Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве саміт «саюзнай дзяржавы» праходзіў пры ўзмоцненых захадах бясьпекі


Магілёў падчас візыту Дзьмітрыя Мядзьведзева

Магілёў падчас візыту Дзьмітрыя Мядзьведзева

У Магілёве завяршылася пасяджэньне савету міністраў гэтак званай «саюзнай дзяржавы».

У ім бралі ўдзел прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі. Андрэй Кабякоў і Дзьмітры Мядзьведзеў сустракаліся ў гарадзкой ратушы.

Урадоўцы абедзьвюх краін разглядалі «актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвэстыцыйнай, прамысловай, энэргетычнай, культурна-гуманітарнай і іншых сфэрах».

Кіраўнік расейскага ўраду Дзьмітры Мядзьведзеў па выніках перамоваў запэўніваў, што гандлёвы балянс дзьвюх краінаў «у фізычным вымярэньні застаецца стабільным». Беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў прызнаваў «наяўнасьць ня вырашаных пытаньняў па доступе тавараў, працы, паслугаў на рынкі Расеі і Беларусі».

Карэспандэнт БелаПАН Уладзімер Лапцэвіч называе магілёўскі саміт «шараговым пасяджэньнем». Журналіст адзначае, што «лёсавызначальных, прарыўных дамоўленасьцяў на ім не было»:

«Па вялікім рахунку, чыноўнікі як з расейскага, гэтак і беларускага боку не хавалі, што нечага надзвычайнага і не плянавалі прымаць у Магілёве.

Меней чым за гадзіну, як казалі Кабякоў і Мядзьведзеў, было абмеркавана 27 пытаньняў. Асноўныя зь іх — гандлёва-эканамічныя стасункі між Беларусьсю і Расеяй. Прызнавалася, што ў 2015 годзе ў даляравым вымярэньні адбылося зьніжэньне аб’ёмаў узаемнага гандлю. Мядзьведзеў гэта тлумачыў зьніжэньнем коштаў на энэрганосьбіты, аслабленьнем нацыянальных валют. Але, паводле расейскага прэм’ера, сытуацыя выпраўляецца».

Камунальнікі зачыняюць форткі

Камунальнікі зачыняюць форткі

Уладзімер Лапцэвіч чакаў, што на пасяджэньні будзе ўзьнята пытаньне пра цану на газ для Беларусі і завінавачанасьць за яго. Аднак, як заўважае суразмоўца, адказаў на гэтае пытаньне агучана не было:

«У парадку дня нават яго і не было. Хоць акрэдытаваныя на пасяджэньні журналісты чакалі адказаў».

Абмяркоўваліся на пасяджэньні пытаньні фармаваньня адзінай інфармацыйнай прасторы «саюзнай дзяржавы».

Плошча Славы. На заднім пляне — машыны расейскай службы бясьпекі

Плошча Славы. На заднім пляне — машыны расейскай службы бясьпекі

Уладзімер Лапцэвіч заўважае, што казаць пэўна, ці быў дасягнуты прагрэс у гэтым пытаньні, не выпадае, бо заявы наконт гэтага «поўніліся агульнымі словамі»:

«Намесьнік міністра сувязі і камунікацыяў Расеі Аляксей Волін казаў, што інфармацыйная прастора ствараецца не для чыноўніцкіх кабінэтаў, а для грамадзян саюзнай дзяржавы, каб яны, дзе б ні знаходзіліся, атрымлівалі інфармацыю, як разьвіваецца саюзная дзяржава, у якім яна стане. Каб мэдыі саюзнай дзяржавы, дадаваў Волін, больш камунікавалі паміж сабою.

Для мяне як журналіста наагул незразумела, навошта гэтая агульная інфармацыйная прастора. Хто цікавіцца станам „саюзнай дзяржавы“, таму нескладана будзе знайсьці інфармацыю пра яе. Цяпер даволі інфармацыйных крыніц».

Праходзіла пасяджэньне савету міністраў пры ўзмоцненых захадах бясьпекі. Цэнтральную магістраль Магілёва, вуліцу Першамайскую, кантралявалі супрацоўнікі ў цывільным і міліцыянты.

Выезд на плошчу Славы. Нязвыкла пустынная вуліца Першамайская ў дзень саміта

Выезд на плошчу Славы. Нязвыкла пустынная вуліца Першамайская ў дзень саміта

Жыхарам прылеглых да плошчы Славы дамоў было загадана пазачыняць вокны і форткі. Фатаграфаваць картэж Мядзьведзева забаранілі, спасылаючыся на загад расейскай службы бясьпекі. Тых, хто прыйшоў на плошчу пабачыць расейскага госьця, папярэджвалі, каб не рабілі рэзкіх рухаў.

Стаянкі на вуліцы Першамайскай заблякаваныя

Стаянкі на вуліцы Першамайскай заблякаваныя

XS
SM
MD
LG