У Масуле у выніку мінамётнага абстрэлу днямі быў цяжка паранены пазаштатны карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Расул Махмуд.
Расул Махмуд асьвятляў ваенную кампанію супраць групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Іраку. Ён быў паранены падчас контратакі ісламістаў супраць курдзкіх аддзелаў «Пэшмэргі» і атрадаў ірацкай арміі. Махмуд атрымаў некалькі раненьняў, яго зрок — пад пагрозай. У цяперашні час ён праходзіць лячэньне ў шпіталі гораду Арбіл.
«Мы засмучаныя весткай пра тое, што наш калега паранены, — заявіў ў паведамленьні для прэсы прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент. — Расул — сьмелы чалавек і выдатны рэпарцёр, мы робім усё магчымае, каб падтрымаць яго сям’ю».
Махмуд перадаваў у рэдакцыю відэа- і фотаматэрыялы з зоны баявых дзеяньняў, а таксама эксклюзіўныя інтэрвію, у тым ліку з іракскімі вайскоўцамі і генэральным сакратаром «Пэшмэргі». Паведамленьні Махмуда для Радыё Фарда (Іранская служба) выкарыстоўвалі CNN, часопіс Time, газэта USA Today і іншыя сродкі масавай інфармацыі.
Радыё Фарда праводзіць кампанію па зборы сродкаў для Махмуда і яго сям’і.