Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менгарвыканкаме вывучылі дзейнасьць Вайцюшкевіча і забаранілі канцэрт


Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

Менскія ўлады далі пісьмовы адказ у сувязі з адмовай у выдачы гастрольнага пасьведчаньня на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча.

Упраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму ня выдала гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, які плянаваўся 22 ліпеня ў Доме Масквы. Вайцюшкевіч зьбіраўся выступіць з праграмай на вершы Ўладзімера Маякоўскага. Адміністрацыя Дома Масквы дала на выступ папярэднюю згоду, паведамляе tuzin.fm.

У афіцыйным тлумачэньні за подпісам першага намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Віталіны Рудзікавай названая прычына, чаму ўлады забаранілі канцэрт Вайцюшкевіча.

«Вывучыўшы дзейнасьць гэтага выканаўцы, паведамляем, што яна падпадае пад дзеяньне пункта 5 разьдзела 2 „Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў“, зацьверджанага ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 257 ад 5 чэрвеня 2013 году», — гаворыцца ў дакумэнце.

У згаданым пункце ўказу гаворыцца пра забарону арганізацыі і правядзеньня канцэртаў, якія маюць на мэце прапаганду вайны ці экстрэмісцкай дзейнасьці, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян, парушаюць іншыя акты заканадаўства, у тым ліку аб аўтарскім праве і сумежных правах.

У размове з арганізатарам канцэрту Вайцюшкевіча Віталіна Рудзікава заявіла, што «паслухала аўдыё і паглядзела відэа» ў сеціве і асабіста прыняла рашэньне не дазваляць мерапрыемства.

Віталіна Рудзікава

Віталіна Рудзікава

Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў tuzin.fm, што ў яго гэты дакумэнт выклікае поўную зьбянтэжанасьць:

«Ніводная зь пералічаных падставаў ня мае нічога супольнага з маёй творчасьцю. У маіх сьпевах няма ані прапаганды вайны, ані экстрэмізму. Наадварот — я імкнуся славіць Беларусь з дапамогай песень на вершы як беларускіх, так і замежных паэтаў. Можа, буду нясьціплы, але мне здаецца, што мае творы зусім не пагражаюць здароўю насельніцтва, а наадварот — лекуюць слухачоў і прыносяць толькі пазытыўныя эмоцыі, пра што магу меркаваць з сваіх канцэртаў, на якія людзі прыходзяць сем’ямі. Што тычыцца аўтарскіх правоў, то тут таксама за ўвесь час ня меў аніякіх пытаньняў і нават на музыку Моўчана сьпяваў без наступстваў».

Зьміцер Вайцюшкевіч зьбіраецца аспрэчыць забарону канцэрту праз суд.

XS
SM
MD
LG