Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Міхалове знайшлі фрагмэнты манэтаў і крыжык з паселішча X стагодзьдзя


Міхалова ў 2014 годзе

Міхалова ў 2014 годзе

Раскопкі на месцы прыватнага сэктару яшчэ нават не пачаліся.

На скрыжаваньні менскіх вуліц Янкі Брыля і Алібегава на месцы былога прыватнага сэктару будуюць новы жылы раён. Археолягі ўжо знайшлі там артэфакты, найранейшы зь якіх датавалі X стагодзьдзем, распавядае Свабодзе загадчык аддзелу захаваньня і выкарыстаньня гістарычнай спадчыны Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч.

Прычым раскопы там яшчэ не пачыналіся:

«Пакуль там ідуць працы па вывазе сьмецьця, якое засталося ад самой вёскі, калі яе зносілі, — кажа Вайцяховіч. — А як сьмецьце вывезуць, перад пачаткам непасрэдна будаўнічых работ, спадзяюся, будзем дасьледаваньне праводзіць.

Калі было папярэдняе дасьледаваньне, знайшлі некалькі фрагмэнтаў манэтаў, крыжыкаў, керамікі. Там стаяла вёска — канечне, там усё перавернута, культурны пласт парушаны. Але культурны пласт там яшчэ ня зьняты. Калі будуць здымаць, будзем прысутнічаць, паглядзім, якія там некранутыя абʼекты захаваліся».

Сярод знойдзенага — фрагмэнты арабскага дырхама X стагодзьдзя і праскага гроша XIV стагодзьдзя, бронзавы крыжык XI–XII стст. і керамічны посуд XI–XII ды XVI–XVII стст.

«Дырхам — гэта асноўны плацёжны сродак на тэрыторыі Эўропы ў X стагодзьдзі, — кажа Вайцяховіч. — Справа ў тым, што большасьць паселішчаў былі шматфункцыянальныя, там былі і рамесьнікі, і гандаль... Гэта быў час, калі жыхары былі вольныя, незапрыгоненыя. Частка займалася і сельскай гаспадаркай, прамысловасьцю, прадавалі свой прадукт купцам. Гэта было на „шляху з варагаў у грэкі“, і калі ён у сярэдзіне XI стагодзьдзя стаў прыпыняцца, то і паселішчы пачалі станавіцца выключна сельскагаспадарчымі».

Міхалова
Міхалова

Вайцяховіч тлумачыць, што такія месцы, дзе славянскія паселішчы існавалі ў Х стагодзьдзі, надзвычай цікавыя — яны могуць даць інфармацыю і пра ўзьнікненьне Менску і акругі, і пра фармаваньне дзяржаўнасьці на землях сучаснай Беларусі. Недасьледаванага там багата, і саміх такіх паселішчаў нямала. І археоляг ня мае сумневаў, што тыя паселішчы былі менавіта славянскія — па ўсіх паселішчах па рацэ Менцы матэрыялы сьведчаць, што ў другой палове X стагодзьдзя, а то і раней, тэрыторыя была заселеная славянамі.

XS
SM
MD
LG