Уладзімір Пуцін падпісаў 6 сьнежня ўказ аб зацьвярджэньні новай дактрыны інфармацыйнай бясьпекі Расеі (PDF). Папярэдняя дактрына была прынятая 16 гадоў таму.
Як заўважае РБК, у дактрыне пішацца, што пашырэньне галінаў ужываньня інфармацыйных тэхналёгіяў спараджае новыя інфармацыйныя пагрозы, а міжнародны абарот інфармацыі «ўсё часьцей выкарыстоўваюцца для дасягненьня геапалітычных, супярэчных міжнароднаму праву ваенна-палітычных, а таксама тэрарыстычных, экстрэмісцкіх, крымінальных і іншых супрацьпраўных мэтаў на шкоду міжнароднай бясьпецы».
Дакумэнт, як адзначае Meduza, канстатуе, што цяпер Расея ўсё яшчэ моцна залежыць ад замежных інфармацыйных тэхналёгіяў, як кампанэнтнай базай, так і праграмным забесьпячэньнем. У краіне бракуе кваліфікаваных кадраў, а інфармацыйныя сеткі абараняюцца бессыстэмна.
«Мэдыяфрэнія: па той бок дабра і зла сапраўднай хлусьні», — Якавенка
Нэгатыўным фактарам у стане інфармацыйнай бясьпекі называецца «нарошчваньне шэрагам замежных краінаў магчымасьцяў інфармацыйна-тэхнічнага ўзьдзеяньня на інфармацыйную інфраструктуру ў ваенных мэтах».
Спэцслужбы асобных краінаў, сьцьвярджаецца ў новай расейскай дактрыне, выкарыстоўваюць «сродкі аказаньня інфармацыйна-псыхалягічнага ўзьдзеяньня, накіраванага на дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай і сацыяльнай сытуацыі ў розных рэгіёнах сьвету, што прыводзіць да падрыву сувэрэнітэту і парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці іншых дзяржаў». У гэтым, пішуць у дактрыне, бяруць удзел рэлігійныя, этнічныя, праваабарончыя і іншыя арганізацыі; узмацняюцца арганізацыі, што вядуць тэхнічную выведку.
Як супрацьстаяць антыбеларускай прапагандзе? 6 парадаў ад Аляксандра Класкоўскага
У замежных СМІ, гаворыцца ў дактрыне, ёсьць тэндэнцыя да павелічэньня аб’ёму матэрыялаў зь перадузятай ацэнкай дзяржаўнай палітыкі Расеі, нарошчваецца інфармацыйны ўплыў на насельніцтва Расеі, найперш на моладзь, «у мэтах размываньня традыцыйных расейскіх духоўна-маральных каштоўнасьцяў».
Пры гэтым асноўным напрамкам забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі называецца «стратэгічнае стрымліваньне і прадухіленьне ваенных канфліктаў, што могуць узьнікнуць у выпадку ўжываньня інфармацыйных тэхналёгіяў».