Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У магілёўскія кнігарні вярнуліся глёбусы з «расейскім Крымам»


Глёбусы, на якіх Крым пазначаны як частка Расейскай Фэдэрацыі, выстаўлены ў вітрыне магілёўскай кнігарні «Думка». На цэньніках пазначана, што яны вырабленыя ў Расеі. Глёбусы стаяць так, каб не было відаць паўвострава.

У кнігарні адмовіліся тлумачыць зьяўленьне «новай партыі глёбусаў».

На пачатку чэрвеня падобную прадукцыю пачалі былі прыбіраць з продажу. Упраўленьне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму «рэкамэндавала гарадзкім субʼектам гандлю пазьбягаць продажу палітычных мапаў сьвету і глёбусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасьць Крыму адрозьніваецца ад агульнапрызнанай сусьветнай супольнасьцю».

Зьняцьце з продажу глёбусаў польскай вытворчасьці з «расейскім Крымам» выклікала нэрвовую рэакцыю ў Расеі. «Беларусам забаранілі набываць польскія глёбусы з Крымам у складзе Расеі», — з такім загалоўкам выйшаў матэрыял у «Маскоўскім камсамольцы». Выданьне зазначае: «на продаж „няправільных“ глёбусаў паскардзіліся беларускія апазыцыянэры».

На глёбусы з «расейскім Крымам» паскардзіўся намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў ​. На паведамленьне, што такія глёбусы зноў зьявіліся ў магілёўскіх кнігарнях устрымаўся ад камэнтаў. Партыец патлумачыў, што ён мусіць прадумаць тое, як мусіць дзейнічаць у новых варунках.

Ранейшыя глёбусы з «Расейскім Крымам» былі вырабленыя ў Польшчы. Гэтая навіна выклікала дыскусію ў польскіх мэдыях.

XS
SM
MD
LG