Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі»


29 красавіка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў адбылася прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі». Яна выйшла пры падтрымцы амбасады Нямеччыны ў Беларусі. Кніга прысьвечана памяці стваральніка Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзя Грушавога.

Адкрываючы імпрэзу, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар сказаў, што праз 30 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС кніга «падводзіць балянс той дапамогі, якая паступіла зь Нямеччыны ў Беларусь, з розных акругаў, па розных матывах і ў вельмі шырокім маштабе».

«Перад абліччам чарнобыльскай катастрофы ў Нямеччыне была праяўлена гатоўнасьць аказаць дапамогу, размах якой унікальны. Адзінай мэтай гэтага парыву было і застаецца па сёньняшні дзень — жаданьне дапамагчы людзям у вашай краіне пераадолець наступствы катастрофы і ў іх імкненьні да лепшай будучыні».

Пэтэр Дэтмар

Пэтэр Дэтмар

У сваім выступе паэт Уладзімер Някляеў адзначыў, што дзякуючы Нямеччыне паўстаў фонд Генадзя Грушавога.

«Я дзякую амаль што ўсім краінам ЭЗ, і толькі не магу падзякаваць уласнай краіне — на той час Савецкаму Саюзу, а пазьней Рэспубліцы Беларусь. Бо тое, што рабілася адразу пасьля чарнобыльскай катастрофы, інакш як злачынствам у адносінах да свайго народа, да сваёй зямлі назваць нельга».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

На 352 старонках кнігі — 240 фатаздымкаў.

Аляксандар Тамковіч: «Ня маюць рацыі тыя, хто кажа, што ўсе даты, зьвязаныя з гадавінай Чарнобыля, ужо прайшлі. Гэта не зусім так. Бо якраз сёньня спаўняецца 30 гадоў, як прарвалі інфармацыйную блякаду і паведамілі пра тое, што адбылося. Менавіта 29 красавіка 1986 году ўпершыню зьявілася паведамленьне пра тое, што ў Чарнобылі нешта адбылося. Я маю на ўвазе — у СССР. Бо ў Швэцыі напісалі адразу ж.

Гэтай кнігай мне хацелася неяк памяняць успрыняцьце немцаў. Бо ў нас успрыняцьце было зьвязана з Другой усясьветнай вайной. Але першыя, хто прыйшоў на дапамогу Беларусі, былі менавіта немцы. Больш за 250 ініцыятываў было па ўсёй Нямеччыне. Па сутнасьці, уся Нямеччына была ахоплена дапамогай Беларусі. Некаторыя з ініцыятываў працуюць і сёньня».​

Аляксандар Тамковіч, архіўнае фота

Аляксандар Тамковіч, архіўнае фота

Падчас імпрэзы ўспамінамі дзяліліся тыя, хто браў удзел у працы фонду Грушавога.

Валянціна Смольнікава назвала кнігу Тамковіча «чарнобыльскай бібліяй».

Чакаецца, што «Філязофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі» выйдзе таксама на нямецкай і ангельскай мовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG