Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывісты шэрагу грамадзкіх арганізацый і рухаў ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Гэта традыцыйная акцыя, якую актывісты дэмакратычнага руху ладзяць 29 дня кожнага месяца, пачынаючы з 2007 году.

Каля двух дзесяткаў чалавек зачыталі частку імёнаў закатаваных, якія ўдалося знайсьці дасьледчыкам гісторыі сталінскіх рэпрэсій. Гэтым разам былі зачытаныя імёны ста закатаваных: беларусаў і палякаў, сялянаў і працоўных. Прычынамі раcстрэлаў названыя ў асноўным шпіянаж і шкодніцтва, а таксама неданясеньне на суседзяў і сваякоў. Памяць закатаваных удзельнікі акцыі ўшанавалі хвілінай маўчаньня і малітвай.

Таксама актывісты паставілі свае подпісы пад зваротам грамадзянаў да ўраду краіны. У звароце яны нагадваюць чыноўнікам, што дагэтуль ня выканая дзяржаўная пастанова ад 1989 году аб ушанаваньні месца масавых рэпрэсій. Што Курапаты — гісторыка-культурная каштоўнасьць І катэгорыі, але яе даглядаюць і парадкуюць грамадзкай «талакой».

У звароце грамадзяне таксама нагадваюць, што ад 2007 году чакаюць ад уладаў прызначэньня 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на знак памяці пра масававы растрэл прадстаўнікоў беларускай інтэлегэнцыі 29 кастрычніка 1937 году і на знак памяці ўсіх закатаваных. Актывісты прынялі рашэньне зьбіраць подпісы пад зваротам да ўраду падчас такіх акцый 29 чысла і штомесяц дасылаць яго ўладам, пакуль патрабаваньне ня будзе выкананае.

Падчас акцыі слова браў нашчадак палітрэпрэсаваных, грамадзкі актывіст Ільля Копыл, які распавёў гісторыю сваёй сям’і і пра лёс расстраляных аднавяскоўцаў. Скульптар Алесь Цыркуноў паведамў, што неўзабаве ў Курапатах паўстане крыж у памяць вядомага грамадзкага і палітычнага дзеяча Вацлава Ластоўскага.

Цягам акцыі за яе ўдзельніамі сачылі міліцыянты, схаваўшыся за курапацкімі крыжамі. Пры гэтым, як актывісты адзначылі ў сваім звароце, шматлікія выпадкі вандалізму ў Курапатах засталіся не раскрытымі.

На завяршэньне ўдзельнікі акцыі памяці паставілі каля крыжоў запаленыя зьнічы і прасьпявалі малітоўны гімн «Магутны Божа».

Фотарэпартаж вялікім памерам

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG