Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхнічная місія Міжнароднага валютнага фонду 2 лістапада пачала працу ў Менску.

Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі 3 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме (KEF).

Місія МВФ, якая прыбыла на запрашэньне ўраду і Нацыянальнага банку, вывучыць пытаньні, зьвязаныя зь дзяржпрадпрыемствамі. Неўзабаве да яе падключацца экспэрты Ўсясьветнага банку.

Аляксандар Забароўскі сказаў, што беларускія ўлады прымаюць меры, накіраваныя на павышэньне эфэктыўнасьці сэктару дзяржпрадпрыемстваў.

«Ацэнка эфэктыўнасьці дзяржаўных актываў, вызначэньне фіскальных рызык, зьвязаных зь дзейнасьцю дзяржсэктару, эфэктыўнае кіраваньне партфэлем дзяржуласнасьці — задачы, якія мы вырашаем цяпер», — цытуе БелаПАН Забароўскага.

Забароўскі дадаў, што ўрад бліжэйшым часам мае намер дапрацаваць стратэгію па кіраваньні дзяржсэктарам.

МВФ, зь якім афіцыйны Менск вядзе перамовы аб новым крэдыце, рэкамэндуе рэфармаваць беларускі сэктар дзяржпрадпрыемстваў.

Рада дырэктараў МВФ, на якой могуць разгледзець пытаньне аб наданьні Беларусі крэдыту, адбудзецца ў сьнежні 2016 году або ў студзені 2017-га.

Аляксандар Лукашэнка 3 кастрычніка на нарадзе, прысьвечанай узаемадзеяньню Беларусі з МВФ, скрытыкаваў рэкамэндацыі МВФ.

Беларускія ўлады разьлічваюць на крэдыт ад МВФ у 3 млрд даляраў.

XS
SM
MD
LG