Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горках затрыманых пэнсіянэрак адпусьцілі і выбачыліся


Дзьве гадзіны прабылі ў аддзеле ўнутраных спраў Горацкага райвыканкаму дзьве мясцовыя пэнсіянэркі Тацяна Кірыенка ды Марыя Сяргеева. Як сьцьвярджаюць кабеты, іх затрымаў міліцыянт па ананімным тэлефанаваньні.

Заявіў, што яны падобныя да жанчын, якія займаліся «агітацыяй да выбараў». У міліцыі гэты факт ня быў пацьверджаны, і затрыманых адпусьцілі з выбачэньнямі.

Паводле Тацяны Кірыенкі, яе і сяброўку затрымалі ў парку, калі яны былі на шпацыры. На службовай машыне завезьлі ў міліцыю, дзе доўга вадзілі па кабінэтах, ня ведаючы, што зь імі рабіць.

«Казалі, што мы падобныя да дзьвюх жанчын, якія праводзяць агітацыю наконт выбараў. Але ў нас такіх словаў нават няма ў лексыконе. Якія выбары?» — апавядае пра затрыманьне Тацяна Кірыенка.

«Ніякіх папераў у нас не было. Была тлумачальная, у якой мы давялі, што былі ў паліклініцы на лячэньні і гэта можна пацьвердзіць. Мы дужа абураліся, бо для нас гэты інцыдэнт непрыемны — мы паважаныя людзі. Зьняважылі нас дужа добра. Я так і сказала, у Горках абвешчана паляваньне на старых. „Чаму, казалі мы, павінны цярпець такое ад хлапца, які нас сюды прывёз?“ Мы змусілі праз падпалкоўніка, каб гэты міліцыянт Фірсін перад намі выбачыўся. Падпалкоўнік прымусіў яго».

Паводле спадарыні Кірыенкі, ейнай сяброўцы ў міліцыі стала кепска, і там доўга шукалі, у чым ёй прынесьці вады. Урэшце прынесьлі збанок з вадой. Сардэчных прэпаратаў у міліцыі таксама не было, кажа кабета. Міліцыянты прапанавалі выклікаць хуткую дапамогу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG