Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Надзеі Дударэнкі забіраюць усыноўленых хлапчукоў


Надзея Дударэнка з сынамі, 2013 год
Надзея Дударэнка з сынамі, 2013 год

Сьветлагорскі раённы суд з ініцыятывы мясцовых уладаў вырашыў пазбавіць Надзею Дударэнку зь мястэчка Парычы двух усыноўленых хлапчукоў — трэцяклясьнікаў Альберта і Андрэя. Два гады таму ў Дударэнкі забралі пяцёх прыёмных, але не ўсыноўленых дзяцей — аддзел адукацыі райвыканкаму скасаваў працоўную дамову на іх выхаваньне.

Дзевяцігадовы Андрэй і дзесяцігадовы Альберт пакуль застаюцца з Надзеяй Дударэнкай, зь якой жывуць разам ужо восем гадоў. Яна ўзяла хлапчукоў зь сірочага дома немаўлятамі, а ў 2007 годзе ўсынавіла, даўшы ім сваё прозьвішча. Цяпер, калі рашэньне раённага суду ня будзе адменена і ўступіць у сілу, усыноўленых дзяцей Дударэнкі перададуць органам апекі.

Дударэнка: «Дзеці пакуль яшчэ ў мяне — будзем падаваць у другі, трэці суд. Але ўсё запраграмавана: па ўказцы зьверху рашэньні прымаюць. Мэта іх, наколькі я разумею, — растаптаць мяне за тое, што я змагаюся за вяртаньне адабраных дзяцей. Першапачаткова мяне хацелі зрабіць ці то алькагалічкай, ці то непрытомнай, калі першых дзяцей забіралі. Сёньня чыноўнікі паказваюць: бачыце, забралі прыёмных дзяцей, дык яна і з усыноўленымі не спраўляецца, яна сацыяльна небясьпечная. Яны проста пэцкаюць маё імя».

Сьветлагорскі аддзел адукацыі прасіў адмяніць усынаўленьне на падставе артыкула 138 Кодэксу аб шлюбе і сям’і — гэта калі ўсынаўляльнік ухіляецца ад адукацыі і выхаваньня дзяцей альбо жорстка абыходзіцца зь імі. Апрача таго, паводле артыкула 125 усынаўляльнікам дзяцей ня можа быць асоба, якую раней пазбаўлялі абавязкаў апекуна. А ў Надзеі Дударэнкі ў 2012 годзе забралі пяцёх прыёмных дзяцей.

Яшчэ ня так даўно cям’я Дударэнкі была ў аддзеле адукацыі ці ня самай узорнай прыёмнай сям’ёй. Але калі Надзея не змаўчала пасьля зьбіцьця ў школе настаўніцай яе дзяцей, «узорную сям’ю» пачалі вінаваціць у адсутнасьці належных умоў для выхаваньня, няўдзеле ў школьных мерапрыемствах так званага «шостага дня». І наагул — што ў іх няма «сацыялізацыі».

Пазовы Дударэнкі ў суд да райвыканкаму на вяртаньне пяці прыёмных дзяцей плёну ня мелі.

У тым жа 2012 годзе, калі ўсыноўлены ёю Андрэй атрымаў траўму галавы ў школе, Надзея Дударэнка дамаглася для яго і Альберта індывідуальнага навучаньня. Баялася за іх здароўе і псыхалягічны стан. Хлапчукі займаліся дома.

Не павяла іх у школу Дударэнка і з пачаткам бягучага навучальнага году — працягвала займацца дома, хоць дырэктар Парыцкай сярэдняй школы Анатоль Дынько без заявы маці адмяніў свой ранейшы бестэрміновы загад на індывідуальнае навучаньне Андрэя і Альберта. І тлумачыў журналістам свой крок гэтак:

«Індывідуальнае навучаньне было спынена па заканчэньні мінулага навучальнага году. Загад мой ёсьць і рашэньне пэдсавету школы. Яны не засвоілі ў поўным аб’ёме праграму. Дзеці павінны хадзіць у школу, а яна іх не пускае».

У сваю чаргу Надзея Дударэнка, якая выгадавала сваіх чатырох дзяцей, сьцьвярджае, што й усыноўленыя хлопчыкі разьвіваюцца нармальна:

«Мы кантактуем зь людзьмі — ходзім да іншых, да нас прыходзяць. Дзеці не ізаляваныя. І разьвіваюцца яны нармальна. Мы падымалі пытаньне чаму сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небясьпечную. Ведаеце, што адказалі: няма кантактаў са школаю. Але ж гэта не падстава — няма такой заканадаўчай падставы, каб ставіць на ўлік як сацыяльна небясьпечную. Далей — няма сацыялізацыі. Але й гэта таксама не ўваходзіць у пералік падставаў на адмену ўсынаўленьня».

Андрэй і Альберт, прыёмныя дзеці Надзеі Дударэнка
Андрэй і Альберт, прыёмныя дзеці Надзеі Дударэнка

Жанчына кажа, што ўсынавіла яна дваіх хлапчукоў задоўга да таго, як у яе адабралі пяцёх прыёмных дзяцей. І пра адмену загаду на індывідуальнае навучаньне Альберта і Андрэя яна ня ведала да пачатку гэтага навучальнага году:

«Я б прыняла меры, бо мела права забраць дакумэнты і перавесьці дзяцей у любую іншую школу на індывідуальнае навучаньне, нават у іншы раён на тэрыторыі Беларусі, дзе б у нас склаліся адносіны».

Надзея Дударэнка згадвае, што сьветлагорскія начальнікі ад адукацыі так былі заклапочаны яе сям’ёй, што не заўважалі крыміналу побач. У тых жа Парычах у доме сямейнага тыпу бацька з сынам гвалцілі малалетніх дзяўчатак, узятых на выхаваньне. Зьдзек цягнуўся гадамі, пакуль адна зь дзяўчатак ледзь не наклала на сябе рукі, а ў сытуацыю не ўмяшаліся сьледчыя.

Дударэнка ў апошнія два гады ня раз зьвярталася ў розныя дзяржаўныя інстанцыі, каб там дэталёва разабраліся і з матывамі пазбаўленьня яе права займацца выхаваньнем прыёмных дзяцей, і са стаўленьнем у школе да яе ўсыноўленых хлапчукоў. Нават ставіла пытаньне: дзе ж лёгіка — прыёмных дзяцей адабралі, а ўсыноўленых — пакінулі? Не магла ўцяміць таксама, чаму яе сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небясьпечную.

Мінулай восеньню пасьля звароту ў Міністэрства адукацыі да яе прыяжджала галоўны спэцыяліст Гомельскай абласной управы адукацыі:

«Да мяне прыяжджала Тацяна Цяпугіна з управы адукацыі — прыходзіла разам з участковым на ўсялякі выпадак, хоць я на людзей ня кідаюся і не кусаюся. Яна сказала мне, што прыехала здымаць з уліку маю сям’ю як сацыяльна небясьпечную. Але калі даведалася, што я буду працягваць змагацца за прыёмных дзяцей, заявіла: гэтая тэма закрыта. І літаральна праз тыдзень Сьветлагорскі аддзел адукацыі падаў пазоў у суд на адмену ўсынаўленьня Андрэя і Альберта».

На адным з выязных паседжаньняў суду, які праходзіў у Парычах, Дударэнка запрасіла судзьдзю Людмілу Сядзько і камісію дадому, каб паглядзелі, у якіх умовах жывуць і вучацца дзеці:

«Дзяцей апыталі. Адзін хлопчык сказаў, што хоча зь любімай мамачкай жыць, і другі таксама. І паказалі, што займаюцца дзеці на кампутары. І праграмы навучальныя паказалі. Дзеці прывязаны — усе гэта бачылі. Бытавыя ўмовы глядзелі — у дзяцей усё ёсьць. Чысьціня ідэальная. Я дома, час ёсьць — я люблю парадак. Да крупіцы. Слухайце, яны павуцінку ў мяне знайшлі!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG