Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгае жыцьцё савецкай турмы


Новая турма ў эстонскім Тарту. Падобную будуюць у Ліепае
Новая турма ў эстонскім Тарту. Падобную будуюць у Ліепае

За пару дзесяцігодзьдзяў незалежнага жыцьця паміж краінамі былога СССР набралася нямала адрозьненьняў. З таго, што па-ранейшаму родніць іх — гэта савецкая турэмная сыстэма.

«Сыстэмы выкананьня пакараньняў вельмі падобныя ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюзу», — мяркуюць юрысты няўрадавай арганізацыі Penal Reform International («Міжнародная турэмная рэформа»). Нават такія прасунутыя краіны Балтыі ды Грузія, якія не аднойчы заяўлялі пра намер грунтоўна рэфармаваць свае пэнітэнцыярныя ўстановы, ня могуць лічыцца выключэньнем з правілаў.

Сёньня мы больш падрабязна спынімся на турэмных установах балтыйскіх краін, Грузіі да Расеі, дзе ўтрымліваюцца ў тым ліку, і беларускія грамадзяне.

Гарадзенец: «Умовы паляпшаць, але кандыцыянэраў у турмах ня трэба»

Але спачатку традыцыйнае вулічнае апытаньне «Свабоды ў турмах» Мы пацікавіліся ў мінакоў у Горадні: ці зьмянілася штосьці, на іх думку, у беларускіх турмах з савецкіх часоў? Ці трэба паляпшаць там умовы зь цягам таго, як мяняецца ўзровень жыцьця ў краіне? Ці трэба мадэрнізаваць турмы і ці магчыма будаваць новыя? Ці ёсьць сэнс пераводзіць турмы пад юрысдыкцыю міністэрства юстыцыі, як зроблена ў большасьці былых рэспублік СССР, апроч Беларусі і Казахстану? Паколькі МУС ня можа быць бесстароньнім бокам: ён арыштоўвае, саджае і сам жа вартуе пакараных.

Наўпроставы лінк

Паводле экспэртаў, постсавецкія турмы так ці інакш аб’ядноўваюць такія праблемы, як перанаселенасьць у камэрах і, як вынік, цяжкая псыхалягічная атмасфэра, зьвязаная зь герархічным крымінальным парадкам савецкіх часоў, таксама сыстэма савецкіх папраўчых калёніяў, якая застаецца нават у аснове вязьніцаў тых жа Літвы ды Латвіі. Галоўнай задачай той сыстэмы было перавучыць злачынцаў, патрабуючы выкананьня працоўнага пляну для канкрэтнай установы (вытворчасьць электронных прылад, мэблі, адзеньня). Зьняволеныя жылі ў турмах тыпу паселішчаў, дзе свабодна перамяшчаліся, а гэта спрыяла ўмацаваньню крымінальнай субкультуры.

Латвія: «Грунтоўная карэкцыя немагчымая»

Каб цалкам зламаць гэтую сыстэму і зрабіць турмы сродкам рэсацыялізацыі асуджанага, трэба будаваць новыя пэнітэнцыярныя ўстановы ды праводзіць кадравую ратацыю. У цяперашніх турмах грунтоўная карэкцыя немагчымая, — заявіла на прэсавай канфэрэнцыі ў жніўні начальніца Ўпраўленьня службы рэсацыялізацыі Латвіі Ілона Спурэ, магістар пэдагогікі з 20-гадовым досьведам працы ў пэнітэнцыярнай сыстэме.

Ілона Спурэ
Ілона Спурэ

На стварэньне сучасных эўрапейскіх турмаў па тыпе нарвэскай у Латвіі, як і ў іншых краінах Балтыі, адведзена гадоў 20. Але як гэта выйдзе на практыцы ў сувязі зь цяперашнімі эканамічнымі праблемамі ЭЗ — сказаць цяжка. За постсавецкі час толькі ў Эстоніі было створана дзьве цалкам новыя вязьніцы, у Выру і Тарту, якія каштавалі крыху больш як 100 млн эўра кожная. Цяпер плянуецца трэцяя — у Таліне, і яна будзе даражэйшая — 106 млн эўра. У Літве з часоў аднаўленьня незалежнасьці не пабудавана аніводнай новай турмы. У Латвіі адкрыцьця новай вязьніцы ў горадзе Ліепая чакаюць у 2017-м. Потым, з інтэрвалам тры-чатыры гады, будуць пабудаваныя яшчэ 5 астрогаў, і ўсяго іх стане шэсьць замест ранейшых адзінаццаці. «Калі дазволяць сродкі», — дадае Ілона Спурэ:

«У новай латвійскай турме ў Ліепаі, як і ў эстонскіх турмах у Выру і Тарту, — кажа Ілона Спурэ, — усе камэры будуць двухмесцавыя. Выключаецца магчымасьць ціску ня толькі фізычнага, але і псыхалягічнага. Нам, пэнітэнцыярыям, дэлегавалі права ізаляваць такіх людзей ад грамадзтва. Але ніхто ня даў права пагаршаць пакараньне дрэннымі ўмовамі. Я ня ведаю ніводнага выпадку, каб, пабываўшы ў такіх умовах, чалавек станавіўся лепшым».

Як кажуць у латвійскім пэнітэнцыярным ведамстве, досьвед суседзяў-эстонцаў, якія цяпер кансультуюць Латвію, паказвае: стварэньне новай сыстэмы памалу спрыяе адмове ад старой савецкай крымінальнай герархіі з каставым падзелам. Паводле эстонскіх, латвійскіх ды літоўскіх крымінолягаў, для таго каб цалкам выкараніць савецкія зладзейскія «паняцьці», спатрэбіцца шмат часу.

«Пакуль жывыя носьбіты субкультуры, будуць існаваць і касты»

Валеры Савянкоў
Валеры Савянкоў

Былы зьняволены, віленчук Валеры Савянкоў, які сядзеў у турмах Беларусі, Расеі, Літвы, а апошнім часам дапамагае вязьням падаваць скаргі на парушэньні іхніх правоў у літоўскія ды эўрапейскія судовыя інстанцыі, кажа, што турэмная каставасьць жыве на ўсёй прасторы былога СССР пры негалоснай падтрымцы адміністрацыі. Паводле Валера Савянкова, «гэта магутная зброя супраць тых, хто не даспадобы. А жывуць савецкія крымінальныя традыцыі ў постсавецкіх краінах таму, што жывуць носьбіты той зэкаўскай савецкай субкультуры. Моладзь, якая праходзіць лягерную школу, пераймае гэтыя традыцыі і культывуе іх. Для саміх ЗК гэта надзейны сродак, каб караць «казлоў» (тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй), а для турэмнікаў — каб трымаць у страху радыкалаў ды падобных асобаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00
Наўпроставы лінк

Выяўляюцца відочныя ды нябачныя наступствы турэмных парадкаў. Сярод відавочных — сьмерці. Як вынікае са справаздачы Эўрапейскага камітэту па папярэджаньні катаваньняў, за апошнія пяць гадоў,у вязьніцах Літвы былі забітыя да сьмерці ці памерлі ад наступстваў зьбіцьця пяць чалавек, столькі ж прыкладна і ў турмах Латвіі. У Эстоніі за гэты час быў забіты адзін чалавек. Да нябачных належаць «цяжкія зьбіцьці, сэксуальныя напады (уключна з згвалтаваньнямі) ды пагрозы».

Паводле дадзеных рыскай няўрадавай арганізацыі Re:Baltica, сядзелец адной з латыскіх турмаў Арціс (імя зьменена) неаднойчы зазнаваў на сабе праявы гвалту. Апынуўшыся ў вязьніцы за забойства, першаход, ня ведаючы турэмных правілаў, трапіў у так званую касту «левых» («апушчаных»). Арціс злы на турэмную адміністрацыю, якая, ён так лічыць, жыве згодна з турэмнымі законамі. Кажа, што яму было адмоўлена ў працы на вакантных пасадах біблітэкара ды электрыка, бо, паводле сацыяльных работнікаў, так званыя «левыя» там не працуюць.Пры падтрымцы праваабаронцаў і амбудсмэна Арціс напісаў скаргу ў Міністэрства юстыцыі, таксама зьвярнуўся ў суд з просьбай зрынуць турэмную герархію, празь якую «адны зьняволеныя могуць вырашаць лёс іншых», ды выплаціць яму кампэнсацыю ў памеры 340 тысяч эўра.

Запатрабаваных тысяч ён не атрымаў, аднак прэцэдэнт быў створаны. Цяпер Арціс на ўласную просьбу знаходзіцца пад наглядам адміністрацыі ў ізаляцыі. Ён яшчэ мусіць адседзець некалькі гадоў і хоча правесьці іх па магчымасьці «спакайней». Усе спадзяваньні зьвязаныя з заплянаванымі рэформамі. Інакш не спадзяецца ўвогуле выйсьці з турмы.

Што ўдалося рэфармаваць?

Тым ня менш сёе-тое ў пэнітэнцыярнай сыстэме за час незалежнасьці краіны рэфармаваць удалося, кажуць праваабаронцы. Так, яшчэ ў 2012 годзе ў Латвіі было ўдвая больш зьняволеных, чым у сярэднім па Эўразьвязе, і ў пяць разоў больш, чым ва «ўзорнай» Нарвэгіі. Калі ў ЭЗ сярэдняя працягласьць турэмнага пакараньня складала недзе ад аднаго да трох гадоў, то ў Латвіі ды Эстоніі — ад 5 да 10 гадоў. Працэнт рэцыдыву пры гэтым складаў 51%. За апошнія тры гады, калі ў якасьці альтэрнатывы пазбаўленьню волі пачалі ўжываць прабацыю, або адбыцьцё пакараньня ў грамадзтве, недзе ўдвая зьнізіўся і ўзровень рэцыдыву. Паводле падлікаў экспэртаў, гэта эканоміць грошы. Бо ўтрыманьне аднаго латвійскага зьняволенага ў дзень каштуе 18 эўра, а на прабацыі — 1,5 эўра. Пашырэньне прабацыі дазволіць падвысіць невялікія заробкі турэмных ахоўнікаў, сацыяльных работнікаў ды псыхолягаў.

Яшчэ адна праблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэньня, — утрыманьне ў СІЗА. Як кажа начальніца жаночай турмы Ильнуціемс Іна Златкоўскі, сёньня ў сьледчых ізалятарах людзі праводзяць ад чатырох месяцаў да двух гадоў.

Іна Златкоўскі
Іна Златкоўскі

Златкоўскі: «У маёй практыцы, а я працую ў сыстэме ад пачатку 1990-х, раней сьледзтва магло зацягвацца надоўга. Была, напрыклад, жанчына, якая чакала суду пяць гадоў. Апошнім часам судовая праца палепшылася, і не было ніводнага выпадку, каб людзі пераседжвалі. Аднак, нягледзячы на зьмяншэньне колькасьці сядзельцаў, колькасьць тых, хто трапляе ўпершыню, апошнім часам павялічылася. Асноўны кантынгент — нарказалежныя. Хоць існуе такі парадокс: сама тэма перастала абмяркоўвацца ў СМІ, маўчаць і лекары. Але нават калі паводле прысуду чалавек прыбывае за крадзеж, то гэта, як правіла, зьвязана з набыцьцём ды ўжываньнем наркотыкаў.

Яшчэ адна прычына перапоўненасьці — гэта калі людзі апратэстоўваюць рашэньне суду і чакаюць апраўдальнага прысуду. Адзін сядзелец чакае такога рашэньня ад 2008 году. Натуральна, кожны, хто за кратамі, хоча заставацца ў турме як мага меней, а таму выкарыстоўвае любую магчымасьць, каб абараніць сябе. У гэтым выпадку ён, натуральна, павінен прайсьці абсалютна ўсе інстанцыі».

Грузія: «Чыноўнікі не спрыяюць своечасоваму і аб’ектыўнаму расьсьледаваньню»

Калі ў Латвіі профільныя няўрадавыя арганізацыі маюць законнае права назіраць за сытуацыяй у турмах, то праваабаронцы многіх іншых постсавецкіх краін толькі дамагаюцца дазволу на доступ у гэтыя ўстановы. Грузія — не выключэньне. У мінулым месяцы мясцовыя праваабаронцы заклікалі новага міністра выкананьня пакараньняў і прабацыі Каху Кахішвілі даць згоду на тое, каб пусьціць у турмы адмыслова створаную групу грамадзкіх назіральнікаў.

Праваабаронцы імкнуцца да гэтага ўжо тры гады, з таго самага часу, як да ўлады прыйшло палітычнае аб’яднаньне «Грузінская мара». Кіраўніца няўрадавай арганізацыі «Асацыяцыя маладых юрыстаў» Ганна Нацулішвілі адзначае: нягледзячы на тое, што ў турмах Грузіі катаваньні зьняволеных ня маюць ужо сыстэмнага характару, усё яшчэ няма ўпэўненасьці, што праца пэнітэнцыярнай сыстэмы грунтуецца на прынцыпах абароны правоў чалавека і скіраваная на рэсацыялізацыю і рэінтэграцыю асуджанага:

Ганна Нацулішвілі
Ганна Нацулішвілі

«Вельмі часта, калі становіцца вядома пра факты зьбіцьця, сьмерці або самагубства зьняволеных, высокапастаўленыя чыноўнікі міністэрства, не чакаючы нават вынікаў унутранага расьсьледаваньня, спрэс абвяргаюць, што такія факты мелі месца. Тым самым яны не спрыяюць таму, каб адпаведныя органы незалежна, своечасова і эфэктыўна расьсьледавалі справы і ўстанаўлівалі дакладнасьць такіх фактаў».

Каха Кахішвілі — трэці за час праўленьня «Грузінскай мары» кіраўнік гэтага ведамства. На пасадзе ўсяго толькі месяц. Да 2014-га займаўся праваабарончай дзейнасьцю, потым да апошняга часу служыў намесьнікам міністра выкананьня пакараньняў і прабацыі.

Сёлета міністэрства плянуе пабудаваць асобную ўстанову для адбыцьця пакараньняў маладымі людзьмі ва ўзросьце ад 18 да 21 году, перайсьці на электроннае сачэньне за датэрмінова вызваленымі, а таксама вырашыць пытаньне доўгатэрміновых спатканьняў для жанчын-зьняволеных. Адрозна ад асуджаных мужчын, яны гэтым правам карыстацца цяпер ня могуць.

У размове з журналістамі Свабоды спадар Кахішвілі заявіў, што праблемы рэфармаваньня сыстэмы на прававым і заканадаўчым узроўні практычна вырашаныя. Што да прапановаў няўрадавых арганізацыяў, каб пусьціць у турмы адмыслова створаную групу грамадзкіх назіральнікаў, то тут ёсьць пытаньні:

Каха Кахішвілі
Каха Кахішвілі

«Грузінскія турмы, сапраўды, яшчэ далёкія ад эўрапейскіх стандартаў. Аднак заява — гэта адно. Да яе павінна быць прыкладзена канкрэтнае бачаньне вырашэньня гэтай праблемы. Калі такая група прапануе мне канцэпцыю, мы разгледзім яе».

За ігнараваньне рэкамендацыяў праваабаронцаў Міністэрства выкананьня пакараньняў і прабацыі трапіла ў чорны сьпіс амбудсмэна Вучы Нануашвілі.

У штогадовым яго дакладзе адзначаецца, што з 27 выпадкаў сьмерці зьняволеных рэакцыя была толькі на адзін. Не былі расьсьледаваныя і факты магчымых катаваньняў і зьбіцьця зьняволеных.

Праваабаронца Геле Нікалаішвілі адзначае: як бы парадаксальна гэта ні гучала, пасьля шырокамаштабнай амністыі адной з праблемаў застаецца перапоўненасьць у грузінскіх турмах, а новыя турмы будуюцца вельмі марудна. Ёсьць і іншыя праблемы, працягвае Геле Нікалаішвілі:

Геле Нікалаішвілі
Геле Нікалаішвілі

«Праблемай застаецца спроба крымінальных аўтарытэтаў усталяваць кантроль у турмах. Я не магу сказаць, што турмы кантралюе крымінал, але патрэбныя сур’ёзныя крокі з боку міністэрства, каб супрацьстаяць гэтай праблеме. Практычна перастаў працаваць інстытут умоўна-датэрміновага вызваленьня. У законе гаворыцца, што асуджаныя не за цяжкія злачынствы, адбыўшы палову тэрміну, маюць права на ўмоўна-датэрміновае, і ў гэтым, за выключэньнем асаблівых выпадкаў, не павінна быць адмоўлена. А сёньня ўсё наадварот».

Расея: «На харчаваньне аднаго ЗК ў месяц выдзяляецца дзьве тысячы рублёў»

Праваабаронца з саракагадовым стажам, сябра Маскоўскай Хэльсынскай групы, старшыня Грамадзкай назіральнай камісіі пра праверцы турмаў ды паліцыі, Валеры Баршчоў называе пэнітэнцыярную сыстэму ў РФ адной з найбольш закрытых у сьвеце і канстатуе, што ў пляне наведваньня турмаў і ды калёніяў ды правядзеньня там маніторынгу праваабаронцам стала нашмат цяжэй, чым гадоў дваццаць таму.

Кіраўніца праваабарончай групы «Русь сидящая» Вольга Раманава кажа, што разам з валянтэрамі ў іхняй арганізацыі знайшлі абходны шлях, каб ведаць пра сытуацыю за кратамі, праблемы вязьняў. Валянтэры «Руси» ідуць да турмаў як усе. Як блізкія, як сваякі, як знаёмыя...Каб у чарзе пастаяць, каб з усімі ўсё абмеркаваць, каб даведацца ўсё, што, чаго, як. Калі тыя ж жанчыны разумеюць, што зь імі побач такая ж, як і яна, вядома, яны вельмі адкрытыя... Акрамя таго, існуе традыцыйная камунікацыя, калі нехта з саміх зьняволеных або іх сваякоў зьвяжацца з той ці іншай арганізацыяй — праз тэлефон ці лістом. Паводле праваабаронцаў, сыгналы вязьняў пра тое, што яны на мяжы выжываньня — нярэдкія. Як рэакцыя на невыносную сытуацыю — бунты зэкаў у калёніях ды СІЗА. Сёлета такія пратэсты адбыліся ў Башкірскай калёніі ды некаторых іншых. Праваабаронцы называюць некалькі прычынаў, сярод якіх традыцыйная: інгнараваньне ўладамі скаргаў зьняволеных. Таксама — няспраўджаныя надзеі ў сувязі зь сёлетняй амністыяй, рэзкае скарачэньне бюджэту фінансаваньня.

Вольга Раманава
Вольга Раманава

«Цэны вырасьлі, — кажа Вольга Раманава, — а на аднаго чалавека ў месяц цяпер выдзяляецца да дзьвюх тысяч рублёў на харчаваньне. А колькі выкрадуць па дарозе? Сама меней палову. Думаю, што карупцыя на адным зь першых месцаў у сьпісе праблемаў турэмнай сыстэмы, таму што ўсе парушэньні, якія выяўляюцца, яны кладуцца пад стол. Усё, што можна зрабіць праз хабар, робіцца праз хабар».

На думку Валера Баршчова, ня менш востра стаіць праблема турэмнай мэдыцыны, якая усё ж, падобна многім іншым краінам, павінна падпарадкоўвацца не Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў(ФСВП), а Міністэрству аховы здароўя :

Валеры Баршчоў
Валеры Баршчоў

Баршчоў: «Былі добрыя часы, калі міністрам аховы здароўя быў акадэмік Вараб’ёў, і ён гатовы быў узяць турэмную мэдыцыну ў сваё ведамства — тады была супраць Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў(ФСВП). Цяпер сытуацыя зьмянілася. ФСВП ужо ня супраць аддаць, але цяпер ня хоча яе ўзяць Міністэрства аховы здароўя...

Ніхто не зацікаўлены мець справу са сьледчымі. Хто не дазволіў правесьці плянавую апэрацыю Сяргею Магніцкаму? Сьледчы Сільчанка. Хто вінаваты ў сьмерці іншай зьняволенай Мухінай? Таксама сьледчы. Ён сказаў: яна здаровая, давайце перавядзем яе. Яе перавялі, праз тыдзень яна памерла. Але гэта масавая практыка».

«Яшчэ праблема — перапоўненасьць у сьледчых ізалятарах», — працягвае маскоўскі праваабаронца Валеры Баршчоў.

«Так, усясьветная санітарная норма мэтражу на аднаго зьняволенага — 7 кв.м, а для Расеі пайшлі на паслабленьне, у нас — 4 кв.м. Цяпер практычна на 100% у нас... не чатыры, а там нават два мэтры выходзіць. Узгадваю Бутырку — гэта было раней — там нельга было да нечага прыхіліцца, бо вакол — вошы. Я там нават атрымаў такі моцны пэдыкулёз, што абліваўся газай, толькі так даў рады. Цяпер, ну, не зусім так, але мы набліжаемся да гэтай сытуацыі. У ФСВП чыноўнікі наогул у паніцы з-за пераліміту. А што такое пераліміт? Гэта, вядома, хваробы, эпідэміі і нават сьмерці...»

Праваабаронцы ўзгадваюць старыя расейскія дабрачынныя традыцыі, калі сярод знатных людзей існавала звычка дапамагаць найбольш бедным ды абяздоленым, тым жа турэмным вязьням, напрыклад. Так, да 1917 году на Вялікдзень і наогул на сьвяты для паствы было нормай ісьці ў турмы. Нават пры Савецкай уладзе расейская грамадзкая дзяячка, першая жонка Максіма Горкага — Кацярына Пешкава стварыла фонд дапамогі палітвязьням, і ён праіснаваў да 1937 году. У 1960-я ўзьнік шырокі рух дапамогі палітвязьням, які цяпер ператварыўся ў ініцыятывы дапамогі вязьням увогуле. Але масавымі гэтыя сёньняшнія ініцыятывы назваць ужо нельга. Дапамагаць сёньня гатовы вельмі мала хто. Тым часам арышт аднаго чалавека-карміцеля цягне за сабой цэлы шлейф праблем.

«Да „Руси сидящей“ зьвярнулася маці дзевяці дзяцей. Ёй інкрымінаванае эканамічнае злачынства, — кажа Вольга Раманава.— Такіх выпадкаў, калі карміцельку кідаюць за краты, а дома ў яе застаюцца звычайныя сямейныя праблемы — шмат. Гэта і хворыя дзеці, і старыя, і жывёла. Пакуль у краіне ня дзейнічае прабацыя, наша задача шукаць ахвяраваньні і мы магчымасьці дапамагаць такім вязьнямі ды сем’ям».

Паводле расейскіх праваабаронцаў, іх арганізацыі адкрытыя ня толькі для расейцаў.

Беларус у расейскай калёніі вольнага пасяленьня

Кірыл Сілівончык
Кірыл Сілівончык

Сярод сядзельцаў турмаў РФ ёсьць, вядома, і беларусы. Адзін зь іх — 23-гадовы Кірыл Сілівончык. Родам з Гомельшчыны, ён апошнім часам жыў у расейскім Ніжнім Ноўгарадзе, дзе працаваў сыстэмным адміністратарам. Кірыла прызналі вінаватым, бо ў ягоных пастах у падтрымку Ўкраіны ўбачылі заклікі тэрарыстычнага зьместу. Беларус атрымаў два гады калёніі вольнага пасяленьня пад Ніжнім Ноўгарадам. У мінулым месяцы хлопца маці наведала маці Натальлі Сілівончык, якая жыве ў вёсцы Здудзічы на Гомельшчыне. Сям’я жыве сьціпла. Грошы на далёкую паездку ёй прыйшлося пазычаць. Толькі атрымалася разьлічыцца з даўгамі, даводзіцца зьбіраць наноў, на чарговую паездку. Кірыл — інвалід трэцяй групы, дагэтуль працы ў калёніі ня меў, а толькі прыбіраў тэрыторыю і да таго падобнае. Без грашовай падтрымкі ён нічога ня зможа купляць у мясцовай краме, а на адных казённых харчах пражыць цяжка. Пра ўражаньні ад калёніі жанчына кажа: думала, што будзе горш.

Наўпроставы лінк

Адносна пераводу Кірыла для адбыцьця пакараньня ў Беларусь ані яго маці, ані ён сам хадайнічаць не зьбіраюцца, бо лічаць, што гэта вялікая валакіта ды ўвогуле, як кажуць, «апуха выйдзе даражэй кажуха».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG