Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адкапалі сьцены першай цаглянай царквы на тэрыторыі ВКЛ


Гісторык Андрэй Вашкевіч каля знойдзеных развалінаў Ніжняй царквы
Гісторык Андрэй Вашкевіч каля знойдзеных развалінаў Ніжняй царквы

Добра захаваныя разваліны Ніжняй царквы, пабудаванай у сярэдзіне ХІІ стагодзьдзя, цяпер адкапаныя і схаваныя ў дашчаным павільёне, каб стаць прынадай для турыстаў.

Лічыцца, што за стагодзьдзе ўзровень зямлі на замкавым падворку падвышаўся на мэтар, кажа гісторык Андрэй Вашкевіч. Стары замак у Горадні — не выключэньне. Як ні стараліся выносіць сьмецьце за сьцены, усё роўна будучы культурны слой, пра які мараць археолягі, за паўстагодзьдзя вырастаў на пяць мэтраў.

Крыху ніякавата ўсьведамляць, што некалі на дзядзінцы Старога замку пад нагамі была царква, нават дзьве. Дакладней, тое, што ад іх засталося — падмуркі, частка сьценаў. Так было яшчэ сто гадоў таму, пакуль у 1930-х гадах не пачаліся першыя раскопкі. Яны працягнуліся пасьля вайны, былі скончаныя ў 1949 годзе.

За сьценамі Старога замку ў Горадні разваліны падземнай царквы ХІІ стагодзьдзя
За сьценамі Старога замку ў Горадні разваліны падземнай царквы ХІІ стагодзьдзя

Сёньня знойдзеныя разваліны Ніжняй царквы схаваныя ў дашчаным павільёне, частка даху якога шкляная. Наведнікі мусяць спускацца па прыступках у дол, каб агледзець раскапаныя сьцены, якія месцамі вышэй за чалавечы рост.

Камяні ў сьценах

Што можна сказаць наконт часу пабудовы Ніжняй царквы? І чаму яна апынулася пад нагамі жыхароў княскага замку? Як і чаму яна была разбураная? Гісторык Андрэй Вашкевіч паведамляе тое, што стала вядома дасьледчыкам храма:

«Мы ведаем, што яна была пабудаваная недзе ў сярэдзіне ХІІ стагодзьдзя. Хутчэй за ўсё, гэта быў першы мураваны храм у Горадні. І яна была скончана: у яе быў дах, унутранае аздабленьне. Ці адбываліся службы? Хутчэй за ўсё, так. Але ёсьць згадка ў летапісах пра тое, што замак у Горадні пагарэў у навальніцу ад маланкі, у тым ліку згарэла царква (або цэрквы). І мы таксама ведаем, што гэты храм перацярпеў пажар. Археолягі знайшлі кавалак расплаўленага звана. І расплаўленыя кавалкі сьвінцовага пакрыцьця даху. Але ёсьць меркаваньне, што храм пачаў бурыцца яшчэ да пажару. Таму што ў яго сьценах былі трэшчыны. Дойліды не ўлічылі асаблівасьці клімату, больш суровага, чым у паўднёвых землях. Умураваныя ў сьцяну камяні разрывалі яе ўзімку, калі туды трапляла вада. Калі паглядзець цяпер на сьцяну ў разрэзе, то бачна, што яны ўмураваныя ўглыб. Хутчэй за ўсё, гэта рабілася дзеля эканоміі цэглы».

Сьцены Ніжняй Царквы
Сьцены Ніжняй Царквы

Значыць, храм прастаяў адносна нядоўга, разбурыўся, як вынікае з дадзеных, даступных сёньня гісторыкам і археолягам. Выходзіць, што яго не зруйнавалі, што заваёўнікі тут ні пры чым. Такая на цяперашні час выснова навукоўцаў. Самай старой гарадзенскай царкве не пашанцавала. Усярэдзіну паскідалі часткі разбураных сьценаў, кажа Андрэй Вашкевіч:

«І недзе ў ХІІІ стагодзьдзі тырчэлі толькі кавалкі сьценаў. І, хутчэй за ўсё, яны выкарыстоўваліся як агароджа для невялікіх могілак. Бо ўнутры знойдзены пахаваньні, прычым людзей высокапастаўленых, бо знойдзеныя срэбныя і залатыя ўпрыгожаньні. І паступова храм пайшоў пад зямлю».

Другая царква зьверху на першай

А бліжэй да канца ХІІІ стагодзьдзя была пабудаваная Верхняя царква, распавядае Андрэй Вашкевіч. Яна стаяла зьверху на Ніжняй. Як лічыць літоўскі дасьледчык Левандаўскас, які выдаў цяпер кнігу «Гісторыя мураванага дойлідзтва Літвы», Верхняя царква — адзін з самых старых, а можа і самы стары мураваны будынак ужо эпохі ВКЛ на ўсёй тэрыторыі княства. Ад яе засталіся таксама падмуркі і невялікія кавалкі сьценаў. Але падчас раскопак, каб дабрацца да Ніжняй, іх дэмантавалі, і цяпер яны замкнёныя ў асобным павільёне.

Андрэй Вашкевіч паказвае плінфу – тонкую вузкую цэглу, якая выкарыстоўвалася пры будаўніцтве Ніжняй царквы
Андрэй Вашкевіч паказвае плінфу – тонкую вузкую цэглу, якая выкарыстоўвалася пры будаўніцтве Ніжняй царквы

Мы ня ведаем, у гонар якіх сьвятых яны былі асьвечаныя, зазначае Андрэй Вашкевіч. Гісторык удакладняе:

«Верхняя зьявілася ў 70–80-я гады ХІІІ стагодзьдзя. Гэта азначае: як мінімум праз сто зь лішкам гадоў пасьля Ніжняй. Гэта ўжо іншая гістарычная эпоха, складаньне ВКЛ. Досыць цёмныя гады. Таму што ёсьць такі пэрыяд ХІІІ стагодзьдзя, калі мы ўвогуле амаль нічога ня ведаем пра лёсы гарадзенскіх князёў і гораду. Пры якіх абставінах яна зьнікла, таксама вельмі цяжка меркаваць. Сам Стары замак па-ранейшаму быў драўляны, а царква была адным з паасобных яшчэ мураваных будынкаў. Я думаю, што яна яшчэ мела функцыі абарончыя, як апошняе месца, дзе можна было зачыніцца і яшчэ крыху трымацца падчас аблогі. Магчыма, яе ліквідавалі ў канцы ХІV стагодзьдзя, калі Вітаўт перабудоўваў замак, а можа й пазьней.

Сёньня меркаваньні гісторыкаў, археолягаў разыходзяцца на прадмет таго, якія мураваныя пабудовы былі ў Старым замку на пачатку ХV стагодзьдзя. На традыцыйных рэканструкцыях малююцца сьцены, вежы і палац, але, хутчэй за ўсё, яго не было, а былі толькі вежы і сьцены. А сам палац паўстаў толькі пры Стэфану Баторыі, у канцы ХVІ стагодзьдзя. І гэта на сёньняшні момант найбольш распаўсюджаны пункт гледжаньня», — падкрэсьлівае Андрэй Вашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG