Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявілася Алея шляхты, але ня ўсім яна спадабалася


Згуртаваньне беларускай шляхты зьдзіўленае самой ідэяй такой алеі ад Менскага сходу нашчадкаў шляхты і дваранства.

На тэрыторыі менскага Лошыцкага парку закладзеная Алея шляхты — 17 рабінаў «вянком» і тры дубы ў цэнтры. Чаму алея, а не, скажам, манумэнт, і каму менавіта алея прысьвечаная, Свабодзе тлумачыць старшыня арганізацыі Ігар Чкалаў-Шыдлоўскі:

«Алея — гэта гучыць больш выразна, Алея памяці. І гэта толькі першы крок. Праект распрацаваны ў „Менскпраекце“, там плянуецца яшчэ высадзіць дрэвы, дарожку зрабіць, будзе шыльдачка на камені. Тым больш Лошыца — гістарычны парк, там ёсьць музэй, у музэі мы таксама плянуем выставы рабіць.

Алея прысьвечаная шляхце як такой. Хацелася шляхту адзначыць, бо адзначаюць звычайна князёў, гетманаў, нейкіх першых асобаў дзяржавы. А дзе шляхта? Бяз шляхты ж не было б нічога! Хацелася б, каб усе нашчадкі шляхетных родаў бачылі, што вось нашы продкі стваралі гэтую дзяржаву, лілі кроў за яе!

На пасьведчаньні, якое мы выдавалі ўсім, хто браў у гэтым удзел, мы пішам як эпіграф: „Памяць продкам — настаўленьне нашчадкам“. Гэтак можна апісаць ідэю, чаму мы гэта зрабілі. Прыемна было бачыць, як было больш за сто ўдзельнікаў, многія прыйшлі зь дзецьмі, унукамі, роднымі, як людзі хацелі, каб гэта ўбачылі блізкія ім. Такім чынам яны захоўваюць памяць продкаў. Я спадзяюся, алея будзе жыць сваім жыцьцём, гэта ня разавая акцыя».

Да ідэі Алеі шляхты са зьдзіўленьнем паставіўся канцлер Згуртаваньня беларускай шляхты, ён жа маршалак Менскі, Аляксандар Шымбалёў:

«Я ня ведаю, што гэта такое, Алея шляхты, і навошта яна патрэбная. У дзяржаве, якая рэпрэсавала шляхту і да гэтай пары шальмуе ўсялякую ідэю шляхты... Пачытайце гістарычныя падручнікі, пачытайце навуковыя працы, якія цяпер выходзяць — да гэтай пары ўсё, зьвязанае са шляхтай і арыстакратыяй, гэта варожае, гэта выходзіць за ідэалёгію дзяржавы».

Шымбалёў кажа, што Згуртаваньне і само не супрацоўнічае са Зборам, і іншым ня раіць: маўляў, гэта «камэрцыйны праект», які «выдае за грошы дыплёмы, калі прозьвішча сугучнае шляхецкаму» і «да шляхты ня мае дачыненьня». Само ж Згуртаваньне нават не спрабавала прапаноўваць ініцыятывы, падобныя да Алеі шляхты:

«Не было такіх прапановаў, ніколі мы да дзяржавы не зьвярталіся. Згуртаваньне беларускай шляхты займаецца радаводнымі справамі, навуковымі, гістарычнымі. Папулізмам мы не займаемся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG