Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зноў экспэртны дэсант


Розныя аспэкты супрацоўніцтва зь Беларусьсю, уключаючы рэалізацыю праграмы «Ўсходняе партнэрства», абмяркоўвала сёньня ў Менску дэлегацыя працоўнай групы па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Рады Эўразьвязу.

Група экспэртаў на чале з Пэтэры Вуарымякі пачала свой візыт у Менск з размовы з намесьніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, якая курыруе ў зьнешнепалітычным ведамстве эўрапейскі кірунак. У рамках гэтай сустрэчы кіраўнікі шэрагу структураў МЗС правялі для дэлегацыі брыфінг.

Яшчэ год таму ўявіць такую высокую цікавасьць эўрапейскіх чыноўнікаў да Беларусі было немагчыма. Але зьявіліся тры прычыны, якія ўсё тлумачаць, адзначае ў размове са Свабодай аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

«Першая — гэта расейска-ўкраінскі канфлікт, які па-ранейшаму працягваецца. А Беларусь выступае ў ім перамоўнай пляцоўкай. Таму наша роля — і міжнародная, і рэгіянальная — павялічылася.

Другая — Брусэль працягвае перагляд палітыкі эўрапейскага добрасуседзтва ў цэлым і праграмы „Ўсходняе партнэрства“ як яе часткі.

Трэцяя — фактар прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія паступова набліжаюцца, таксама дае пра сябе знаць. Я думаю, што эўрапейскія структуры будуць спрабаваць дамовіцца з афіцыйнымі ўладамі пра пэўную супрацу, найперш пра назіраньне за выбарамі.

Гэта тое, што і спрыяе павелічэньню кантактаў у гэты пэрыяд».

Згаданая рабочая група, паводле структуры Эўразьвязу, уяўляе сабою экспэртны орган з прадстаўнікоў усіх 28 краін-чальцоў ЭЗ. У ягонай кампэтэнцыі — разгляд усіх аспэктаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

«Гэты факт якраз і надае экспэртнаму візыту ў Беларусь вялікае значэньне», — падкрэсьлівае Андрэй Елісееў:

«Эўрапейскі Зьвяз сур’ёзна ставіцца да экспэртных меркаваньняў і аналітычных матэрыялаў. Вядома, эўрапейскія палітыкі і чыноўнікі не зьвязаныя экспэртнымі меркаваньнямі, кансультатыўнымі і дарадчымі выкладкамі. Але яны бяруць іх пад увагу. А калі ўлічыць, што ў органах Эўразьвязу ня так шмат людзей, якія добра разьбіраюцца ў беларускіх справах, то якасныя экспэртныя даклады адыгрываюць вельмі важную ролю».

Акрамя меркаваньняў афіцыйных беларускіх чыноўнікаў, экспэрты з Брусэлю захацелі пачуць і альтэрнатыўныя погляды. Сёньня ўвечары яны сустракаюцца з праваабаронцамі і прадстаўнікамі апазыцыйных палітычных партыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG