Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт паскардзіўся, што адбіраюць кампэнсацыю за арэнду жыльля


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнік менскай міліцыі паскардзіўся праваабаронцам на тое, што кіраўніцтва РУУС адмяніла кампэнсацыю арэнды жыльля. Паводле аўтара ліста, кампэнсацыю ня толькі адмянілі, але прымушаюць вярнуць атрыманыя раней грошы.

«Тым супрацоўнікам міліцыі, хто ня мае свайго жыльля, яго часткова аплачвалі. Тыдзень таму нам «добраахвотна-прымусова» прапанавалі напісаць заяву пра тое, што мы быццам бы добраахвотна просім спыніць аплачваць нам арандаванае жыльлё і просім вылічваць з нашага заробку тыя сумы, якія ўжо за нас сплацілі. Адштурхоўваюцца ад апошняй дамовы арэнды.

Такім чынам, калі я тры гады пражыў на апошняй кватэры, то за тры гады я мушу вярнуць грошы! Абстаноўка ў РУУС цяпер напружаная — шмат хто зьбіраецца звальняцца», — напісаў міліцыянт.

Аўтар ліста прасіў не называць ягонага прозьвішча. Раіса Міхайлоўская, кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру», які распаўсюдзіў тэкст ліста, запэўніла карэспандэнта Свабоды, што ягоны аўтар — рэальны супрацоўнік аднаго з РУУС Менску.

«Мы ня можам яго назваць, бо самі разумееце, чым яму гэта пагражае», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі: «Верагодна, сам вінаваты»

Аляксандар Ластоўксі, архіўнае фота

Аляксандар Ластоўксі, архіўнае фота

Закон прадугледжвае частковую кампэнсацыю жыльля, якое арандуе супрацоўнік міліцыі. Паводле прэсавага сакратара менскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, гэтая практыка пачалася з 2014 году, калі службовае жыльлё перавялі ў разрад арэнднага. Кампэнсацыя часткі аплаты робіцца на падставе заявы міліцыянта ў жыльлёва-бытавую камісію гарадзкой управы міліцыі.

Тое, што супрацоўніку міліцыі раптам адмовілі ў кампэнсацыі ды спрабуюць спагнаць зь яго раней кампэнсаваныя грошы, спадар Ластоўскі схільны тлумачыць асабістымі дзеяньнямі гэтага супрацоўніка.

«Мне вядомая падобная сытуацыя знутры, бо таксама атрымліваю кампэнсацыю за арандаванае жыльлё. Як усе, падаваў заяву ў жыльлёва-бытавую камісію, падпісваў абавязаньне, што буду інфармаваць камісію пра зьмены ў сваіх жыльлёвых умовах.

Калі перазаключыў дамову ці іншыя абставіны — цягам 10 дзён мусіш праінфармаваць, каб пры разьліку кампэнсацыі гэта было ўлічана. Кожны такі міліцыянт на ўліку, іх ня так і шмат. За кожным замацаваны супрацоўнік, у якога ёсьць нумар мабільнага тэлефона.

У мяне было, памятаю, калі згубіліся мае дадзеныя, што мяне абзвоньвалі, пыталіся, ці не зьмяніліся ў мяне ўмовы. Але ўсё ж чалавек сам мусіць паведаміць.

Таму, калі атрымалася так, што ён сам аказаўся вінаваты, не праінфармаваў пра нейкія зьмены, дык паводле закону ён мусіць кампэнсаваць. Іншая рэч, як будзе рабіцца пераразьлік, калі памылка не па віне нашых фінансістаў?

Ёсьць пэўныя хібы ў заканадаўстве, гэта пэўна, бо разьбіраліся ўжо з такімі сытуацыямі, і магу сказаць, што будзем шукаць магчымасьці, каб дапамагчы супрацоўнікам у гэтай сытуацыі ў межах закону», — сказаў прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі.

Паводле міліцыянта, памер кампэнсацыі за арандаванае жыльлё, якую ён атрымліваў, нязначны. «Недзе 200–300 тысяч штомесяц. Дакладна ня памятаю, трэба жыроўкі глядзець, гэтым жонка займаецца», — сказаў спадар Ластоўскі.

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў: «Цалкам веру, што такое можа быць»

Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Свабода ўзяла камэнтар да сытуацыі ў падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова, які шмат год адпрацаваў у адным з РУУС Менску. Паводле Мікалая Казлова, скарга міліцыянта цалкам можа быць абгрунтаванай.

«Мне не даводзілася атрымліваць кампэнсацыю, бо жыў у інтэрнаце. Але ведаю шмат былых калегаў, якія атрымлівалі кампэнсацыю за жыльлё. Дакладны працэнт ад кошту арэнды, які яны атрымлівалі, я ня памятаю, але даволі адчувальны кавалак.

І яшчэ дакладна памятаю, што заўсёды тым, каму была патрэбная тая кампэнсацыя, начальства рабіла ў гэтым розныя перашкоды. Кампэнсацыю заўсёды трэба было «выбіваць», настойваць, дамагацца. Пра гэта ўсе казалі», — згадаў Мікалай Казлоў.

Калі паверыць у сытуацыю, апісаную аўтарам ліста, узьнікае пытаньне: а навошта кіраўніцтву міліцэйскай установы пазбаўляць сваіх падначаленых будучай кампэнсацыі арэнды, ды яшчэ і патрабаваць вярнуць атрыманую раней кампэнсацыю? Вось вэрсія Мікалая Казлова.

«Верагодна, яны самі зацікаўленыя ў гэтым. Калі я працаваў у міліцыі, кіраўніцтва раённай управы, прыкладам, атрымлівала штогадовую прэмію за эканомію сродкаў. І яны сапраўды эканомілі. За 20 гадоў службы разы тры толькі было, што нас забясьпечвалі паперай, і ніводнага разу не выдавалі канцылярскіх прыладаў.

Даходзіла да таго, што пры аглядзе месца здарэньня бралі паперу ў пацярпелых, каб скласьці пратаколы. А начальства за эканомію атрымлівала прэміі — гэтак было заўсёды»,— распавёў былы міліцыянт Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, колькасьць беларускай міліцыі на тысячу жыхароў у 4 разы большая за паказчыкі савецкіх часоў, і таму грошай на ўтрыманьне міліцыі «хранічна не хапае».

Аўтар ліста пра адмену для яго кампэнсацыі за арэнднае жыльлё таксама распавёў пра дэфіцыт паперы і канцылярскіх прыладаў на сваім працоўным месцы.

Прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі лічыць гэтыя зьвесткі недакладнымі. «Гэта таксама трызьненьне», — сказаў Аляксандр Ластоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG