Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве згадалі ахвяраў Чарнобылю


У Магілёве актывісты партыі БНФ ушанавалі ахвяраў чарнобыльскай трагедыі ля крыжа памяці, што непадалёк ад гарадзкіх Паўднёва-ўсходніх могілак. Да памятнага знаку актывісты ўсклалі вянок, кветкі ды запалілі зьнічкі. Пацярпелых ад Чарнобыля ўшанавалі хвілінай маўчаньня.

Паводле аднаго з удзельнікаў памінальнай акцыі Зьмітра Салаўёва, да крыжа прыйшоў дзясятак актывістаў Партыі БНФ.

«Чамусьці не прыйшлі, каб згадаць ахвяраў Чарнобыля, актывісты зь іншых апазыцыйных арганізацыяў. Можна сказаць, праігнаравалі, хоць мы і дамаўляліся, што прыйдзем разам. За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі і асобы ў цывільным. Інцыдэнтаў зь імі не было», — паведаміў Свабодзе Зьміцер Салаўёў.

Актывіст зазначыў, што абласная фронтаўская арганізацыя зьвернецца да гарадзкіх уладаў з ініцыятывай, каб узаконіць чарнобыльскі крыж памяці. Спадзяюцца актывісты і на тое, што камунальныя службы дапамогуць упарадкаваць пляцоўку вакол крыжа.

«Мы зьбіраемся неўзабаве правесьці талаку ля крыжа. Зробім пляцоўку вакол яго больш прывабнай. Прыбяром траву, высадзім дрэвы, каб каля крыжа быў мэмарыял. Спадзяёмся на дапамогу камунальнікаў», — зазначыў Зьміцер Салаўёў.​

Акрамя фронтаўцаў, на акцыі былі і праваабаронцы.

Чарнобыльскі крыж усталявалі напрыканцы 90-х актывісты апазыцыі ля дарогі на могілкі. Лічыцца, што бальшыня людзей, якія памерлі ад наступстваў Чарнобыля, пахавана на гэтых найвялікшых гарадзкіх кладах. Дарога тут ідзе пад гару, і машыны запавольваюць ход, нібы ў памяць аб памерлых ад Чарнобыля.

26 красавіка адбыўся і афіцыйны жалобны мітынг ля мэмарыяльнага знаку «Ахвярам Чарнобыля» на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны ў пасёлку Любуж. Да помніка ўсклалі вянкі. Пацярпелых ад наступстваў катастрофы памянулі хвілінай маўчаньня.

Бальшыня ўдзельнікаў афіцыйнага мерапрыемства былі школьнікі. З прамовай выступіў старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў. Між іншым, кіраўнік гарадзкой вэртыкалі згадаў аварыю на японскай атамнай электрастанцыі ў Фукусіме. Адзначыў, што якія б найноўшыя ні былі тэхналёгіі, гарантаваць бясьпеку на АЭС дужа цяжка. Казаў і пра беларускую атамную электрастанцыю. Паводле чыноўніка, яна будзе адной з самых перадавых.

Апошні раз Чарнобыльскі шлях у Магілёве ў цэнтры гораду праходзіў у 1996 годзе. Тады на Савецкай плошчы пад нацыянальнымі сьцягамі і афіцыйнай сымболікай стаялі разам прадстаўнікі апазыцыі і ўладаў. Апазыцыянэры пазьней дамагаліся, каб ім далі на афіцыйным мітынгу слова, але марна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG