьня ўдзельнікаў.

Так, у 1966 годзе спэцслужбе стала вядома, што 19 верасьня на мітынгу ў Бабіным Яры выступалі вядомыя пісьменьнікі Віктар Някрасаў, Барыс Антоненка-Давідовіч і Іван Дзюба. Прычым кіраўнік спэцслужбы ва Ўкраінскай ССР Віталь Нікітчанка ацэньваў рэакцыю габрэйскай моладзі на заклікі змагацца супраць антысэмітызму і ўмацоўваць супрацу паміж украінскім і габрэйскім народамі як «нацыяналістычную».

29 верасьня 1974 году аддзел савецкіх дружыньнікаў спыніў спробу групы габрэяў ускласьці да памятнага каменя ў Бабіным Яры вянкі, букеты і сіне-белыя стужкі з надпісамі «Ахвярам фашызму» і «Мы не забудзем. Габрэі з Рыгі і Масквы», а таксама ўсталяваць дзьве мэталёвыя зоркі Давіда. Усе прадметы дружыньнікі сканфіскавалі.

Спэцслужба старалася не дапусьціць, каб за мяжу трапіла нават мінімальная інфармацыя пра сапраўдны стан ўшанаваньня памяці ахвяраў Галакосту ва Ўкраінскай ССР.

Падчас нямецкай акупацыі Кіева ў Бабіным Яры нацысты масава расстрэльвалі габрэяў і цыганоў, савецкіх ваеннапалонных, партызанаў, чальцоў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Толькі за два дні, 29 і 30 верасьня 1941 году, там былі расстраляныя амаль 34 тысячы габрэяў. Масавыя расстрэлы працягваліся амаль да вызваленьня Кіева ў лістападзе 1943 году. За гэты час, паводле розных ацэнак гісторыкаў, у «Яры сьмерці» было зьнішчана ад 70 да 200 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG