Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым годзе ў Беларусь прыедуць новыя амбасадары


Новы амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі віцэ-адмірал Хасэ Баггіян Перыччы ўручыў копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных спраў Уладзімеру Макею. Гэта апошні замежны амбасадар, які сёлета пачынае працу ў Беларусі.

У 2015 годзе дыпляматычны корпус у Беларусі абнавіўся. Так, пакінула Менск кіраўніца офісу Эўракамісіі ў рангу амбасадаркі Майра Мора. Сваіх амбасадараў памянялі таксама Нямеччына і Румынія.

Скончылі працу ў Менску з розных прычынаў амбасадары Ізраілю, Польшчы, Украіны і кіраўнік аддзяленьня амбасады Швэйцарыі. Але на іхныя месцы афіцыйнага прызначэньня новых дыпляматаў яшчэ не было.

А апошні дзень 2015 году стане апошнім у Беларусі і для амбасадара Вялікай Брытаніі. Лёндан ужо афіцыйна аб’явіў, што на яго месцы ў 2016 годзе будзе працаваць дыпляматка Фіёла Габ.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які, паводле ягоных словаў, часта сустракаецца з замежнымі дыпляматамі, кажа, што ў наступным годзе трэба чакаць узмацненьня новага трэнду:

«Калі раней у палітыцы Эўразьвязу датычна Беларусі многае вызначаў польска-швэдзкі тандэм, то зараз мы бачым узмацненьне нямецкага складніку. Гэта і тое, што пераемніца Майры Моры — нямецкая дыпляматка. І тое, што на адказных участках у ведамствах Магерыні і Туска знаходзяцца менавіта нямецкія дыпляматы. Яны працуюць над праграмай „Усходняе партнэрства“, а значыць і на беларускім кірунку.

Таму можна казаць аб узмацненьні нямецкай прысутнасьці ў эўрапейскай палітыцы па Беларусі.

Што тычыцца пераемнікаў тых дыпляматаў, якія ўжо завяршылі сваю кадэнцыю ў Беларусі, то мне цікава, хто заменіць былога польскага амбасадара Лешака Шарэпку. Ці будзе прызначаны той, каго прапаноўваў стары ўрад, ці партыя „Закон і справядлівасьць“ знойдзе новую кандыдатуру. У гэтым інтрыга.

Асобна хачу сказаць пра былога амбасадара Ізраіля Ёзэфа Шагала. У свой час я адмовіўся ад сустрэчы зь ім, паколькі палічыў, што яго заявы наконт палітвязьняў абразьлівыя ня толькі для іх родных, але і для ўсёй палітычнай апазыцыі.

Не магу сказаць, што Шагал адыгрываў нейкую вялікую ролю ў Беларусі. Але Ізраіль для беларусаў мог бы стаць цікавым, паколькі там жыве шмат выхадцаў з нашай краіны. Многія зь іх зрабілі добрую кар’еру. Але гэта пытаньне не да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а да ўраду, наколькі ён мог бы гэта выкарыстаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG