Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігі на падляскай мове

Кнігі і дыск з фальклёрнай музыкай «Мы тое гралі і сьпявалі», выдадзеныя Дарафеем Фіёнікам, можна было набыць падчас прэзэнтацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску
Кнігі і дыск з фальклёрнай музыкай «Мы тое гралі і сьпявалі», выдадзеныя Дарафеем Фіёнікам, можна было набыць падчас прэзэнтацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Менску

Дарафей Фіёнік прэзэнтаваў у Менску ўнікальныя кнігі з сэрыі «Гісторыя і культура падляскіх беларусаў», напісаныя кірыліцай на падляскай мове.

Сэрыя кніг «Гісторыя і культура падляскіх беларусаў», якую прэзэнтаваў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Менску Дарафей Фіёнік, унікальная і падляскай мовай, і месцам выданьня — на Падляшшы, дзе жывуць этнічныя беларусы.

«Падляшша, Беласточчына — найбольш жывая тэрыторыя ў культурна-інтэлектуальным пляне, дзе жывуць этнічныя беларусы. У гэтай сэрыі, якую пачалі з кнігі „Места ў гісторыі і культуры падляскіх беларусаў“, мы паказалі, што аснова нашай культуры — на Падляшшы. Дзе стваралася беларуская тоеснасьць, аснова нашай культуры? У асноўным у гарадах з магдэбурскім правам — Драгічыне, Мельніку, Нарве, Бельску, Супрасьлі і іншых», — расказаў этнограф і гісторык Дарафей Фіёнік.

Дарафей Фіёнік расказвае пра «Слоўнік гаворкі бельска-падляскай», які быў складзены ў 60-я гады XX стагодзьдзя філёлягам Мікалаем Урублеўскім. Побач зь Фіёнікам сядзіць Тамаш Суліма, старшыня Асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы

Увагу прыцягвае мова, якой напісаныя кнігі. Спадар Дарафей кажа, што гэта падляская мова, запісаная кірыліцай. Апрацаваў кірылічны запіс філёляг Мікалай Урублеўскі.

«У кірылічным запісе выкарыстоўваецца j, апостраф замест мяккага знаку. Спэцыфікай падляскай мовы зьяўляюцца дыфтонгі. Падляская — па сутнасьці старабеларуская мова. Гэта становіцца зразумелым пасьля прачытаньня актаў зь літоўскіх мэтрык пачатку XVI стагодзьдзя. Да таго ж у гаворках жыхароў з ваколіц Бельска, Нарвы, Чыжоў ёсьць падабенства лексыкі і вымаўленьня да старабеларускай мовы. Быў пэрыяд, калі жыхары вясковых ваколіц каля Бельска называлі сваю мову каралеўскай. А яна сапраўды была каралеўскай, мовай каралеўскіх актаў. Мы, беларусы Падляшша, маем дзьве свае мовы. Адна — сёньняшняя беларуская літаратурная мова, другая — падляская, старабеларуская», — кажа Дарафей Фіёнік.

Прэзэнтаваныя кнігі — вынік больш як дзесяцігадовай працы, распачатай яшчэ на пачатку 90-х гадоў. Ілюстрацыйны матэрыял у іх вельмі багаты. Аўтар тлумачыць, што сучасныя школьнікі сёньня вельмі мала чытаюць, затое больш глядзяць карцінкі.

Кнігі з сэрыі «Гісторыя і культура падляскіх беларусаў». Яны застануцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акрамя іх, у дар бібліятэцы Дарафей Фіёнік перадаў музычныя дыскі, часопісы і іншыя кнігі
Кнігі з сэрыі «Гісторыя і культура падляскіх беларусаў». Яны застануцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Акрамя іх, у дар бібліятэцы Дарафей Фіёнік перадаў музычныя дыскі, часопісы і іншыя кнігі

«Каб нашага чытача схіліць да чытаньня кірыліцай, трэба, каб чытво было займальным і добра выдадзеным, тады чытач паволі пачне чытаць і паміж ілюстрацыямі. Многія школьнікі ня ведаюць кірыліцы, яна для іх як грэчаская азбука, таму трэба вучыць людзей чытаць. Кнігі ў сэрыі наогул складаюцца з кароткіх разьдзелаў, — кажа Дарафей Фіёнік.

Паводле аўтара, кнігі з сэрыі «Гісторыя і культура падляскіх беларусаў» адрасаваныя беларусам Падляшша. А для беларусаў мэтраполіі выдалі кнігу пра айца Канстанціна Байко, напісаную на літаратурнай беларускай мове. Герой дакумэнтальнай аповесьці — багаслоў, настаўнік, лекар, якога саслалі ў лягеры ў Варкуту. Постаць Канстанціна Байко адлюстроўвае цэлую эпоху ў гісторыі беларусаў і праваслаўнай царквы на Падляшшы ў XX стагодзьдзі.

Кнігу «Айцец Канстанцін Байко, багаслоў, настаўнік, лекар» днямі прэзэнтавалі ў царкве ў Клецку, дзе калісьці служыў сьвятар. Акрамя гэтага, Дарафей Фіёнік са сваім памочнікам Тамашом Сулімам зьезьдзілі з прэзэнтацыямі ў Жыровічы і Гародню.

Фальклярыст Сяргей Выскварка зь Любані Менскай вобласьці прывёз для Дарафея Фіёніка любанскі хлеб і кнігу ў падарунак: «Я — сын Ваш. Летапіс беларускай шляхты»
Фальклярыст Сяргей Выскварка зь Любані Менскай вобласьці прывёз для Дарафея Фіёніка любанскі хлеб і кнігу ў падарунак: «Я — сын Ваш. Летапіс беларускай шляхты»

Дарафей Фіёнік — ня толькі гісторык, этнограф ды выдавец. Цягам 30 год ён кіруе Музэем малой Бацькаўшчыны ў прадмесьці Студзіводы, што пад Бельскам-Падляскім. Займаецца фальклёрнай музыкай, кіруе музычнай часткай гурта «Жэмэрва», арганізуе шматлікія фальклёрныя фэстывалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG