Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Караткевіч і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў супалі погляды


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Экс-кандыдат у прэзыдэнты правяла 13-ю сустрэчу ў камісіях Палаты прадстаўнікоў.

Кіраўнікі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў і кандыдат эканамічных навук, экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Пётар Мігурскі сустрэліся са старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Віктарам Шчацько.

Гэта была 13-я, перадапошняя з сустрэч ва ўсіх парлямэнцкіх камісіях, апошняя адбудзецца ўжо ў сакавіку, — сказаў Свабодзе спадар Дзьмітрыеў:

«Сэнс такіх паходаў — у атрыманьні актуальнай інфармацыі. Наш галоўны вывад такі: многія з суразмоўцаў разумеюць, пра што мы гаворым, і сапраўды перажываюць за справу. Але яны не разумеюць, чым роля дэпутатаў адрозьніваецца ад ролі чыноўнікаў. У выніку дэпутаты амаль заўсёды пагаджаюцца з выканаўчай уладай, а не адстойваюць сваю пазыцыю.

Таму мы будзем дамагацца таго, каб беларускі парлямэнт стаў менавіта парлямэнтам — месцам, дзе ідуць публічныя дыскусіі і дзе павінна фармавацца палітыка».

«Гутарка ў аграрнай камісіі атрымалася прадуктыўнай, шмат па якіх пытаньнях нашы пазыцыі супадаюць, — гаворыць Пётар Мігурскі. — Тым ня менш наш урад недастаткова разумее ролю малых, фэрмэрскіх і падсобных гаспадарак у аграрным сэктары. Яны займаюць 9% сельгасугодзьдзяў, а даюць 22% валавой прадукцыі, што сьведчыць пра іх эфэктыўнасьць. Вядома ж, стаўка павінна рабіцца на буйнатаварныя вытворчасьці, але мы пакуль ня бачым напрацовак, як іх зьбіраюцца адаптаваць да рынкавых умоваў».

Па словах Тацяны Караткевіч, на сустрэчы таксама ўздымалася пытаньне аб празрыстасьці інвэстыцыяў у сельскую гаспадарку. Віктар Шчацько паведаміў, што за 20 гадоў з аграрнай гаспадаркі дзяржава «выкачала» 81 мільярд даляраў.

«Магчыма, частка гэтых грошай пайшла на патрэбныя мэты, — кажа спадарыня Караткевіч. — Але ж мы таксама бачым і пустыя аграгарадкі. Уражаньне, як быццам усё гэта зроблена толькі дзеля справаздачнасьці. Таму мы хочам дакладна ведаць, на што канкрэтна ідуць бюджэтныя грошы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG