Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не абышлося бяз мэтафізыкі». У Менску прэзэнтавалі кнігу Валера Каліноўскага пра Эльжбету Смулкову


Пані Эльжбета — так называюць у Беларусі выбітнага славіста і беларусазнаўцу, колішнюю кіраўніцу катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту і катэдры беларускай літаратуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, першага амбасадара Польшчы ў Беларусі, прафэсара Эльжбету Смулкову, якая вывучае і пашырае беларускую культуру ў Польшчы і ў сьвеце ўжо шэсьцьдзесят гадоў.

У межах ХХV міжнароднай канфэрэнцыі «Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі» адбылася прэзэнтацыя кнігі Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні» Прэзэнтацыя супала з днём народзінаў спадарыні Смулковай — 24 чэрвеня ёй спаўняецца 85 гадоў.

На адкрыцьці канфэрэнцыі 23 чэрвеня на філялягічным факультэце БДУ выступіў Конрад Паўлік, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, які заступіў на пасаду некалькі дзён таму:

Конрад Паўлік, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь прамаўляе на філялягічным факультэце БДУ
Конрад Паўлік, надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь прамаўляе на філялягічным факультэце БДУ


«Для мяне вялікі гонар, што пасьля амаль 25 гадоў з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і ўсталяваньня польска-беларускіх адносінаў я магу знаходзіцца ў Менску на пасадзе, што займала Эльжбета Смулкова, якая закладала фундамэнт адносінаў паміж нашымі краінамі. Гэта ня толькі гонар, але і адказнасьць, бо плянка, паднятая Смулковай, вельмі высокая. Я вельмі рады, што наша супрацоўніцтва квітнее ўжо 25 гадоў».

Амбасадар Конрад Паўлік адзначыў, што навуковае і культурнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Польшчай разьвівалася заўсёды, нават калі ў іншых сфэрах было цяжэй.

Яшчэ адна нагода для радасьці — тое, што ў гэтыя дні і ў Менску, і ў Варшаве будзе прадстаўлена кніга Валера Каліноўскага «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязьні», сказаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік:


«Кніга — гэта ня толькі біяграфія выбітнай навукоўцы і дыплямата, але і расповед пра складаную польскую гісторыю ХХ стагодзьдзя, гісторыю Беларусі. Хіба гэта не парадокс, што народжаная ў Львове дзяўчынка, бацька якой быў забіты НКУС, была сасланая ў Сыбір, вяртаецца дадому, а праз гады становіцца адным з найлепшых знаўцаў беларускай мовы ў Польшчы? Нарэшце яна становіцца вышэйшым прадстаўніком Польскай дзяржавы ў незалежнай Беларусі. Пагадзіцеся, тут не абышлося бяз пэўнай мэтафізыкі».

Калі канчалася пяцігадовая кадэнцыя працы спадарыні Смулковай на найвышэйшай дыпляматычнай пасадзе, пры нагодзе ўрачыстай разьвітальнай вячэры яна сказала:

«Хацела б падкрэсьліць, што сярод дыпляматаў я займаю асаблівае становішча. Перастаўшы быць амбасадарам Польшчы ў Беларусі, я буду амбасадарам беларускай праблематыкі ў Польшчы».

Беларускай праблематыкай у Польшчы прафэсар займаецца і цяпер.

На прэзэнтацыю кнігі, якая прайшла ў Музэі Валенція Ваньковіча, прыйшлі Марцін Вайцяхоўскі, першы дарадца Амбасады Польшчы ў Беларусі; Томаш Адамскі, кіраўнік Польскага інстытуту ў Менску, навукоўцы з Польшчы і Беларусі, удзельнікі Міжнароднай канфэрэнцыі.

Томаш Адамскі і Марцін Вайцяхоўскі (справа)
Томаш Адамскі і Марцін Вайцяхоўскі (справа)



Прэзэнтацыю адкрыла літаратар, выкладчыца БДУ Ірына Багдановіч.

Ірына Багдановіч
Ірына Багдановіч

Аўтар кнігі Валер Каліноўскі кажа, што суаўтар кнігі — сама пані Эльжбета, бо яна сама стварыла сваю біяграфіі, рабіла праўкі, удакладняла, раіла. А праца над кнігай пачалася паўтара года таму. 8 дзён Валер Каліноўскі размаўляў з пані Эльжбетай:

Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі



«Я меў пэрсанальныя лекцыі прафэсара Смулковай. У мяне захавалася 50 гадзін гуказапісу. Потым былі пошукі крыніц у Польшчы, Беларусі, праца ў архівах. Давялося зьвяртацца нават у Службы бясьпекі Ўкраіны, каб спраўдзіць Украінскі Катынскі сьпіс».

Добрым словам Валер Каліноўскі ўспомніў усіх, хто яму дапамагаў. Рэдагаваў кнігу Ян Максімюк, які даў аўтару шмат каштоўных парад. Вялікі ўнёсак як рэдактар зрабіў і мовазнаўца Вінцук Вячорка. Прычынілася да напісаньня кнігі і Ганна Энгелькінг, доктар этналёгіі, былая дырэктарка Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук.

Валер Каліноўскі даў паслухаць аптымістычны фрагмэнт інтэрвію спадарыні Смулковай пра лёс беларускай мовы. «Перажыўшы столькі, беларуская мова выжыве», — перакананая спадарыня прафэсар.

Валер Каліноўскі і Ірына Багдановіч прачыталі ўрыўкі з кнігі пра лёсавызначальныя моманты жыцьця гераіні: як арыштоўвалі бацьку, як ехалі ў Сыбір у ссылку, як у яе не прынялі дакумэнтаў у мэдычны інстытут, і давялося ісьці на мовазнаўства, разважаньні пра беларускую мову.


Вялікая частка кнігі прысьвечана дыпляматычнай працы Смулковай, якая працавала ў Беларусі ў пераходную эпоху — з 1991 па 1995 год, калі Беларусь толькі абвясьціла незалежнасьць.

Ёсьць і разьдзел «Разварот» — пра тое, як дачыненьні Беларусі і Польшчы пачалі замаруджвацца.

Што да будучыні Беларусі, спадарыня Смулкова кажа: «Ад самой краіны, ад самой дзяржавы Беларусі перадусім залежыць, якую яна для сябе абярэ дарогу: эўрапейскую ці эўраазіяцкую».

У Варшаўскім унівэрсытэце прэзэнтацыя кнігі Валера Каліноўскага адбудзецца 27 чэрвеня.

Фотарэпартаж з прэзэнтацыі ў Менску вялікім памерам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG