Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць гомельскага міліцыянта-хабарніка — аматара дарагога віскі


Будынак абласнога суду ў Магілёве

Будынак абласнога суду ў Магілёве

У Магілёве судзяць былога намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі ўпраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму Вячаслава Іваненку. Яму інкрымінуецца хабарніцтва ды махлярства. Былы міліцэйскі начальнік пад арыштам. На пасяджэньнях у абласным судзе яго трымаюць за кратамі. Іваненка прызнае сваю віну.

З матэрыялаў справы вынікае, што абвінавачаны набраў хабару на 48 мільёнаў рублёў. Акрамя таго як стала вядома сёньня на судовым пасяджэньні ад дзяржаўнага абвінаваўцы, у ходзе ператрусу ў доме Іваненкі знайшлі падарункавы набор віскі на суму адзін мільён сто дзевяноста тысяч рублёў. Паводле пракурора, віскі разам з дарагім наручным гадзіньнікам яму таксама перадавалі як хабар.

Разам з Іваненкам па справе праходзіць і грамадзянін Расеі Андрэй Касьмін. Яму пагражала дэпартацыя зь Беларусі, і ён зьвярнуўся да Іваненкі, каб той вырашыў праблему. Дзеля гэтага Іваненку былі перададзеныя дзьве тысячы даляраў. Сьледзтва расцаніла такія дзеяньні былога намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі Гомельшчыны як махлярства, бо ў ягоную кампэтэнцыю не ўваходзілі пытаньні грамадзянства і міграцыі. Сёньня пра гэты эпізод згадала пракурор, выступаючы з хадайніцтвам аб перафармуляваньні абвінавачаньня:

«Займаючы пасаду намесьніка начальніка крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкаму, прапанаваў Касьміну вырашыць пытаньне пра неўжываньне супраць яго дадатковай меры адказнасьці, дэпартацыі, перадаць непасрэдна яму дзьве тысячы даляраў. Іваненку было вядома, што вырашэньне такіх пытаньняў не ўваходзіць у ягоную кампэтэнцыю, разам з тым ён падмануў, злоўжываючы даверам Касьміна», — казала дзяржаўны абвінаваўца.

Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, праз два месяцы, у сакавіку 2014 году, той жа Касьмін зноў зьвярнуўся па «дапамогу» да Іваненкі. Гэтым разам пытаньне тычылася ўратаваньня ад крымінальнай адказнасьці ягонага прыяцеля — таксама грамадзяніна Расеі. Той быў у міждзяржаўным вышуку за махлярства. Калі прыяцель Касьміна прыехаў у Гомель, яго затрымалі і паведамілі пра гэта ў Маскву, каб там выкрасьлілі яго са сьпісаў асобаў, якія ў міждзяржаўным вышуку. За гэтую паслугу Іваненку перадалі чатыры тысячы даляраў і дарагі гадзіньнік коштам 9 мільёнаў рублёў.

Андрэя Касьміна вінавацяць у дачы хабару. Ён на падпісцы пра нявыезд. Прысутнічае на пасяджэньнях у залі. Вячаслаў Іваненка пазбаўлены пасады, але ня звольнены з органаў унутраных спраў.

Паводле гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, мясцовае грамадзтва ўжо звыклася з карупцыяй на Гомельшчыне і выкрываньне высокіх чыноў ня дзівіць людзей:

Калі такія чыны не саромеюцца браць, то што тады казаць пра драбнейшых

«За 2014 год двух намесьнікаў старшыні аблвыканкаму затрымалі за хабар. Раней крыху затрымалі мэра Гомеля Піліпца за хабар, а што якісьці там палкоўнік ці падпалкоўнік узяў чатыры тысячы даляраў ці дарагое віскі, дык гэта ўжо штодзённасьць. Калі такія чыны не саромеюцца браць, то што тады казаць пра драбнейшых, якія князькамі сябе ўяўляюць і сядзяць у скураных фатэлях, а ім нясуць», — выказваецца пра карупцыю на Гомельшчыне Леанід Судаленка.

Пракурор на працэсе сёньня заявіў хадайніцтва аб перапынку для перафармуляваньня абвінавачваньня. Судзьдзя Сяргей Каралёў абвясьціў перапынак на дзесяць сутак. Пасьля прыпыненьня працэсу абвінаваўца сьцьвердзіла, што абвінавачваньні падсудным будуць выстаўленыя тыя самыя. У сваім выступе на судзе пракурор казала пра некарэктна сфармуляванае абвінавачаньне.

Адвакаты падсудных ад камэнтароў адмаўляюцца. Абаронца Іваненкі ў прыватнай гутарцы патлумачыў, што ягоная задача — не нашкодзіць свайму падабароннаму.

XS
SM
MD
LG