Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас толькі адміністрацыя прэзыдэнта працуе, астатнія — лайдакі», — «дармаед» з Гомеля


Гарадзкая скульптура ў Гомелі
Гарадзкая скульптура ў Гомелі

2 красавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Ён тычыцца тых так званых эканамічна актыўных грамадзянаў, хто не працуе з 1 студзеня гэтага году. І калі такі чалавек цягам году ня зможа займець 183 «працадні», гэта значыць, адпрацаваць 183 дні, яму давядзецца заплаціць падатак у памеры 20 базавых велічыняў, што адпавядае 3 мільёнам 600 тысячам рублёў. Іначай — штраф альбо нават арышт.

Праз дэкрэт дзяржава мае стымуляваць працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасьці, а таксама прымусіць іх браць удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў.

Перадпэнсійнага ўзросту гамяльчук Аляксандар, які праз скарачэньні на вытворчасьці працяглы час заставаўся бяз працы, так рэагуе на дэкрэт № 3:

«Найперш трэба даць працу людзям, каб прадпрыемствы працавалі. А потым ужо ўводзіць — дармаедзтва не дармаедзтва, працуе ён ці не працуе. А цяпер нават у Гомелі адсоткаў 30–40 прадпрыемстваў не працуюць поўнасьцю. Гэтаксама ў Рэчыцы, многіх іншых гарадах. Гэта ж прыдумаць такое — непрацуючым плаціць падатак, штраф! Са столі браць ці дома на печцы грошы маляваць?»

Не пазбаўлены мэтафарычнасьці ў гаворцы наш суразмоўца лічыць, што ня варта залічваць грамадзянаў у «дармаеды», «лайдакі», «утрыманцы» і гэтак далей, не стварыўшы добрых умоваў для працы і годнага заробку:

«Спачатку трэба прапанаваць лыжку, каб рукамі ня браць страву, а потым ужо казаць, што ты хам і ня можаш акуратна есьці».

Спадар Аляксандар мяркуе, што прапанаваная сыстэма барацьбы з дармаедзтвам — абкладаньне «дармаедаў» падаткам, штрафамі — толькі падагрэе хабарніцтва, абернецца яшчэ большым адтокам працоўнай сілы:

«Гэта зноў хабары пачнуцца, „крышаваньне“. Я нават ня ведаю, як вылічыць усіх, хто не працуе. Гэта трэба шлягбаўмы на вуліцах ставіць і кожнага правяраць праз пашпарт і працоўную кніжку — працуеш ці не працуеш? Цяпер жа хтосьці працуе ў Маскве, хтосьці ў Польшчы ці ва Ўкраіне. Дый наагул людзей шмат зьехала з краіны. Калі яшчэ і гэтых беспрацоўных дармаедаў, якіх Аляксандар Рыгоравіч вызначыў, будуць штрафамі абкладваць, то і яны зьедуць. І хто будзе працаваць? Адміністрацыя прэзыдэнта? Калі так лічыць, то ў нас цяпер толькі яна й працуе. Астатнія — лайдакі, ці як іх па-іншаму назваць. Але калі яны так працуюць і такія разумнікі, то чаму народ такі бедны?».

Трыццацігадовы гамяльчук Віктар, які даўно пакінуў «месцы ня надта далёкія» і ў кампаніі трох такіх жа гарадзкіх валацуг бадзяецца цяпер бяз справы, цьвердзіць, што на працу яго ніхто не бярэ. Падатак на дармаедзтва яму плаціць няма з чаго. Арыштуюць — дык яму гэта найлепей:

«Я нікуды не магу ўладкавацца. Я — былы зэк. Гуляю ўжо гадоў пяць — ніхто не бярэ. Працоўнай кніжкі няма — безь яе нікуды не бяруць, нікуды не магу ўладкавацца. Няхай мяне арыштоўваюць. Пайду адсяджу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG