Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнікі аграсядзібаў атрымалі тры гадзіны, каб «здаць» міліцыі інфармацыю пра замежнага турыста


Гэта стане іхным абавязкам ад 1 кастрычніка 2017 году. Да таго часу яны маюць на інфармаваньне міліцыі суткі.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях вымушанай міграцыі», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Ад 1 кастрычніка 2017 году зьмяняецца з адных сутак да трох гадзін тэрмін, на працягу якога арганізацыі, суб’екты аграэкатурызму і індывідуальныя прадпрымальнікі, што даюць жылыя памяшканьні для пражываньня іншаземцам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, абавязаныя інфармаваць органы ўнутраных спраў аб такіх іншаземцах. «Гэтая зьмена скіраваная на арганізацыю нацыянальнай бясьпекі, выяўленьне асоб, якім забаронены ўезд у Беларусь, а таксама тых, хто знаходзіцца ў міжнародным вышуку», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы.

«Палажэньні закону скіраваныя на аптымізацыю працэдур прадстаўленьня статусу ўцекача, дадатковай абароны і прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама актуалізацыю міграцыйнага заканадаўства з улікам практыкі яго прымяненьня і патрабаваньняў міжнародных дагавораў, удзельніцай якіх зьяўляецца Беларусь».

У прыватнасьці, прадугледжваецца, што будзе ўдасканалены парадак прадстаўленьня прытулку. Уводзіцца адзіная працэдура прыёму і разгляду дакумэнтаў, у выніку чаго будзе скарочаны тэрмін разгляду заяў іншаземцаў, якія выказалі жаданьне скарыстацца абаронай. Як правіла, ён ня будзе перавышаць паўгоду.

Іншаземцы, якія атрымалі прытулак у Беларусі, будуць мець тыя ж правы, як і тыя, каму нададзены статус уцекача.


Акрамя таго, органам памежнай службы дадуць паўнамоцтвы прымаць ад іншаземцаў на дзяржаўнай мяжы хадайніцтвы аб атрыманьні статусу ўцекача, дадатковай абароне і прытулку ў Беларусі.

Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 28 чэрвеня сёлета і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 30 чэрвеня. За выключэньнем асобных палажэньняў, закон уступае ў сілу 1 ліпеня 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG