Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве спынілася вытворчасьць, у якую ўклалі два мільёны эўра


Цэх па вырабе ўпаковачнай плёнкі

Цэх па вырабе ўпаковачнай плёнкі

Вытворчасьць па вырабе ўпаковачнай плёнкі спынілі на магілёўскім канцэрне «Хімвалакно». Заяўляецца, што гэтая прадукцыя стратная для прадпрыемства. Прызнаецца і факт пралікаў у арганізацыі вытворчага працэсу.

У наладжваньне вытворчасьці плёнкі ў 2011 годзе ўклалі два мільёны эўра і дзесяць мільярдаў беларускіх рублёў інвэстыцыйных сродкаў. Выйсьці на праектную магутнасьць гэтак і не ўдалося. На складзе — амаль паўтарагадовы запас нерэалізаванай прадукцыі.

Праект рэалізоўваўся ў межах праграмы імпартазамяшчэньня.

«Прычыны праблемаў са збытам — неканкурэнтаздольнасьць прадукцыі акцыянэрнага таварыства „Хімвалакно“ на зьнешніх рынках паводле цэнавага фактару, у тым ліку праз значную ўдзельную вагу ў сабекошце імпартнай сыравіны — каля 60 працэнтаў», — падаюць афіцыйныя крыніцы камэнтар супрацоўніцы дзяржкантролю па Магілёўскай вобласьці Яўгеніі Макаравай.

Сярод прычынаў спыненьня вытворчасьці называецца і немагчымасьць поўнай пераналадкі абсталяваньня айчынных вытворцаў прадуктаў харчаваньня для пераходу на ўпаковачную плёнку іншых фарматаў.

Вытворчасьць па вырабе ўпаковачнай плёнкі знаходзілася на тэрыторыі збанкрутаванага і перададзенага на балянс канцэрну «Хімвалакно» заводу штучнага валакна. У 2013 годзе новы ўласьнік намагаўся збыць комплекс вытворчасьці сынтэтычнай плёнкі, які застаўся дзейным пасьля ліквідаваньня заводу.

Пра намеры закрыць сам завод упершыню загаварылі ў студзені 2012 году. Тады гэта называлася рэарганізацыяй. У ліпені 2012 году ў адным з выпускаў рэгіянальных навінаў было заяўлена:

«Структурным падразьдзяленьнем „Магілёўхімвалакна“ стаў завод штучнага валакна. Цяпер усе праблемы гэтага прадпрыемства на плячах гіганта прамысловасьці. Да канца году, лічыць генэральны дырэктар „Хімвалакна“ Сяргей Пузевіч, былы завод штучнага валакна выйдзе на працу з прыбыткам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG